Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзедаўшчына ў Парку Юрскага пэрыяду


Дзедаўшчына дасталася арміі РБ у спадчыну ад савецкай (мэнтальна і па сутнасьці расейскай) арміі. Але тое, што адбылося ў Печах – не дзедаўшчына.

Мне цяжка ўявіць, што думае сёньняшні навабранец, які трапляе ў армію РБ. Каму і чаму ён будзе служыць, каго і ад чаго абараняць. НАТО – верагодны праціўнік, але ўсё самае жаданае, што ведае ў жыцьці гэты маладзён – адтуль, з краінаў НАТО. Гаджэты, музыка, стыль паводзінаў і адзеньня, вечарынкі, фільмы… Усе ягоныя захапленьні. Беларусі ён, як правіла, ня ведае і ў прынцыпе асабліва не аддзяляе яе ад Расеі, якой толкам ня ведае таксама. І вось такі ўпакаваны «натавец» трапляе ў цалкам савецкі вінтажны антураж. Парк Юрскага пэрыяду. Увечары, калі ўся рота легла ў ложкі, яго ставяць на тумбачку і ён звонкагалоса дэклямуе: «Дембель стал на день короче. Старикам спокойной ночи!»

Прыблізна так пачыналася дзедаўшчына ў савецкай арміі. Пасьля магло быць хрэстаматыйнае: абслугоўваньне «дзедушкі» (памыць яму анучы, згатаваць каву, надраіць спражку), усе віды прыборкі, аж да чысткі клязэта зубной шчоткай. Бывалі і фізычныя зьдзекі, грошы таксама адбіралі. Усё гэта магло быць, а магло і ня быць. Мяне асабіста абмінула. Але і ў частках, у якіх я служыў, выпадкаў зьдзеку і рабаваньня не было. Ня кажучы пра забойства ці самагубства.

Ня кажучы пра ўдзел прапаршчыкаў і афіцэраў.

Дзедаўшчыну нараджае ўнутрысалдацкая ерархія. Ініцыятары заўсёды – старэйшыя салдаты, якім спрыяюць або не спрыяюць сяржанты. Нешта падобнае часам адбываецца ў хоры хлопчыкаў ці юніёрскай футбольнай камандзе. Паўсюль ёсьць рызыка абвастрэньня адносінаў. За гэтым сочыць і кантралюе сытуацыю старэйшы. У войску гэта прапаршчык і афіцэр. Яны па вызначэньні ўдзельнічаць у дзедаўшчыне ня могуць. Прынамсі так было ў савецкія часы.

У арміі РБ, аказалася, могуць. Толькі (і таму) гэта ўжо не дзедаўшчына. Падазраю, што гэта і ня армія. Прапаршык і афіцэр – людзі на зарплаце, на поўным дзяржаўным забесьпячэньні, з кучай льготаў і прэфэрэнцыяў – вымагаюць у салдата грошы за знаходжаньне яго ў арміі. Пра такое я чытаў хіба што ў блогера Лапшына. Але блогер апісвае турму.

Прапаршчык і афіцэр учыняюць цяжкае злачынства – забойства ці давядзеньне да самагубства праз вымагальніцтва. І ад таго, што робяць яны гэта рукамі падначаленых ім «дзядоў», злачынства ніякім бокам не становіцца дзедаўшчынай, якая сама па сабе злачынствам не зьяўляецца. «Дзяды» тут толькі інструмэнт, гэта ня іхная ініцыятыва.

Дзедаўшчына можа быць крыўднай і бяскрыўднай, але яна ня можа быць крыміналам. Дакладней, ёю нельга называць крымінал. Інакш гэта падмена паняткаў і наўмыснае ці несьвядомае пакрываньне злачынцаў.

У нядаўніх вулічных апытаньнях для розных СМІ гучалі таксама і галасы, якія апраўдваюць дзедаўшчыну, знаходзячы ў ёй карысныя элемэнты сацыяльнай адаптацыі і выхаваньня «сапраўдных мужчын». У народзе і праўда ёсьць такое меркаваньне. Але пры гэтым нагодай для журналісцкіх апытаньняў была сьмерць Аляксандра Коржыча ў Печах.

То бок, называючы гэтую гібель вынікам дзедаўшчыны, людзі міжволі апраўдваюць і яе (гібель). Вось ужо і міністар Шуневіч называе гэты выпадак дзедаўшчынай. І праваабаронцы.

Пасьля шуму вакол трагедыі Коржыча аказалася, што падобных прыкладаў крыміналу ў гэтым войску шмат.

Не паварочваецца язык назваць армію РБ беларускай. Няма там ні сваіх беларускіх традыцый, ні сваёй беларускай дактрыны, таму і сваёй беларускай пэрспэктывы ў сучасным сьвеце ў яе няма. Яна так і засталася кавалкам савецкай (мэнтальна і па сутнасьці расейскай) арміі, які згубіўся ў прасторы і часе і месцамі ўсё часьцей нагадвае турму.

Абсурд сытуацыі ў тым, што ў турме могуць сядзець вінаватыя і невінаватыя. А ў арміі РБ сядзяць, выконваючы свой канстытуцыйны абавязак.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG