Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму ільлічы і піянэры сталі боствамі і як ім складалі ахвяру?


Адкрыцьцё помніку Леніну каля МТЗ, 7 лістапада 2016 году
Адкрыцьцё помніку Леніну каля МТЗ, 7 лістапада 2016 году

Ёсьць такое вядомае выслоўе: «Камунізм — гэта рэлігія бяз Бога». І сапраўды, у краіне саветаў былі свае пакутнікі за веру — героі рэвалюцыі, свае «сьвятыя» дні — камуністычныя сьвяты, свае прарокі — у выглядзе клясыкаў марксізму-ленінізму. Нават было сваё чаканьне «царства божага» ў выглядзе надыходу камунізму. Як і кожная рэлігія, камунізм актыўна імкнуўся замацаваць сваю прысутнасьць у прасторы: яго храмамі сталі палацы культуры, якія нярэдка нават рабілі ў колішніх цэрквах і касьцёлах. Акрамя таго, паўсюль узводзіліся тысячы помнікаў — Леніну, героям вайны, піянэрам. Ім надаваўся ці не сакральны сэнс. Ім пакланяліся. Перад імі прамаўлялі свае камуністычныя малітвы, заклінаньні. Дык як узьнік і як быў арганізаваны савецкі сакрум? Пра гэта мы гутарым з кандыдатам гістарычных навук Сяргеем Грунтовым.

Вячаслаў Ракіцкі: Сяргей, а ці ўсьведамлялі стваральнікі ўсіх гэтых шматлікіх помнікаў і мэмарыялаў, што яны на свой кшталт паўтараюць старыя рэлігійныя формы і практыкі?

Сяргей Грунтоў: Думаю, што выраз «камунізм — рэлігія бяз Бога» яны ўспрынялі б як абразу, бо разумелі любую рэлігію як пройдзены этап разьвіцьця чалавецтва. Іншая справа, што большасьць гэтых формаў і практык яны ня вынайшлі, а запазычылі з заходніх узораў, якія разьвіліся цягам ХІХ стагодзьдзя пераважна ў працэсе афармленьня нацыянальных дзяржаў. А там шмат якія рэлігійныя матывы паўтаралі цалкам сур’ёзна, так што помнікі лёгка маглі належаць і хрысьціянскаму, і нацыянальнаму кантэксту. І нават у самых радыкальных пераўтварэньнях часоў Вялікай францускай рэвалюцыі сьвядома ішлі на заснаваньне новых цывільных рытуалаў на манер старых, правілі набажэнствы Вялікаму Боству ў храмах Розуму, нечым імітуючы хрысьціянскую імшу. Дый той жа парыскі Пантэон перароблены з касьцёла. Нашы камуністы бралі гэтыя практыкі за ўзор, доўга ня думаючы пра іх генэалёгію.

Помнік Леніну ў Гомелі
Помнік Леніну ў Гомелі

— У чым канкрэтна выяўляліся такія запазычаньні? Што такога рэлігійнага ў гэтых Ільлічах і піянэрах?

— Па-першае, яны замясьцілі сабою крыжы, капліцы, а нярэдка і храмы ў цэнтрах гарадоў і вёсак. Справа тут ня толькі ў Ільлічах, але і ў шматлікіх вайсковых мэмарыялах, якія былі пастаўленыя пасьля Другой сусьветнай вайны і таксама мелі выразную камуністычную прыналежнасьць. Вядома, такога замяшчэньня проста так было б не дастаткова. Патрэбныя рытуалы і практыкі, каб нешта стала рэлігійным ці псэўдарэлігійным аб’ектам. І такіх рытуалаў было створана дастаткова: пасьвячэньне ў акцябраты/піянэры/камсамольцы, адзначэньне дня Кастрычніцкай рэвалюцыі, дзён пачатку вайны і Перамогі. Такія рытуалы праводзіліся каля ці вакол савецкіх помнікаў, якім прыносіліся дары ў выглядзе кветак і вянкоў, каля іх прамаўляліся клятвы.

Піянэры падчас адзначэньня ў Менску гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. 7 лістапада 2013 году
Піянэры падчас адзначэньня ў Менску гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. 7 лістапада 2013 году

— Гэта ў першую чаргу тычылася помнікаў у цэнтрах населеных пунктаў. Але ж багата помнікаў, асабліва вайсковых, было пастаўлена і далёка ад іх, пры розных прасёлачных дарогах. Што зь імі?

— Яны таксама выдатна ўпісваюцца ў гэтую мадэль. Да іх фактычна хадзілі ў пілігрымкі. Шмат у якіх гарадах склаліся традыцыі, каб дэманстрацыі хадзілі з цэнтру да помніка на ўскрайку ці па-за межамі гораду. Я, натуральна, кажу пра вайсковыя мэмарыялы. Многія зь іх былі пастаўленыя акурат на месцах масавых расстрэлаў, якія праводзіліся за гарадзкою рысаю. Так, у выпадку з многімі невялікімі гарадамі ўзьнікла сытуацыя, калі ёсьць нязручнай для «пілігрымкі» адлегласьць, якую можна прайсьці пешшу. Як і да іншых падобных помнікаў, сюды прыходзілі зь вянкамі ад працоўных калектываў, складаючы такім чынам сымбалічную ахвяру. Цікава, што цэлы шэраг вайсковых мэмарыялаў быў арганізаваны паводле прынцыпу «кальварыі» — прасторы, якую трэба было абысьці, спыняючыся ў пэўных месцах. Толькі такія месцы прыпынкаў цяпер азначаліся не выявамі пакутаў Хрыста, а партрэтамі і імёнамі герояў, якія аддалі сваё жыцьцё ў барацьбе з ворагам.

Савецкі помнік у Нясьвіскім раёне
Савецкі помнік у Нясьвіскім раёне

— Аднак вернікі, прыносячы ахвяры ці даючы абяцаньні, чакаюць нейкай дапамогі ад Бога і сьвятых. А чаго ж чакалі ад савецкіх манумэнтаў?

— Сапраўды, гэта цікавае пытаньне. Фармальна кожны такі дар успрымаўся як форма ўдзячнасьці героям за магчымасьць існаваньня тагачаснага дзяржаўнага ладу. Ленін з паплечнікамі зрабіў рэвалюцыю і стварыў дзяржаву — найлепшую ў сьвеце. Астатнія яе гераічна абаранялі — ад контрарэвалюцыі, ад белапалякаў, ад унутраных ворагаў, ад гітлераўцаў. Міт Вялікай Айчыннай вайны выразна прачытваўся як гісторыя разбурэньня парадку (22 чэрвеня), хаосу (акупацыя) і ўсталяваньня парадку (вызваленьня). Кульмінацыя наступала 9 траўня. Увесь гэты цыкль артыкуляваўся і візуалізаваўся ў такія даты, як 22 чэрвеня і 9 траўня. Дар тут відавочна быў павязаны з удзячнасьцю. Аднак, акрамя гэтага, вялікае значэньне мела дэманстрацыя ляяльнасьці, згоды дзейнічаць паводле прадпісаных рытуалаў. Падобна таму, як беларусы традыцыйнай культуры чакалі ад продкаў дапамогі і дабрабыту, удзельнікі савецкіх мэмарыяльных рытуалаў маглі разьлічваць на кар’ерны рост і сацыяльныя посьпехі. Калі дазволіць сабе разьвіць мэтафару, дык «камсамольцы-служкі» каля трыбуны разьлічвалі з часам заняць месца сярод «жрацоў» на самой трыбуне. Рытуал тут выступае як вельмі важны кансэрватыўны фактар, як і ў сапраўднай рэлігіі.

Актывісты пракамуністычных і левых арганізацыяў адзначаюць у Менску сьвята 7 лістапада. Пад помнікам Леніну на пляцы Незалежнасьці ўсклалі кветкі. 2014 год
Актывісты пракамуністычных і левых арганізацыяў адзначаюць у Менску сьвята 7 лістапада. Пад помнікам Леніну на пляцы Незалежнасьці ўсклалі кветкі. 2014 год

— Сяргей, ці можна сказаць, што гэтая ўнівэрсальная савецкая псэўдарэлігія была накіраваная на нівэляцыю нацыянальнага, што яна па ўсёй гіганцкай краіне ставіла прыкладна аднолькавыя помнікі і праводзіла аднолькавыя рытуалы? А мо яна ўвогуле паводле сваёй прыроды варожая нацыянальнай беларускай культуры?

— Канечне, асноўныя ўзоры былі ўнівэрсальныя, прынамсі ў эўрапейскай частцы Савецкага Саюзу. Аднак, міжволі спрацоўваў і гэтак званы адміністратыўна-тэрытарыяльны эфэкт. Гэта азначае, што помнікі ставіліся паводле адміністратыўнага прынцыпу, і сярод іх былі помнікі рэспубліканскага маштабу. Яны воляй-няволяй працавалі на сымбалічную рэпрэзэнтацыю рэспублікі ўнутры ўсяго Савецкага Саюзу. У Беларусі гэта ў першую чаргу былі Брэсцкая крэпасьць і мэмарыял «Хатынь». Хоць гэтыя помнікі вельмі ўскосна тычыліся этнічнага, яны ў істотнай ступені спрыялі фармаваньню грамадзянскай беларускай ідэнтычнасьці, а значыць, і грамадзянскага нацыяналізму, які будзе мець значэньне пры афармленьні Беларусі як незалежнай краіны.

Манумэнт у Брэсцкай крэпасьці
Манумэнт у Брэсцкай крэпасьці

— Ну, гэта помнікі вайны. Але ж Леніны і піянэры паўсюль аднолькавыя...

— Так. Хоць сёньня на курсах гісторыі мастацтва Беларусі студэнты вымушаныя называць імёны беларускіх савецкіх скульптараў, якія зрабілі сабе кар’еру ў першую чаргу на такіх замовах.

— Для хрысьціянскіх канфэсіяў, як вядома, уласьцівая асаблівая любоў да мошчаў і рэліквіяў, прысутнасьць якіх вызначае сьвятасьць таго ці іншага месца і прыцягвае туды пілігрымаў. А што з савецкай псэўдарэлігіяй? Ці можна знайсьці аналягі такога шанаваньня ёю рэліквіяў у Беларусі?

— Канечне, у нас няма помнікаў такога ўзроўню, як маўзалей Леніна ці, скажам, крэйсэр «Аўрора». Аднак у савецкай Беларусі, як і ў іншых рэспубліках, выразна прасочваецца тэндэнцыя выкарыстаньня рэліквій у прапагандзе. Арыгінальныя ці псэўдаарыгінальныя сьцягі рэвалюцыі, кашулі, у якіх былі расстраляныя героі, хлеб з блякаднага Ленінграду і гэтак далей. Даходзіла да кур’ёзаў. Так, колькі гадоў таму ў экспазыцыі івянецкага музэю мне давялося пабачыць нібы сапраўдныя кайданы, у якіх сядзеў у вязьніцы Фэлікс Дзяржынскі. Відаць, ён забраў іх з сабою з-за кратаў на памяць.

Музэй «Сэнс жыцьця» ў горадзе Полацку
Музэй «Сэнс жыцьця» ў горадзе Полацку

— Так, музэі былі поўныя такіх «сьвятыняў». А самі помнікі неяк трапляюць у гэтую лёгіку?

— Канечне, сапраўдных мошчаў Леніна мясцовыя музэі не захоўвалі, аднак памнажалі ягоную «прысутнасьць» на сымбалічным узроўні, так што ён прысутнічаў паўсюль калі не фізычна, дык на ўзроўні вобразу. Фактычна кожны помнік яму можна ўспрымаць як кенатаф, як пустую сымбалічную магілу, да якой прыносілі дары. Аднак постсавецкі мэмарыяльны сакрум ствараўся з выкарыстаньнем цалкам аўтэнтычнага матэрыялу, калі можна яго так назваць. Упершыню з канца XVIII стагодзьдзя ў цэнтрах беларускіх гарадоў, пасёлкаў і вялікіх сёлаў фактычна штучна ствараліся могілкі ахвяраў мінулай вайны. Мала было запаліць «вечны агонь», паставіць помнік і разьбіць сквэр вакол яго — неабходна было забясьпечыць фізычную прысутнасьць памерлых герояў. Дзеля гэтага праводзіліся іх масавыя перапахаваньні, пры гэтым нярэдка паводле рэпрэзэнтатыўнага прынцыпу, калі з агульнага пахаваньня ахвяраў маглі пераносіць толькі частку парэштак у адпаведнасьці з вызначанай агульнай колькасьцю. Чым большы населены пункт, тым большая колькасьць. У запатрабаванасьці фізычнай прысутнасьці памерлых герояў для савецкай дзяржавы не было нічога новага — узгадаем хоць бы пахаваньні ахвяр рэвалюцыі на Краснай плошчы ў Маскве.

Манумэнт на плошчы Перамогі ў Менску
Манумэнт на плошчы Перамогі ў Менску

— А чаму было трэба, каб менавіта самі памерлыя фізычна прысутнічалі ў пэўным месцы? Няўжо недастаткова было сымбалічнай прысутнасьці, як, скажам, зь Леніным?

— Адна справа — імітаваць рэлігійныя практыкі і зьместы, іншая справа — стасункі з самім сакральным. Перажываньне сакральнасьці ўласьцівае для любой сапраўднай рэлігіі, аднак адкуль яму ўзяцца ў выпадку імітацыі? Таму такое значэньне мела фізычная прысутнасьць памерлых, а значыць, самой тэмы сьмерці, якая сама па сабе здольная выклікаць экзыстэнцыйныя перажываньні. Яна — сапраўдны, праўдзівы элемэнт у штучных дэкарацыях, яна зьвязаная з сакральным паводле сваёй прыроды, а таму так неабходная ў стварэньні сымбалічных цэнтраў савецкай псэўдарэлігіі.

— Сяргей, савецкая сыстэма развалілася больш за чвэрць стагодзьдзя таму. Але яе сьвятыні застаюцца ў прасторы новай Беларусі. Ці захоўваюць яны сёньня свой сакрум? А мо яны сталі проста пустымі абалонкамі?

— Я думаю, што сёньня мы існуём у сытуацыі руінаў. Не фізычных, хоць і іх дастаткова, але руінаў значэньняў і сэнсаў. Помнік Леніну на пастамэнце можна пафарбаваць сьвежай фарбай, каб ён блішчэў, але гэта ня зьменіць таго факту, што з кожным годам ён страчвае свой сэнс і значэньне, ён руйнуецца ў сэмантычным сэнсе. Гэтая сытуацыя выяўляецца нашмат шырэй, чым проста ў помніках, і непазьбежна вядзе да эклектычнасьці, да штучнага злучэньня фрагмэнтаў розных сыстэмаў значэньняў. Узяць хоць бы сьвяткаваньне вясельля. Шмат дзе атрымала пашырэньне традыцыя ўскладаньня вянкоў ці кветак каля вайсковых мэмарыялаў Другой сусьветнай вайны, а часам каля помнікаў «воінам-інтэрнацыяналістам». У Кобрыне я быў сьведкам таго, як вясельны картэж тройчы аб’яжджае такі мясцовы помнік і пры гэтым гучна сыгналіць. Людзі злучаюць фрагмэнты савецкіх, хрысьціянскіх і проста народных традыцый у імкненьні насыціць сэнсамі абрад, які ў сучасным грамадзтве ўсё больш страчвае ўласьцівыя яму значэньні.

Помнік Леніну ў Лідзе
Помнік Леніну ў Лідзе

— А як з савецкімі помнікамі ўжываюцца хрысьціянскія канфэсіі? Ці імкнуцца яны замясьціць іх сёньня, скажам, капліцамі ці крыжамі?

— Нейкага заўважнага імкненьня да такога замяшчэньня я не назіраю. Ёсьць некаторая тэндэнцыя да хрысьціянізацыі вайсковых пахаваньняў, але гэта ў першую чаргу тычыцца новых помнікаў, дзе ў сымболіцы актыўна выкарыстоўваецца крыж. Часткова гэта распаўсюджваецца і на старыя мэмарыялы. Тут савецкія абэліскі не замяшчаюцца, але часам апынаюцца побач з новымі памятнымі знакамі зь відавочна хрысьціянскай сымболікай. Справа ў тым, што далёка ня ўсе героі і ахвяры мінулай вайны былі хрысьціянамі. Многія належалі да іншых канфэсій, многія былі атэістамі, таму наўпрост хрысьціянізаваць сымболіку вайсковых мэмарыялаў было б недарэчна. Хоць я не зьдзіўлюся, калі ў будучым мы станем сьведкамі такіх спробаў. Што ж да вайсковага, ці мілітарнага, складніку мэмарыялаў, то тут не назіраецца супярэчнасьцяў. Наадварот, часам заўважныя нават вельмі дзіўныя формы сымбіёзу. Да прыкладу, у горадзе Бярозе вайсковая тэхніка, якую нярэдка ў нас выкарыстоўваюць у мэмарыяльных мэтах, выстаўленая проста перад вялікай новай праваслаўнай царквою. Там дзіўную гармонію ўтвараюць храм, гелікоптэр, бранятэхніка і гэтак далей.

— Якая, на ваш погляд, будучыня савецкіх помнікаў і савецкага сакруму ў Беларусі? Яны застануцца, будуць зьмененыя, будуць зьнесеныя?

— Гледзячы якіх. Леніных ужо паступова прыбіраюць, ці, што ня меней цікава, перастаўляюць. З цэнтру — у кут плошчы, як у Нясьвіжы, ці ў супрацьлеглы ад плошчы бок праз вуліцу, як у Слуцку. Думаю, што з часам іх колькасьць будзе зьмяншацца, і бальшыню прыбяруць. Ня трэба акцэнтаваць на іх увагі, бо гэта актуалізуе іх, вяртае на нейкі час іхнае колішняе значэньне. Варта дачакацца іх поўнага сэмантычнага разбурэньня, ператварэньня ў пустую форму. Дачакацца таго часу, каб, калі людзі пачуюць, што недзе прыбіраюць помнік Леніну, яны са зьдзіўленьнем перапыталі сябе: «А ён што, яшчэ стаіць?»

Помнік Леніну каля падшыпнікавага заводу, 2013 год
Помнік Леніну каля падшыпнікавага заводу, 2013 год

— А як быць з вайсковымі мэмарыяламі? Яны ж пастаўленыя ў гонар людзей...

— На мой погляд, з часам непазьбежна прыйдзецца мяняць формы іх мэмарыялізацыі, калі мы насамрэч жадаем захаваць памяць пра ахвяраў Другой сусьветнай aвайны. Праблема ў тым, што савецкі мэмарыяльны сакрум звычайна прадугледжваў толькі калектыўныя формы памінаньня. У савецкіх мэмарыялах страчваецца асоба, яна тоне ў подзьвігу ўсяго народу. Як вынік — асабовыя стасункі з такім помнікам ці месцам аказваюцца практычна немагчымымі. У літаратуры асабовасьць памяці пра вайну вярнула пакаленьне Быкава і Адамовіча. Яны паказалі, што вайна — гэта кожны раз трагедыя асобнага чалавека, сям’і, а не абстрактных мільёнаў. Той жа зрух павінен адбыцца і ў дачыненьні да вайсковых мэмарыялаў. Патрэбна ясна ўсьведамляць, што праблема не ў савецкай форме помніка; яна ў тым, што ён савецкі паводле зьместу. І менавіта зьмест варта імкнуцца рэфармаваць.

Помнік Леніну ў горадзе Ашмяны
Помнік Леніну ў горадзе Ашмяны

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG