Падрабязна ён расказаў пра ход сьледзтва гібелі ў вайсковай частцы ў Печах салдата Аляксандра Коржыча.
Сьледчы камітэт: на целе Коржыча не было іншых пашкоджаньняў, акрамя сьледу ад пятлі
Пра справу аўтараў артыкулаў на расейскім сайце Regnum Наскевіч паведаміў:
«Мы закончылі расьсьледаваньне. Калі я не памыляюся, 17-га кастрычніка пракурор Менску перадаў усю справу ў Менскі гарадзкі суд. Абвінавачаньні выстаўленыя тром чалавекам, прычым справа аднаго зь іх, а менавіта Баранчыка, вылучаная асобна. Расейскі бок нам яго ня выдаў».
Юрыя Баранчыка сёлета ў сакавіку затрымалі ў Маскве на запыт беларускага боку ў справе аб распальваньні варожасьці, у межах якой летась былі арыштаваныя тры аўтары Regnum. Але ў Менск яго не дэпартавалі і адпусьцілі.
Калегі Баранчыка — выкладчык Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту інфарматыкі і радыёэлектронікі Юры Паўлавец, школьны вартаўнік Дзьмітры Алімкін і рэдактар часопісу «Новая эканоміка» Сяргей Шыптэнка — былі затрыманыя на пачатку сьнежня летась. Ім выставілі абвінавачаньне паводле часткі 1 артыкулу 130 Крымінальнага кодэксу (распальваньне варожасьці). Паволе гэтага артыкулу ім пагражае штраф, альбо да шасьці месяцаў арышту, альбо абмежаваньне ці пазбаўленьне волі тэрмінам да пяці гадоў.