Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што будзе, калі Біла Гэйтса пасяліць у беларускай вёсцы


Абяцаньні Аляксандра Лукашэнкі пра сярэдні заробак у 500 даляраў
Абяцаньні Аляксандра Лукашэнкі пра сярэдні заробак у 500 даляраў

Чаму ў чэрвені ўпершыню за 2.5 гады ў Беларусі пачаўся рост эканомікі? Ці слушныя прагнозы ўраду наконт росту ВУП па выніках году? Ці будуць расьці заробкі, ці выканае ўрад абяцаньне Лукашэнкі «папіцот» да канца году? Ці працягнецца скарачэньне занятасьці? Гэтыя пытаньні абмяркоўваюць у Праскім акцэнце эканамісты Яраслаў Раманчук і Сяргей Чалы. Вядзе перадачу Юры Дракахруст

Загадка росту беларускай эканомікі

Дракахруст: На гэтым тыдні прэм’ер-міністар Андрэй Кабякоў распавёў аб прагнозах разьвіцьця беларускай эканомікі. Паводле сцэнару, які Кабякоў называе «кансэрватыўным» і які ўзяты як аснова для разьліку бюджэту на 2018 год, у Беларусі чакаецца рост ВУП на 1,1–1,2%. Аптымістычны сцэнар прадугледжвае рост валавога ўнутранага прадукту на 3,4%.

Варта сказаць, што прагнозы міжнародных фінансавых інстытуцыяў больш сьціплыя нават за кансэрватыўны сцэнар. Рост ВУП у 2018-м паводле МВФ 0.6%, паводле Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця — 1%, Усясьветнага банку — 0,7%.

У ліпені Белстат паведаміў, што ВУП за паўгода ў параўнаньні з адпаведным пэрыядам 2016 году нарэшце вырас на 1%. Са сьнежня 2014 году і да сярэдзіны сёлетняга году эканоміка Беларусі перажывала няспынны спад зь месяца ў месяц, з году ў год.

Хапала перасьцярогаў, што для Беларусі пачаліся біблійныя «7 худых гадоў», гучалі вэрдыкты — навідавоку крах сацыяльна-эканамічнай мадэлі. І тлумачэньне — няма рэформаў.

А што зараз? Чаму пачаўся рост? Чаму нават МВФ і Ўсясьветны банк прагназуюць рост у наступным годзе? Рэформы зьявіліся? Ці і бязь іх можна? Крах адмяняецца?

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

Раманчук: Калі гаворка ідзе пра адзін адсотак росту ВУП, то гэта хутчэй статыстычная памылка, гэта ні ў якім разе не азначае, што эканоміка ўвайшла ў іншы дзелавы цыкл, што тыя рэсурсы, якія накіраваў урад на інвэстыцыйныя прыярытэты, далі нейкі вынік. Я з насьцярогай стаўлюся да тых паказчыкаў, якія дае Белстат, таму што калі я размаўляю з прадстаўнікамі прадпрыемстваў — і дзяржаўных, і прыватных, яны кажуць — не зьвяртайце ўвагі на гэтыя статыстычныя паказьнікі, мы даем справаздачы так, як нас просяць і ад нас патрабуюць, а на самой справе сытуацыя зусім іншая. Можна было намаляваць адзін-два адсоткі росту ВУП, гэта не складае ніякай праблемы для нашай эканомікі.

Дракахруст: Я не настойваю на дакладнасьці гэтых лічбаў, я кажу пра зьмены, як пэўную тэндэнцыю. Вось вы кажаце, што невядома зараз, ці ёсьць той рост, ці няма таго росту. Але на працягу двух з паловай гадоў спад абсалютна дакладна фіксаваўся, у тым ліку і ўрадавымі органамі. Зараз рост можа і намалявалі. Але са сьнежня 2014 году чамусьці не малявалі.

І другі момант. Міжнародны валютны фонд, Сусьветны банк таксама прагназуюць рост. Можа, там дурні сядзяць, як і ў беларускім урадзе. А, можа, і не.

Раманчук: Ня трэба ўвогуле абсалютызаваць міжнародныя арганізацыі. Я магу прывесьці шмат прыкладаў ня толькі па Беларусі, калі яны давалі прагнозы, а потым рэчаіснасьць аказвалася зусім іншай. Таму я гляджу на тое, як працуе рэальны сэктар. Калі я назіраю за тым, як працуе прамысловасьць, будаўніцтва, сельская гаспадарка і транспарт, я ня бачу падставаў для таго, каб казаць пра зьмены.

Тымчасова, сэзонна, нейкая аднаразовая недакладнасьць можа быць у аднаго-двух сэктараў прамысловасьці. Вось і расейская эканоміка, паводле статыстыкі, таксама дэманструе падазрона хуткі рост. Нафтагазавы сэктар добра працаваў, цэны рэзка павялічваюцца на нашу прадукцыю — усё гэта дало такі эфэкт, але гэта не зьяўляецца тэндэнцыяй.

Вось, напрыклад, сёньняшняя навіна пра тое, што Расея зноў увяла забарону на прадукцыю чатырох беларускіх малочных заводаў, уключаючы «Савушкін прадукт», таксама прапанова Пуціна на гандаль беларускімі нафтапрадуктамі праз расейскія порты. Усё сьведчыць пра тое, што нават пэсымістычны сцэнар спадара Кабякова ня будзе рэалізаваны, таму што трэба глядзець на тое, як рэальна працуе эканоміка, ці ёсьць нейкія новыя вытворчасьці, ці ёсьць праца над тымі таксычнымі актывамі, якія і сталі прычынай таго, што ў нашай эканоміцы працягваецца рэцэсія.

Дракахруст: Яраслаў, я так зразумеў, ваш прагноз, на які вы ставіце — да канца году ня будзе росту на адзін адсотак?

Раманчук: Ведаеце, у нас, на жаль, няма абʼектыўных паказьнікаў, якія можна было б праверыць незалежнымі органамі і арганізацыямі і зрабіць выснову аб тым, што ў беларускай эканоміцы ёсьць эканамічны рост. А тое, што яны малююць, ня мае значэньня.

Дракахруст: Сяргей, а якое вашае тлумачэньне, што здарылася з Міжнародным валютным фондам і Ўсясьветным банкам, што яны раптам чамусьці прагназуюць падʼём?

Чалы: Гэта ня першы выпадак, калі мы назіраем, як міжнародныя арганізацыі спазьняюцца ў зьмене сваіх ацэнак. Іх погляд на беларускую эканоміку ў канцы мінулага году быў значна больш пэсымістычны, чым цяпер. І я думаю, што ацэнкі, якія яны даюць цяпер, як і раней спазьняюцца і, хутчэй за ўсё, далей сёлета яны будуць зьмяняцца ў бок павелічэньня.

А тое, што адбываецца з эканомікай, у прынцыпе, абсалютна зразумела. Гэта аднаўленьне экспарту, якое пачалося ў чацьвёртым квартале 2016 году, паляпшэньне сытуацыі з умовамі гандлю, цэны на наш экспарт растуць хутчэй, чым цэны на наш імпарт. Гэтая тэндэнцыя была заўважаная яшчэ ў другой палове мінулага году. І цяпер фактычна менавіта гэта зьяўляецца асноўным фактарам эканамічнага росту.

Ён на самой справе ёсьць, але ніяк не зьвязаны з унутранымі рэформамі, з унутраным попытам, з інвэстыцыямі. Ён зьвязаны менавіта і выключна з паляпшэньнямі ўмоваў зьнешняга гандлю, Гэта вельмі добра бачна па статыстыцы, якую значна складаней падрабіць, чым статыстыку ВУП, а менавіта па статыстыцы зьнешнегандлёвай. Яна ўвогуле з усіх нацыянальных рахункаў самая дакладная. Там якраз прырост па асобных пазыцыях на дзясяткі адсоткаў, і адпаведна, асноўныя экспартныя галіны ад, напрыклад, машынабудаўніцтва да дрэваапрацоўкі і хімічнай галіны даюць да пятнаццаці адсоткаў росту экспарту.

І дарэчы, Яраслаў казаў пра транспартную галіну, а на самой справе, у транспарце таксама моцная дынаміка якраз зьвязаная з павелічэньнем зьнешнегандлёвага абароту. З інвэстыцыямі сапраўды ўсё досыць кепска. Яны дасюль у мінусе, але звычайна з ростам экспарту праз пэўны час пачынаецца і рост інвэстыцыяў.

