11 ліпеня пачалася 23-я штогадовая пілігрымка грэка-каталікоў зь Віцебску ў Полацак. Сёлета яе дэвізам сталі словы Францішка Скарыны «Людемъ посполитымъ к доброму научению».
Пра гэта карэспандэнту Свабоды сказаў канцлер грэка-каталіцкай курыі ў Менску — протапрэзьбітэр Яўген Усошын.
— Гэта прысьвячэньне падзеі, якую сёлета ў нас у краіне ўсе сьвяткуюць. Гэта 500-годзьдзе зьяўленьня Бібліі, выдадзенай Францішкам Скарынам. Падчас нашай пілігрымкі гэта асаблівым чынам сьвяткуецца. Пачынаючы ад сёньня і да заканчэньня пілігрымкі ў суботу будзем сьпяваць акафісты з «Малой падарожнай кніжкі» Францішка Скарыны. Сёньня дзень быў прысьвечаны праслаўленьню Імя Ісусавага і сьпяваўся акафіст Імю Ісусаваму, які быў адаптаваны айцом Аляксандрам Надсанам якраз з «Малой падарожнай кніжкі» Скарыны. Гэта якраз тэма сёлетняй пілігрымкі, і далей мы будзем асэнсоўваць гэтыя тэксты і маліцца імі.
Пілігрымы дойдуць да полацкага Сафійскага сабора, дзе на пачатку 18 стагодзьдзя былі закатаваныя за веру пяцёра манахаў-базыльянаў, полацкіх пакутнікаў.
— Пілігрымка штогод прысьвячаецца праслаўленьню полацкіх пакутнікаў, якія, як вядома, у 1705 годзе 11 ліпеня былі замардаваныя расейскім царом Пятром І і ягонай сьвітай у храме полацкай Сафіі. Сёлета застаецца гэты сэнс, гэта першапачатковае зерне пілігрымкі, толькі кожны год мае сваю асаблівасьць. Як нарадзілася гэтая пілігрымка з малітвай за полацкіх пакутнікаў, так яна і працягвае мець гэты характар.
Першы прыпынак пілігрымы зрабілі ў Заронаве, наступныя будуць у Шуміліне, Обалі і Гаранах. Шлях займае амаль 110 кілямэтраў. Распачалі пілігрымку каля 50 чалавек, па дарозе далучаецца больш вернікаў.