Пра Аляксандра Коржыча
«Сьледзтва па справе служачага Аляксандра Коржыча знаходзіцца ў разгары. Створаная спэцыяльная сьледчая група, штодня 15-20 сьледчых вядуць гэтую працу. Разглядаюцца тры асноўныя вэрсіі: самазабойства, давядзеньне да самазабойства і наўмыснае забойства. Прэвалюючай вэрсіі дагэтуль няма. У рамках крымінальнай справы абвінавачаньні прад’яўленыя 13 асобам.
Мы імкнемся весьці гэтую справу максымальна адкрыта і як толькі прыйдзем да высновы, якая з трох вэрсіяў зьяўляецца галоўнай, мы абавязкова паведамім пра гэта журналістам. Магчыма нават праз спэцыяльны брыфінг.
Я хачу вам сёньня сказаць, што мы ўжо маем матэрыялы мэдэкспэртызы. На целе салдата ня знойдзена ніводнага цялеснага пашкоджаньня, акрамя баразны на шыі ад вяроўкі. І калі ў інтэрнэце некаторыя пішуць, што на ім не было жывога месца, то гэта экспэртыза не пацьвярджае. Гэта не сьляды пабояў, а сьляды пасьмяротных зьменаў на целе чалавека».
Пра іншыя справы ў вайсковых частках
«Пасьля таго, як стала вядомай гісторыя з Аляксандрам Коржычам, Сьледчы камітэт запатрабаваў усе справы, зьвязаныя з армейскім жыцьцём, якія выклікалі магчымае самазабойства альбо іншыя сур’ёзныя наступствы для дадатковай праверкі. Чаму мы ўзялі менавіта 6 апошніх год? Таму што столькі год працуе Сьледчы камітэт. Я не выключаю, што некаторыя рашэньні пра спыненьні спраў, якія былі прынятыя, цяпер могуць быць адмененыя, і мы будзем глядзець на іх зь іншага пункту гледжаньня, чым гэта было раней. Цяпер людзі, якім было складана ў арміі, загаварылі. У іх іншы настрой, і мы павінны ў гэтым абавязкова разабрацца».
***
3 кастрычніка цела салдата тэрміновай службы Аляксандра Коржыча знайшлі ў падвале вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Паводле праверкі, якую правялі ў вайсковай частцы, прычынай сьмерці салдата нібыта стаў суіцыд. Але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў. Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве.
13 кастрычніка Сьледчы камітэт выступіў з афіцыйнай заявай для прэсы.
Паводле прадстаўніка Сьледчага камітэту Сяргея Кабаковіча, цела Коржыча каля 17-й гадзіны 3 кастрычніка знайшлі «ў пятлі з мацерчатай папругі для штаноў, прымацаванай свабодным канцом да мэталічнай арматуры пад стольлю склепа, зь перавязанымі шнурком абутку нагамі і надзетай на галаву майкай».
Яшчэ ў верасьні Коржыч быў у мэдчастцы з вострай рэсьпіраторнай інфэкцыяй, і тады яго аглядаў псыхіятар. Дыягназ быў «здаровы». Пасьля таго, як Коржыча выпісалі 26 верасьня, зьвестак пра яго далейшае месцазнаходжаньне ў сьледчых няма.
Супраць старшыны роты, які скраў з карткі Коржыча ня менш за 150 рублёў і рабіў плацяжы «бязь ведама ўладальніка ў асабістых мэтах у крамах і кавярнях Барысава», распачалі крымінальную справу аб махлярстве. Сяржанты з вайсковай часткі праходзяць падазраванымі ў справе аб нестатутных адносінах, таксама «прымаюцца рашэньні аб іх затрыманьні».
Папярэдне разглядаюцца вэрсіі давядзеньня да самагубства празь «дзедаўшчыну», зьдзекі, гвалт, вымаганьне ці адбіраньне асабістых рэчаў і грошай; забойства з асабістых або карысьлівых матываў або праз «валоданьне зьвесткамі, якія кампрамэтуюць іншых вайскоўцаў»; самагубства праз псыхалягічную траўму або нежаданьне служыць.
Адразу па здарэньні прэсавы сакратар Мінабароны Ўладзімер Макараў назваў «чуткамі і домысламі» сумневы родных і сяброў загінулага ў Печах салдата Аляксандра Коржыча ў тым, што хлопец учыніў суіцыд. Цяпер сытуацыя вакол гібелі салдата на «жорсткім кантролі» ў Аляксандра Лукашэнкі.
14 кастрычніка стала вядома, што ў сувязі са справай Аляксандра Коржыча з Узброеных сіл звольненыя чатыры службовыя асобы. Пра гэта паведаміў прэсавы сакратар Міністэрства абароны Беларусі палкоўнік Уладзімер Макараў.
«Загадам міністра абароны адхіленыя ад займаных пасадаў 5 службовых асоб 72-га Аб’яднанага навучальнага цэнтру, 4 службовыя асобы звольненыя з Узброеных сіл».
Раней паведамлялася, што міністар абароны адхіліў ад пасад камандзіра і шэраг службовых асобаў камандаваньня вайсковай часткі, дзе сёлета 3 кастрычніка знайшлі павешаным радавога Коржыча.