Так што рост эканомікі ёсьць, і я думаю, што па выніках году ён будзе бліжэй да верхняй мяжы «кансэрватыўнага прагнозу» ураду. Вядома, не да аптымістычнага сцэнару, таму што кажучы пра яго, Кабякоў хутчэй мае нейкі чароўны сцэнар, якога проста хацелася б дамагчыся.

Мара Андрэя Кабякова

Дракахруст: Як казаў Марцін Лютэр Кінг, «I have a dream» — Я маю мару.

Чалы: Ну, не зусім. Справа ў тым, што ёсьць асноўныя паказьнікі сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця на пяцігодку, якія былі прынятыя напярэдадні выбараў 2015 году. І вось для таго, каб выканаць гэтыя завоблачныя мэты, з улікам таго, што ў нас першыя гады гэтай пяцігодкі былі неэфэктыўныя, патрабуюцца нейкія абсалютна чароўныя тэмпы эканамічнага росту.

Сяргей Чалы
Сяргей Чалы

Афіцыйна, зразумела, улада ніяк прызнаць ня можа, што ад гэтай мэты прыйдзецца адмовіцца і што яна недасягальная. І таму даводзіцца так двухсэнсоўна казаць, што рэалістычны сцэнар вось такі, а пажаданы ў тры разы вышэй. Вось, дарэчы, вы прыводзілі дадзеныя па паўгодзьдзю, а ёсьць ужо дадзеныя Белстату па сямі месяцах — там 1,1%. То бок кожны месяц мы такое бачым.

Дракахруст: Яраслаў, вы чулі аргумэнты Сяргея, што ўсё ж такі былі падставы для невялічкага росту. А вашы контраргумэнты?

Раманчук: Ведаеце, тут значнай супярэчнасьці няма, бо ён таксама кажа, што адзін-два адсоткі гэта не тэндэнцыя. Тут у нас няма ніякага канфлікту. Што тычыцца зьнешняга гандлю і росту экспарту на 15% па некаторых пазыцыях. Мяне зьдзіўляюць тыя цэны, якія дае Белстат на некаторыя тавары. Напрыклад, грузавікі падаражэлі за год на 32%. Потым кароткатэрміновая кан'юнктурная рэч — рост цэнаў на чорныя мэталы на 31%, на малако — на 43%. То бок ёсьць такі выбуховы кароткатэрміновы рост цэнаў на некаторыя тавары, і Рассельгаснагляд у другім паўгодзьдзі сёлетняга году ня дасьць такіх варункаў працы для беларускага вытворцы. Хаця Лукашэнка быццам бы ўрэгуляваў усе праблемы з расейскім урадам, але мы бачым фактычна, што гэтага няма.

Варункі, у якіх разьвівалася беларуская эканоміка, у другім паўгодзьдзі будуць значна горшыя. У мяне ёсьць вялікія пытаньні да таго, як лічыцца інфляцыя, як карэктуецца ВУП намінальны ў рэальны. Трэба памятаць, што калі эканоміка атрымлівае амаль два мільярды даляраў зьнешніх крэдытаў, то ў кароткатэрміновай пэрспэктыве, безумоўна, інвэстыцыі ў будаўніцтва, у нейкія там праекты, не даюць хуткі эфэкт. Як калі бярэш адну дозу наркотыку, у вас у першым этапе эйфарыя. Але потым расплачвацца за гэта давядзецца вельмі балюча.

Ці казаць дзякуй за рост эканомікі Нацбанку?

Дракахруст: Сяргей, паколькі вы ўсё ж такі прагназуеце рост, фіксуеце, што ён зараз ёсьць які-ніякі, на ваш погляд, наколькі на гэты рост паўплывала эканамічная палітыка беларускіх уладаў, больш жорсткая манэтарная палітыка Нацбанку? Ці гэта, так бы мовіць, «боскі дар»: пайшла крышачку ўверх эканоміка Расеі, пацягнула за сабой Беларусь праз экспарт, вось нам і шчасьце. А беларускія ўрадоўцы ўвогуле ня маюць да гэтага дачыненьня. Гэта так ці ня так?

Чалы: Палітыка Нацбанку сапраўды адыгрывае вялікую ролю. Бо нягледзячы на тое, што Нацбанк пастаянна заяўляе, што ён займаецца таргэтаваньнем грашовай прапановы, шмат экспэртаў ужо кажуць, што насамрэч яго палітыка — гэта падтрыманьне пэўнага курсу беларускага рубля да валютнага кошыку, галоўным чынам да расейскага рубля — яна ў нас займае большую долю ў валютным кошыку.

Гэтае падтрыманьне курсу расейскага рубля — важны фактар для аблягчэньня нашага несыравіннага, галоўным чынам сельскагаспадарчага, малочнага і прамысловага экспарту ў Расею. Гэта, зразумела, вельмі важны фактар. Ну, і вядома, запавольваньне інфляцыі, якое дазваляе зьніжаць працэнтныя стаўкі па крэдытах.

Але гэта, шчыра кажучы, даволі малаважны фактар, таму што зараз у асноўным на нашу эканоміку ціснуць ня новыя крэдыты, а старыя, якія дагэтуль складана абслугоўваць, а таксама крэдыты, якія былі набраныя ў часы памятнай мадэрнізацыі ў 2012 годзе і якія цяпер вісяць гірамі на беларускай эканоміцы.

Нацбанк, зразумела, прыпісвае заслугі ў росьце эканомікі сабе ў кожнай сваёй справаздачы. Часткова яны маюць рацыю. Але яны не ўплываюць на такія рэчы, як умовы зьнешняга гандлю.

Што будзе, калі Біла Гэйтса пасяліць у беларускай вёсцы?

Дракахруст: Для жывога, звычайнага чалавека той ВУП — чыстая абстракцыя. А якія пэрспэктывы паказьнікаў, парамэтраў, якія людзям усё ж бліжэй? Найперш — даходаў і працы. Пачнём з даходаў. Было абяцана да канца году «папіццот». На канец наступнага году − 1500 рублёў сярэдняга заробку. Канец сёлетняга году блізкі. Але ў чэрвені сярэдні заробак быў 819 рублёў. Для параўнаньня — у лютым ён складаў 730 рублёў. 819 — гэта яшчэ не запаветная тысяча, але блізка да яе. Ваш прагноз дынамікі заробкаў да канца году і на наступны?

Чалы: Я думаю, што ня будзе ні тысячы на канец сёлетняга году, ні тысячы пяцісот на канец наступнага. Я пачну з апошняга. Чаму тысячы пяцісот ня будзе? Таму што для таго, каб такі вялікі рост адбыўся, патрэбны галоўным чынам рост заробкаў катэгорыяў насельніцтва зь нізкімі заробкамі, якія збольшага зьяўляюцца бюджэтнікамі. То бок гэта сурʼёзнае павелічэньне выдаткаў бюджэту, якое ў цяперашніх умовах практычна немагчымае, бо выдаткі бюджэту зараз вельмі абмежаваныя гэтымі самымі «сямю худымі гадамі», як вы сказалі. Але іх трэба разумець ня ў пляне эканамічнага дабрабыту, а ў пляне вялікіх плацяжоў па зьнешнім доўгу. На працягу сямі гадоў абслугоўваньне доўгу будзе каштаваць больш за тры мільярды даляраў штогод. І ў гэтым сэнсе ніякіх магчымасьцяў падвышаць даходы бюджэтнікаў ня будзе, таму тысяча пяцьсот — гэта нерэальна.

Наконт тысячы. Таксама насамрэч ад 819 даляраў да 1000 — гэта рост на 25%, гэта дыстанцыя досыць вялікага памеру. Я думаю, што нейкі невялікі рост заробкаў сёлета будзе, можа, нават 5%. Але ў чым праблема? За кошт чаго гэта дасягаецца?

Можна ў беларускай вёсцы пасяліць Біла Гэйтса, і ў вёсцы ў момант вырасьце сярэдні заробак. Проста ніхто гэтага не адчуе. Прыкладна ў такі спосаб зараз у нас павялічваецца сярэдні заробак. Сёлета бачны вялікі рост няроўнасьці: растуць даходы самых высокааплатных катэгорыяў насельніцтва, а ў малазабясьпечаных яны практычна не зьмяняюцца.

Дракахруст: Сяргей, сярэднеарытмэтычны заробак расьце, а мэдыянны — ня надта?

Чалы: Мэдыянны значна меншымі тэмпамі расьце, і розьніца гэтая павялічваецца. Вось кожнае паўгодзьдзе праводзіцца апытаньне, вымяраецца мэдыянны заробак, і кожнае паўгодзьдзе гэты разрыў расьце. Пры гэтым досыць адчувальна, ужо, нібыта, да 30% даходзіць гэты разрыў.

І другі важны момант, вы правільна сказалі, што трэба ўлічваць рынак працы, значна больш адэкватны ў гэтым сэнсе паказьнік — не рэальныя заробкі, а рэальныя даходы хатніх гаспадарак. І яны працягваюць памяншацца, нягледзячы на рост рэальных заробкаў. Гэта зьвязана з працэсамі ў прамысловасьці, з вызваленьнем працоўнай сілы. І гэта пацьвярджае мой тэзіс, што гэты эканамічны рост, які мы бачым, зьвязаны зь невялікай колькасьцю эканамічных сэктараў, якія маюць посьпех у экспарце, а ўнутраны попыт дасюль стагніруе і, па вялікім рахунку, даходы насельніцтва ўсё яшчэ ў мінусе і ніякай выгады ад гэтага росту яно не атрымоўвае.

Дракахруст: Яраслаў, і ваш прагноз па заробках на канец гэтага і на канец наступнага году.

Раманчук: Наконт абяцаньняў ураду па заробках, можна скарыстацца вашай, Юры, формулай — I have a dream. Я зрабіў спробу ацаніць матэматычна, у што выльецца выкананьне заданьня. Я ўзяў фонд аплаты працы, які быў апошнія тры гады, долю гэтага фонду ў ВУП, сярэдні заробак у 2016 годзе і прадуктыўнасьць працы, якой яна павінна была б быць у 2017-2018 гадах, каб рэалізаваць гэтыя абяцаньні.

У 2016 годзе фонд аплаты працы складаў крыху больш за 18 мільярдаў даляраў. Каб заплаціць усім па пяцьсот даляраў, ён павінен быў сёлета складаць 25 мільярдаў даляраў, а прадукцыйнасьць працы павінна ўзрасьці на 30%. ВУП сёлета павінен тады быць 66 мільярдаў даляраў.

Калі ВУП у другой палове году будзе як у першай, то мы і на пяцьдзесят ня выйдзем. Розьніца ў шаснаццаць мільярдаў даляраў. Яшчэ больш дзіўная сытуацыя складаецца на 2018 год. Калі мы возьмем за дадзенае заробак 1500 рублёў, то разьлік паказвае, што для гэтага трэба падвоіць прадукцыйнасьць працы.

Дракахруст: А каб дасягнуць тысячы на канец сёлетняга году?

Раманчук: На тысячу трэба, каб ВУП, у параўнаньні з тым, якім ён прагназуецца згодна з рэальнымі паказьнікамі першага паўгодзьдзя, узрос на 15 мільярдаў даляраў. Гэта проста космас. Такога не бывае.

Дракахруст
Дракахруст

Дракахруст: Тады яшчэ адно пытаньне. У лютым было 730, у чэрвені — 819 даляраў. Гэта магло адбыцца ў адпаведнасьці з вашымі падлікамі?

Раманчук: Гэта зьяўляецца часткай выкананьня палітычнага загаду і плюс мэтадалёгія падліку. Безумоўна, калі мы возьмем банкіраў, праграмістаў, авіядыспэтчараў і пілётаў, якія маюць заробкі за 1500 даляраў, то так, гэта тое, што крыху павялічвае сярэдні заробак. Мэдыянны заробак — гэта зусім іншае. Белстат нам ужо не дае дадзеныя па мэдыянным заробку.

Але калі мы возьмем фонд аплаты працы і зробім простыя элемэнтарныя калькуляцыі — 38-40% ад ВУП ён складае, то мы выйдзем на лічбу ў 2017 годзе больш за 25 мільярдаў даляраў. Нагадаю, у 2016 годзе ён складаў каля 18 мільярдаў даляраў. З чаго б ён павінен узрасьці? Так што гэта казка.

Чалы: Калі ў нас, у Беларусі, лічаць статыстыку заробкаў, то пытаньне нават не ў праграмістах і авіядыспэтчарах, а насамрэч у тым, што ў нас лічаць заробак ня толькі наёмных працаўнікоў, але і наймальнікаў — заробак дырэктараў прадпрыемстваў, прыватных прадпрымальнікаў і наймальнікаў. Усё ўлічваецца. І вось якраз рост даходаў кіраўнікоў забясьпечвае рост сярэдняга заробку.

Што будзе з занятасьцю?

Дракахруст: Наступнае маё пытаньне — пра занятасьць. За мінулы год сальда ізноў нанятых і тых, хто страцілі працу, склала мінус 108 тысячаў, сёлета за паўгода — мінус 37 тысячаў. Беспрацоўе так і будзе павялічвацца і далей? Рост ВУП хіба не суправаджаецца ростам занятасьці? Ці не адразу суправаджаецца? Ці адно не залежыць ад другога?

Чалы: Я думаю, што ў вельмі малой ступені залежыць. Гэтая тэндэнцыя скарачэньня працоўных месцаў галоўным чынам адбіваецца на буйных прадпрыемствах, і яна будзе доўгай. І па вялікім рахунку тое, што мы зараз бачым, пакуль толькі кропля ў моры таго, што неабходна рабіць.

Нейкага сурʼёзнага росту выдаткаў спажываньня хатніх гаспадарак чакаць не даводзіцца, таму не даводзіцца і разьлічваць на тое, што нейкія новыя працоўныя месцы ў прыватным сэктары будуць зьяўляцца.

На гэта накладаюцца і нэгатыўныя тэндэнцыі ў дэмаграфіі — дэмаграфічнае рэха вайны, тагачаснае зьніжэньне колькасьці насельніцтва і нараджальнасьці тады, плюс рэзкае зьніжэньне нараджальнасьці напачатку 90-х.

Дракахруст: Яраслаў, я так зразумеў, што вы больш пэсымістычна на ўсё глядзіце, чым Сяргей, таму, напэўна, вы таксама лічыце, што беспрацоўе будзе расьці. Але яно будзе такім жа тэмпам расьці, як апошнія два з паловай гады, ці рост запаволіцца? Я паглядзеў лічбы: летась скарачэньне занятасьці на 108 тысячаў, сёлета за паўгода — на 37 тысячаў. Калі памножыць на два, атрымліваецца 74 тысячы — усё ж такі менш, чым летась. Дык будзе нейкае зьніжэньне тэмпу росту беспрацоўя?

Раманчук: Вы ня кажаце пра беспрацоўе, вы кажаце пра занятасьць. Беспрацоўе ў Беларусі не расьце, таму што рэгістравацца дзеля 15 даляраў дапамогі ніхто ня будзе, гэта бязглузьдзіца. Беларусы ўжо даўно знайшлі спосаб адаптацыі да бязглузьдзіцы на рынку працы, і гэта проста працоўная міграцыя. Тое, што адбываецца ў Берасьці, у Гародні — міграцыя ў Польшчу, альбо з нашых усходніх рэгіёнаў — міграцыя на рынак працы Расеі. Гэта адбываецца, і тэмпы адтоку рабочай сілы, на жаль, будуць паскарацца.

Тое, што робіць наш урад — гэта проста імітацыя. Я пагаджуся з Сяргеем, што асноўныя праблемы яшчэ наперадзе. Калі МВФ кажа нам, што трэба зьмяніць сыстэму кіраваньня дзяржаўным камэрцыйным сэктарам, сёлета наш урад гэтым нават і не спрабаваў займацца. Так што рабочая сіла будзе скарачацца, але гэта ня будзе бачна па росьце беспрацоўя. Яно ў нас афіцыйна складае 1% і вам, Юры, скажа Міністэрства працы, што ў нас усё пад кантролем.

Дракахруст: Але ж гэта залежыць ад спосабу падліку.

Раманчук: Калі мы верым афіцыйным паказьнікам ВУП, інфляцыі і г.д., тады паводле гэтай лёгікі трэба верыць і паказьнікам беспрацоўя.

Дракахруст: Яраслаў, але ж вы ведаеце, нядаўна той жа Белстат падлічыў па заходніх мэтодыках, і беспрацоўе атрымалася 5,8%.

Раманчук: Я бачыў дадзеныя Міністэрства эканомікі, паводле якіх у зоне рызыкі страты працы ў нас знаходзяцца амаль 800 тысячаў працаўнікоў. І калі будзе рэструктурызацыя прамысловасьці, гэтая лічба будзе складаць больш за 15% рабочай сілы нашай краіны. Так што тут беспрацоўе будзе толькі расьці. І адзінае, што трэба людзям — не спадзявацца на ўрад, а вырашаць праблемы працаўладкаваньня самастойна, што беларусы ўжо робяць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG