Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Галерэя «Ў» і кнігарня «Логвінаў» у Менску пойдуць пад знос — зямлю пад імі прадалі з аўкцыёну

абноўлена

Галерэя «Ў»
Галерэя «Ў»

Тэрыторыя ў раёне былога тралейбуснага дэпо на вуліцы Чырвонай у Менску прададзена за 17 мільёнаў рублёў.

Паводле наяўнай інфармацыі, пераможцам аб’яўленая сталічная кампанія-забудоўнік «А-100 Дэвэлапмэнт».

Як паведамілі БелаПАН у Менскім гарадзкім цэнтры нерухомасьці, які выступаў арганізатарам аўкцыёну, на зямельны надзел прэтэндавалі тры пакупнікі, пачатковы кошт лоту складаў блізу 4 мільёнаў рублёў. Інвэстару гарантуецца права на праектаваньне і будаўніцтва жыльля.

Такім чынам, згодна з папярэднімі плянамі, на выкупленым участку ў квартале вуліц Чырвонай, Кісялёва і праспэкту Машэрава плянуецца пабудаваць жылы комплекс з аб’ектамі сацыяльна-грамадзкага прызначэньня і падземнымі паркінгамі.

Раней гэты кавалак зямлі меркавала асвоіць расейская фірма «Манолиум процессинг», якая выйграла тэндэр на яго забудову яшчэ ў 2003 годзе. Тады адной з умоваў былі інвэстыцыі ў будаўніцтва новага тралейбуснага дэпо ў мікрараёне Уручча. Аднак расейцы ўмовы пагадненьня ня выканалі і ў 2014-м дамова была скасавана.

Будынак галерэі «Ў» і кнігарні «Логвінаў» на мапах пад № 5 вызначаны пад знос
Будынак галерэі «Ў» і кнігарні «Логвінаў» на мапах пад № 5 вызначаны пад знос

На тэрыторыі, прызначанай пад перабудову, знаходзіцца знакавае для менчукоў месца — галерэя «Ў» і кнігарня «Логвінаў». Тут ладзяцца прэзэнтацыі, культурныя імпрэзы, прадаюцца кнігі незалежных выдавецтваў.

Галерэя «Ў» будзе дзейнічаць у любым выпадку

Кіраўнік «А-100 Дэвэлэпмэнт» Аляксандар Цэнтэр у камэнтары для парталу TUT.BY патлумачыў: паколькі гаворка пра цэнтар гораду, праекты і распрацоўка неабходнай дакумэнтацыі запатрабуюць сурʼёзных узгадненьняў. Паводле ягоных прагнозаў, на гэта пойдзе сама меней два гады.

Ці азначае гэта, што тая ж Галерэя «Ў» атрымае перадышку, каб знайсьці альтэрнатыўную пляцоўку? І ці ёсьць верагоднасьць, што для культавага месца збору актыўных менчукоў могуць зрабіць выключэньне і не крануць бульдозэрам?

Саўладальнік галерэі «Ў» Аляксандар Васілевіч ня мае пэўнасьці наконт будучыні будынка, але запэўнівае, што пляцоўка так ці інакш будзе дзейнічаць:

Аляксандар Васілевіч
Аляксандар Васілевіч

«Пакуль складана пра нешта гаварыць, але мы, вядома ж, робім захады, каб галерэя існавала. Больш акрэсьлена пра нешта можна будзе казаць крыху пазьней, пакуль што ніякай пэўнасьці. Той жа Цэнтэр гаворыць, што два гады нічога не плянуюць рабіць, будуць рыхтаваць праект. Але ж гэта не афіцыйная пазыцыя — можа, так адбудзецца, а можа, і ня так. Ніхто ня ведае, як атрымаецца фактычна.

У кожным выпадку, як мне здаецца, галерэя разьвітая ўжо да такога ўзроўню, што трэба шукаць варыянты іншага існаваньня. Перадусім культавы, але зусім маленькі будынак, які папросту не спраўляецца з попытам на яго. Таму панікі ў нас няма, хоць відавочна, што будуць значныя грашовыя выдаткі, і вось гэта для нас навіна адназначна кепская. Але галерэя — гэта, перш за ўсё, не памяшканьне, на наш розум. Сьцены, натуральна, рэч важная, але можна адшукаць і іншыя».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG