Міністар жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі Аляксандар Церахаў заявіў БелТА, што ў Беларусі ўжо ад 1 студзеня 2018 году насельніцтва будзе цалкам кампэнсаваць выдаткі на ўсе камунальныя паслугі, акрамя ацяпленьня.
Летась міністар эканомікі Ўладзімер Зіноўскі казаў, што на 100-адсоткавае пакрыцьцё выдаткаў на «камуналку» Беларусь выйдзе не к пачатку, а да канца 2018 году. На пачатак 2018 году, казаў ён, беларусы будуць кампэнсаваць 75% выдаткаў.
Але, паводле Зіноўскага, узімку сума аплаты за ацяпленьне робіцца самым буйным складнікам «камуналкі». Ці значыць гэта, што ўся плата будзе пакрываць раней заплянаваныя 75% выдаткаў (100% на ўсё, акрамя ацяпленьня, і значна меншы адсотак за ацяпленьне), невядома.
Паводле намесьніка міністра гандлю Івана Вяжноўца, словы якога перадае СТВ, зь 1 верасьня беларусы будуць плаціць на 8% больш за камунальныя паслугі, чым плоцяць цяпер («зыходзячы з росту заробкаў»), а зь 1 сьнежня — на 10% больш.