Раней Арбітражны суд Масквы двойчы адхіліў патрабаваньне Siemens накласьці арышт на чатыры турбіны, якія былі пастаўленыя на паўвостраў у 2017 годзе ў парушэньне санкцый Эўразьвязу. Нямецкі канцэрн таксама патрабаваў спыніць мантаж турбін, які ўжо вядзецца расейскім бокам, і забараніць любыя зьдзелкі з гэтым абсталяваньнем. Расейскі ж бок сьцьвярджае, што турбіны, дастаўленыя ў Крым, былі набыты на «другасным рынку».
Пра пастаўку чатырох газавых турбін Siemens для цеплавых электрастанцый, якія будуюцца ў Сэвастопалі і Сымфэропалі, стала вядома ў пачатку ліпеня. Пасьля гэтага канцэрн спыніў пастаўкі абсталяваньня расейскім кампаніям, якія падкантрольныя Крамлю, а Эўразьвяз пашырыў санкцыі ў дачыненьні да Расеі.