Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як Віцебск мог быць Ульянаўскам


Выпадак можа зьмяніць ня толькі лёс чалавека, але і лёс горада. Ва ўсялякім разе, яго назоў.

Родился Ленин в тихом городке...

В старинном Витебске, на Западной Двине.

Никто еще не знал в тот день и час,
Кем будет он, кем вырастет для нас.

Простые двухэтажные дома,
Они для нас — история сама,
Они для нас как памятник стоят:
Здесь Ленин жил сто лет тому назад!

…Мы входим в школу.
В классе парта есть,
Сидеть за ней — особенная честь:
Сидел за ней Ульянов-гимназист,
Ульянов-Ленин, русский коммунист.

А Витебск — город уж совсем не тот!
Он вширь и ввысь растет из года в год.
И в честь Ульянова,
Что жил и вырос тут,
Его теперь Ульяновском зовут.

Что за блюзьнерства! — абурыцца чытач. — І навошта перарабляць знаёмы старэйшаму пакаленьню зь дзяцінства верш («Родился мальчик в тихом городке, в Симбирске, что на Волге на реке»)?

Ну, наконт «перарабляць», дык для аўтара верша Сяргея Міхалкова такое было традыцыяй — адзін толькі напісаны пад Сталіна гімн ён парарабляў двойчы: пад Брэжнева і пад Пуціна.

Але гэты хрэстаматыйны для савецкай школы тэкст ад пачатку мог быць менавіта такім, калі б у сярэдзіне ХIX стагодзьдзя рэзалюцыя аднаго высокапастаўленага чыноўніка на хадайніцтва ў справе дзядулі Леніна была іншай.

Дзед Леніна заслугоўвае на помнік

Дзед Леніна па маці, Аляксандар Бланк, як сёньня б сказалі, быў self made man — чалавек, які зрабіў сабе сам. Выхадзец зь беднай габрэйскай сям’і, якая, як і ўсе юдэі ў Расейскай імпэрыі, цярпела ад жорсткай дыскрымінацыі, ён быў вымушаны прыняць праваслаўе, скончыў Мэдычна-хірургічную акадэмію і даслужыўся да інспэктара лекарскай управы Пермскай губэрні (па-цяперашняму — начальніка ўпраўленьня аховы здароўя аблвыканкаму).

Аляксандар Бланк за сваю дзейнасьць заслугоўвае помніка, і зусім не як продак стваральніка савецкай дзяржавы: ён шмат рабіў для простых людзей, у інспэкцыйных паездках сам аглядаў тых, хто ня мог сабе дазволіць прыватнага лекара, і ніколі ня браў грошай зь сялянаў і беднякоў.

Такія факты маглі б толькі ўпрыгожыць біяграфію правадыра камуністычнай партыі, адным зь ідэйных пастулятаў якой, як вядома, зьяўляўся пралетарскі інтэрнацыяналізм.

Але ў савецкія часы радавод Леніна зазнаў такой цэнзуры, якая і ня сьнілася ніякаму Салжаніцыну.

інтэрНАЦЫЯНАЛІСТЫ

Тут варта заўважыць, што камуністычнае кіраўніцтва схавала радавод Леніна пачаткова не з прычыны наяўнасьці ў ліку ягоных продкаў менавіта габрэяў (у 1920–30-я гады ў савецкім урадзе былі габрэі, Кагановіч быў членам Палітбюро, жонкай старшыні Саўнаркома Молатава была габрэйка, і гэта не хавалася). У продкаў Леніна прасочваюцца нямецкая, габрэйская, швэдзкая, калмыцкая і чуваская лініі (магчыма, пералік няпоўны), але ў сьвядомасьці савецкага чалавека і, шырэй, сусьветнага пралетарыяту арганізатар рэвалюцыі мусіў быць расейцам. І — больш нікім.

Такое вось фарысэйства прафэсійных інтэрнацыяналістаў.

У гэтым сэнсе паказальны выпадак з кнігай Марыеты Шагінян «Білет па гісторыі», у якой яна паспрабавала прасачыць радавод Леніна.

У жніўні 1938 году праўленьне Саюзу пісьменьнікаў СССР асудзіла кнігу Шагінян. У пастанове казалася пра «псэўданавуковыя мэтады дасьледаваньня так званага „радаводу“ Леніна» і адзначалася, што «М.С. Шагінян дае скажонае ўяўленьне пра нацыянальнае аблічча Леніна, найвялікшага пралетарскага рэвалюцыянэра, генія чалавецтва, вылучанага расейскім народам і які зьяўляецца яго нацыянальным гонарам».

Пасьля разгляду ў ЦК ВКП(б) пастанову як занадта мяккую скасавалі, Шанігян вынесьлі «вымову», а сам раман быў прызнаны «палітычна шкодным і ідэалягічна варожым».

Шагінян уласны «білет па гісторыі» засвоіла добра і да самой сваёй сьмерці ў 93 гады пісала пра сям’ю Леніна правільна, адпаведна ўстаноўцы ЦК, за што і атрымала два ордэны Леніна, Ленінскую прэмію і званьне героя сацыялістычнай працы.

Але дасьледнікі працягвалі час ад часу натыкацца ў архівах, асабліва правінцыйных, на «крамольныя» матэрыялы. Таму ў 1972 годзе ўсе дакумэнты з абласных архіваў, якія хоць неяк тычыліся продкаў Леніна, былі сабраныя ў Інстытуце марксізму-ленінізму пры ЦК КПСС і засакрэчаныя.

І толькі пасьля краху камуністычнай сыстэмы яны зрабіліся даступнымі для дасьледнікаў. У тым ліку і хадайніцтва накіраваць Бланка ў Віцебск.

«У студзені 1839 г. ...А.Д. Бланку спрабуе дапамагчы граф Ю.П. Літа. Ён зьвяртаецца да міністра ўнутраных справаў Д.М. Блудава з просьбай даць А.Д. Бланку вакантнае месца інспэктара лекарскай управы ў Віцебскай губэрні. Просьба адхіляецца. Складаецца ўражаньне, што А.Д. Бланку наўмысна адмаўлялі ў месцах ва ўнутраных і заходніх губэрніях Расеі. На маю думку, прычынай адмовы было паходжаньне А.Д. Бланка. Д.М. Блудаў, які і ягоны дзядзька, міністар юстыцыі ў 1802–1803 гг. паэт Г.Р. Дзяржавін, быў антысэмітам. Адносіны да просьбаў А.Д. Бланка зьмяніліся, калі 10 (22) сакавіка 1839 г. міністрам унутраных справаў стаў граф А.Г. Строганаў, які лічыў неабходным ураўняць габрэяў у правох з усімі грамадзянамі Расеі. У лістападзе 1840 А.Д. Бланку даюць месца інспэктара лекарскай управы на паўночным усходзе дзяржавы, дзе клімат дастаткова суровы і куды не было ахвочых ехаць — у Пэрмскую губэрню» ( М. Штейн, «Ульяновы и Ленины. Семейные тайны». — СПб., Издательский Дом «Нева», 2004, с. 104–105).

Пасьля выхаду ў адстаўку Бланк перасяліўся ў Казанскую губэрню, дзе клімат быў лепшы. Зусім імаверна, Віцебск ён бы не пакідаў. Дачка ягоная Марыя магла нарадзіць у Віцебску свайго сына Ўладзіміра, і можна толькі здагадвацца, што было б у гэтым выпадку з горадам на Дзьвіне.

Ня выключана, што Масква пажадала б забраць Віцебск у склад РСФСР, каб канчаткова замацаваць «рускасьць» стваральніка савецкай дзяржавы. А магчыма, горад застаўся б у складзе БССР.

Але дзьве імавернасьці бясспрэчныя.

Віцебск страціў бы свой гістарычны назоў, як страціў яго Сімбірск (і як беларускае Койданава, пераназванае ў Дзяржынск).

І ад самога б старажытнага горада, ад архітэктуры яго цэнтру, і без таго разбуранага ў 1930–80-я, не засталося б зусім нічога. Акрамя дому, дзе жыў маленькі Ленін.

У Сімбірску да 100-годзьдзя Леніна ўсе суседнія з домам Ульянавых кварталы былі зьнесеныя, а вакол самога будынку пабудавалі гіганцкі комплекс са шкла і бэтону. Нешта падобнае было б і ў Віцебску. Праўда, зрабіць мэмарыял, падобны ўльянаўскаму, было б больш складана, бо Віцебск мае няроўны рэльеф, з пагоркамі ды ярамі — ну але няма такіх крэпасьцяў, якія не маглі б узяць бальшавікі, асабліва калі ім да паслугаў дынаміт, бульдозэры ды архітэктары савецкай школы.

Якія падзеі разгортваліся б у беларускім Ульянаўску, што пакінулі б там пад час сваіх абавязковых візытаў адзін за другім кіраўнікі СССР, ці лёгка ў гэтым выпадку здаліся б беларускія камуністы ў 1991 годзе, урэшце, ці ня выпрасіў бы Лукашэнка ў Ельцына мумію Леніна (а такую заяву ў 1998 годзе Лукашэнка рабіў), — гэтыя і іншыя сюжэты я пакідаю для нашых бэлетрыстаў.

Праўда, яны цяпер арыентуюцца пераважна на моладзевую чытацкую аўдыторыю, а для сучаснай моладзі Ленін гэткі ж далёкі, як Нэрон ці Саванарола.

Але гэта, можа, і да лепшага.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG