Беларусь і Расея даюць вычарпальныя адказы на ўсе пытаньні з нагоды сумесных вучэньняў «Захад-2017». Пра гэта сёньня заявіў журналістам на 227-м агульнавайсковым палігоне (Барысаўскім) дзяржаўны сакратар «саюзнай дзяржавы» Рыгор Рапота, перадае БелТА.
Паволе яго, Беларусь і Расея зрабілі ўсё магчымае, каб вучэньні «Захад-2017» ня сталі фактарам ваенна-палітычнага раздражненьня.
Ён зазначыў, што, «калі Беларусь і Расея стварылі рэгіянальную групоўку войскаў, яна павінна быць боегатовая». Для гэтага праводзіцца сэрыя вучэньняў рознага ўзроўню, цытуе Рапоту БелаПАН.
Чыноўнік таксама дадаў, што ў межах Саюзнай дзяржавы дзейнічае шэраг сумесных праграм, накіраваных у тым ліку на забеспячэньне дзейнасьці групоўкі войскаў.
Рапота не пагадзіўся са сьцьвярджэньнем пра паслабленьне вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва Беларусі і Расеі, у прыватнасьці з тым, што расейскія вайскоўцы неахвотна размяшчаюць заказы на беларускіх прадпрыемствах. Пры гэтым ён сказаў, што створаны рабочыя групы, якія павінны выпрацаваць рашэньні, што дазваляюць ліквідаваць барʼеры, у тым ліку вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва.
Сёньня на Барысаўскім палігоне разгорнуцца асноўныя дзеяньні вучэньняў «Захад-2017», якія падыходзяць да канца. За імі будзе назіраць Аляксандар Лукашэнка.
Усё пра вайсковыя вучэньні «Захад-2017»
Сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2017» праходзяць на тэрыторыі Беларусі з 14 да 20 верасьня.
Паводле афіцыйных зьвестак, у Беларусі яны ахопяць 7 палігонаў і 2 асобныя мясцовасьці, у іх возьмуць удзел 10 200 вайскоўцаў: 7000 — зь беларускіх падразьдзяленьняў, 3000 — з расейскіх. На манэўры акрэдытавана 280 журналістаў, запрошана 80 назіральнікаў, у тым ліку з Украіны і краінаў NATO.
Краіны – суседкі Беларусі непакояцца, што Крамлю вучэньні патрэбны для агрэсіўнага разьвіцьця вайсковай прысутнасьці ў рэгіёне, на ўсходнім флянгу NATO, і ператварэньня Беларусі ў пляцдарм для наступу на Ўкраіну.
Беларуская апазыцыя асьцерагаецца, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін можа выкарыстаць вучэньні, каб распачаць анэксію Беларусі.
Міністэрства абароны Беларусі адзначыла «абарончы» характар вучэньняў «Захад-2017» і паабяцала, што ўсе расейскія вайскоўцы, якія бяруць у іх удзел, пакінуць беларускую тэрыторыю да 30 верасьня.