Сям’я загінулага ў сакавіку Арцёма Басьцюка была на прыёме ў Міністэрстве абароны за чатыры месяцы да гібелі Аляксандра Коржыча.
Як паведаміла Свабодзе Тацьцяна Басьцюк, яна разам з мужам была на прыёме ў Мінабароны ў траўні.
«Мы былі там разам з мужам. Расказалі пра ўсё, што ведалі ад сына. Пра тое, як спрабавалі размаўляць з камандзірам часткі. На сустрэчы прысутнічаў асабіста міністар абароны, яго намесьнікі. Чалавек 15 там было. Сакратары ўсе нашы словы запісвалі. Міністар абароны нам паабяцаў ва ўсім разабрацца», — расказала Тацьцяна Басьцюк.
25-гадовы Арцём Басьцюк быў 31 сакавіка знойдзены павешаным на тэрыторыі вайсковай часткі № 25849, што месьціцца побач з вайсковым гарадком Печы ў Барысаве. Паводле родных, за некалькі тыдняў да сьмерці ён у прысутнасьці бацькоў называў камандзіру імёны і прозьвішчы тых вайскоўцаў, якія аказвалі на яго ціск. 12 кастрычніка Сьледчы камітэт паведаміў, што справа аб сьмерці Басьцюка закрытая за недахопам доказаў.
3 кастрычніка ў склепе мэдычнай роты ў Печах быў знойдзены павешаным 21-гадовы Аляксандар Коржыч, які праходзіў тэрміновую службу.