Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка паабяцаў сярэдні заробак 1500 рублёў. Раманчук: Гэта падман


Аляксандар Лукашэнка
Аляксандар Лукашэнка

Аляксандар Лукашэнка даручыў у будучым годзе давесьці сярэдні заробак па Беларусі да 1500 рублёў.

«Прадпрыемствы зь нізкім заробкам неабходна ў 2018 годзе падцягнуць да ўзроўню 1 тысячы рублёў. Калі гэтае даручэньне будзе выканана, сярэдняя зарплата па краіне ў 2018 годзе можа дасягнуць 1,5 тысячы рублёў», — сказаў Аляксандар Лукашэнка ў Берасьці.

Пры гэтым Лукашэнка ведае, што ёсьць «палова, можа, крыху менш прадпрыемстваў, дзе мы не дацягваем да гэтага ўзроўню, і наогул там заробак невялікі. За 2018–2019 гады, асабліва за 2018 год, мы бяромся за тыя прадпрыемствы, на якіх мала зарабляюць, каб іх падцягнуць да 1 тысячы рублёў».

Эканаміст, кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук пракамэнтаваў задачу дасягнуць сярэдняга заробку ў 1,5 тысячы рублёў:

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Калі сьвятар уваходзіць у храм, яму трэба нешта добрае казаць для паствы, каб паства паверыла ў загробнае жыцьцё, што на тым сьвеце ёй будзе добра. Нашых людзей хвалююць заробкі — пра што іншае можна яшчэ казаць? Тысячу рублёў ужо „намалявалі“, трэба казаць пра іншую вышыню — 1500.

Сярэдні заробак — гэта падман, ён расьце за кошт тых, хто зарабляе больш, а асноўная частка, 70–75% людзей атрымліваюць менш за 300 даляраў. Так што гэта рэакцыя на тое, што людзі пачалі адчуваць няроўнасьць даходаў. Яны пачынаюць разумець, што гэтая эканамічная палітыка спрыяе толькі багатым — работнікам банкаўскай і фінансавай сфэры, айцішнікам. І вось для таго, каб у астатніх таксама зьявілася асалода ў роце, Лукашэнка прывёз абяцанкі высокіх заробкаў. Ён гэта робіць ужо 23 гады. На жаль, людзі „купляюцца“ на гэты падман, вераць, што ён нейкім цудам гэта можа зрабіць. Так што наш „чараўнік“ вельмі добра разумее містычны характар абяцанак, добра ведае настроі беларусаў, якія працягваюць, на жаль, верыць у казкі, а ня верыць стану сапраўднай эканомікі».

Паводле Белстату, сярэднямесячная налічаная заработная плата ў чэрвені ў Менску дасягнула 1089 рублёў. У Віцебскай вобласьці гэты паказчык склаў 694,6 рубля.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG