Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Касінераў падаў у суд на АНТ і МУС, патрабуе маральнай кампэнсацыі ў тры тысячы рублёў


Вячаслаў Касінераў
Вячаслаў Касінераў

Вячаслаў Касінераў накіраваў у Цэнтральны суд Менску пазоў аб абароне годнасьці і кампэнсацыі маральнай шкоды.

Ён патрабуе прыцягнуць да адказнасьці тэлеканал АНТ і вядучую праграмы «Нашы навіны» Кацярыну Тышкевіч, Міністэрства ўнутраных спраў і начальніка менскай міліцыі Аляксандра Барсукова, паведамляе spring96.org.

Нагодай для пазову стаў сюжэт на тэлеканале АНТ пад назвай «Хуліган-анархіст, які апаганіў скульптуру гарадавога ў Менску, застанецца ў СІЗА да рашэньня суду».

Сюжэт паказалі па тэлевізіі, калі сам Касінераў быў у СІЗА. Сытуацыю ў ім камэнтаваў начальнік ГУУС Менгарвыканкаму Аляксандар Барсукоў.

Як гаворыцца ў пазове, начальнік менскай міліцыі паведаміў хлусьлівыя зьвесткі — а менавіта, што Касінераў нібыта «тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці за хуліганства, тры разы прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці і за псаваньне маёмасьці».

Вячаслаў Касінераў просіць суд прызнаць гэтыя зьвесткі хлусьлівымі. Ён хоча, каб суд абавязаў адказчыкаў — АНТ, МУС, Кацярыну Тышкевіч і Аляксандра Барсукова — выдаліць гэтыя зьвесткі і абвергнуць іх у праграме «Нашы навіны» на тэлеканале АНТ. Акрамя таго, просіць спагнаць з адказчыкаў на сваю карысьць 3000 беларускіх рублёў у якасьці кампэнсацыі нанесенай яму маральнай шкоды.

Паводле Касінерава, ён толькі аднойчы прыцягваўся да крымінальнай адказнасьці па артыкуле «Апаганьваньне будынкаў і псаваньне маёмасьці». Гэта было ў 2016 годзе. На момант выхаду тэлеперадачы актывіст меў статус абвінавачанага па крымінальнай справе аб хуліганстве.

Вячаслаў Касінераў лічыць, што начальнік менскай міліцыі Барсукоў парушыў «найважнейшы прынцып крымінальнага закону — прэзумпцыю невінаватасьці».

Паводле Вячаслава Касінерава, выказваньні тэлевядучай Кацярыны Тышкевіч і начальніка ГУУС, якія не адпавядаюць рэчаіснасьці, былі зробленыя публічна ў эфіры нацыянальнага тэлеканалу. Гэта прынесла яму маральныя пакуты.

Вячаславу Касінераву было прадʼяўлена абвінавачаньне за пэрформанс, падчас якога ён накінуў пятлю на статую «царскага гарадавога». Актывіст такім чынам выказаў пратэст супраць міліцэйскага самавольства і перасьледу актывістаў анархісцкага руху за ўдзел у мірных акцыях. Касінерава абвінавацілі ў хуліганстве. Маскоўскі суд Менску пакараў актывіста штрафам у пяць базавых велічынь.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG