Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нацыяналізм, які нельга палюбіць ці ўзьненавідзець


Сяргей Дубавец
Сяргей Дубавец

Сустрэў сёньня ў стужцы чарговы раз паўторанае «ненавіджу нацыяналізм».

Гэта тое самае, што ненавідзець, да прыкладу, малаток. Вядома, малатком можна забіць, а можна забіць цьвік і зрабіць яшчэ мноства карысных рэчаў. А калі ненавідзіш, выходзіць, выкінь, не карыстайся, забівай цьвік кулаком.

Нацыяналізм – усьвядомленая прыналежнасьць да свае нацыі і больш нічога. Менавіта нацыяналізм выхоўвае ў чалавеку такую рысу характару як чалавечая годнасьць і робіць нацыю суб’ектам дачыненьняў. Інакш кажучы, не дазваляе нам быць рабамі, а нашай культуры, мове, традыцыі – кануць у лету пад асыміляцыйным наступам іншага нацыяналізму.

Карыстацца сваім нацыяналізмам нас адвучылі ў савецкія часы. Хоць пасыл быў яшчэ далёка дасавецкі. «Славянские ль ручьи сольются в русском море? Оно ль иссякнет? вот вопрос». То бок усё адно нацыяналізм, толькі не беларускі, а расейскі. У савецкія часы расейскі сталі называць інтэрнацыянальным, хоць усе разумелі, пра што гаворка. Беларусы ў масе сваёй – моцна русіфікаваная нацыя, але ніякае ролі ў стварэньні і зьберажэньні расейскай культуры і мовы ня гралі, ня граюць і граць ня могуць. Яны карыстаюцца гэтым багацьцем як утрыманцы, не адчуваючы пры гэтым сораму і згрызотаў сумленьня, бо ня маюць чалавечае годнасьці.

Дзьмітры Растаеў, а гэта ён «не выносіць нацыяналістаў», блогер, нібыта, разважлівы, а да таго ж паэт. Таму мне была цікавая яго аргумэнтацыя.

Не выношу националистов. Любых. Что русских, что белорусских, что каталонских... Не припомню случая, чтобы национализм дал человечеству что-нибудь кроме трясучки и смуты.

Националисты - люди с лицом, обращённым в прошлое. Воители, норовящие выиграть давно отгремевшие битвы. Но воюя с прошлым, они проигрывают настоящее и теряют будущее.

Не говоря уж о том, что под курчавой овчинкой национальной аллилуйщины обычно скрываются жирные наросты шкурных интересов. «Зачем нам делить наши порты и наши курорты со всей остальной Испанией? Давайте отколемся и заживём как по маслу без этих нахлебников!»

Грустно.

Пакінем у спакоі каталёнцаў. Мяне тут цікавіць беларускі нацыяналізм. Якую «трясучку і смуту» ён прынёс – стараюся прыгадаць. Зь яго дапамогай беларусы абвясьцілі сваю незалежную дзяржаву, у якой жывуць дагэтуль. То бок дасягнулі вышэйшае фазы існаваньня нацыі, збудавалі свой нацыянальны дом. Ня ўсё ў гэтым доме беларускае, вельмі шмат утрыманскага. Хоць бы і тыя ж расейскія тэлеканалы, якія штодня «з гумарком» прамываюць мазгі мільёнам беларусаў. Але сам дом ёсьць.

Што далей? Далей было татальнае вынішчэньне нацыянальнай інтэлігенцыі. Неўзабаве мы адзначым 80-я ўгодкі страшнай ночы 29 кастрычніка, калі былі расстраляныя больш за сто гэтых самых беларускіх нацыяналістаў. Пасьля вайны нацыяналізм надоўга схаваўся ў культуры, даўшы беларусам выдатных пісьменьнікаў, мастакоў, музыкаў. Іх твары сапраўды часьцяком былі зьвернутыя ў мінулае. Дастаткова назваць Уладзімера Караткевіча, на творах якога вырасьлі пакаленьні ня пашпартных, а ўсьвядомленых беларусаў.

Трыюмфам беларускага нацыяналізму стала стварэньне Рэспублікі Беларусь. Думаю, ня трэба даводзіць, што без нацыяналістычнай фракцыі БНФ у Вярхоўным Савеце гэтага б не адбылося. Прычым «шкурныя інтарэсы» там калі й прысутнічалі, дык з боку камуністаў, якія трымаліся за ўладу, але пры тым пляваць хацелі і на Беларусь, і на беларусаў, і на будучыню.

Асабіста я перакананы, што менавіта адсутнасьць нацыяналізму не дае беларусам выйсьці з аўтарытарнага застою, які доўжыцца ўжо чвэрць веку. Свой дом патрабуе пастаяннага рамонту і ўдасканаленьня. А без малатка тут як бяз рук.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG