Мы жывём так, нібы, Бог памёр
— Ваша Эксэленцыя, вы прыехалі ў Магілёў на фэстываль духоўнай музыкі «Магутны Божа». У чым ягоная ўнікальнасьць? Ці ёсьць у яго будучыня? Што дае ён іміджу Беларусі?
— На постсавецкай прасторы я ня ведаю іншай краіны, дзе б падобныя фэстывалі адбываліся. Фэстывалі, якія зьбіралі б разам вернікаў і нявернікаў. Зьбіралі б калектывы, якія прадстаўляюць і Каталіцкі касьцёл, і Праваслаўную царкву, і пратэстанцкія супольнасьці — ня толькі зь Беларусі, але зь іншых краінаў Эўропы і нават з іншых кантынэнтаў.
Мы жывём у такі час, калі трэба будаваць еднасьць. Хрыстовы наказ, каб усе былі адзіныя, сёньня гучыць моцна, як ніколі раней. Мы бачым, колькі войнаў, тэрарыстычных актаў, колькі нязгоды ў сем’ях, грамадзтвах. Нязгоды між дзяржавамі. Тут ёсьць і Ўкраіна, і Сырыя. Ды й таксама Эўразьвяз. Мы бачым, што «Брэксыт» ужо сказаў сваё слова, ды іншыя «брэксыты» ў думках ходзяць. Усё гэта сьведчыць, што людзі чакаюць ад нас якойсьці дапамогі, вырашэньня.
Як вядома, музыка ня мае межаў. Яе разумеюць усе людзі. Музыка аб’ядноўвае ўсіх. Фэстываль «Магутны Божа» ня проста фэстываль музыкі, а духоўнай музыкі. Сёньня нам трэба быць адзінымі і разам усім хрысьціянам — католікам, праваслаўным і пратэстантам — несьці духоўныя каштоўнасьці ў наш сьвет. Бо сьвет сёньня жыве так, нібыта Бог не існуе.
Падчас сэксуальнай рэвалюцыі 1968 году на сьцяне Сарбонскага ўнівэрсытэту нехта напісаў «Бог памёр» і падпісаў «Ніцшэ». Але знайшоўся нехта іншы і закрэсьліў надпіс і напісаў: «Ніцшэ памёр. Бог». І ў сёньняшнім нашым сьвеце рабі што хочаш, жыві свабодна, бо Божы закон абмяжоўвае правы. Як нібы чырвонае сьвятло сьвятлафора абмяжоўвае свабоду кіроўцы, але калі ён паедзе, дык аварыя будзе. І гэтыя аварыі мы бачым у духоўным жыцьці, у жыцьці грамадзтваў. Таму гэты фэстываль дапамагае чалавеку дакрануцца да духоўных каштоўнасьцяў, каб на іх закладаць моцны фундамэнт нашага жыцьця сёньняшняга і будучага.
Мастацтва аб’ядноўвае
Мы глядзім на старыя будынкі касьцёлаў ці цэркваў, манумэнтальныя збудаваньні, узьведзеныя два, тры стагодзьдзі таму, але яны стаяць чамусьці. А новая пабудуюць — там трэснула, там трэснула, бо фундамэнту няма. Падмурак слабы. Так і ў нашым духоўным жыцьці няма гэтага духоўнага фундамэнту. І празь менавіта фэстываль гэтыя духоўныя каштоўнасьці ўносяцца ў жыцьцё.
Новым заданьнем Касьцёлу зьяўляецца новая эвангелізацыя. Ня трэба казаць, што Касьцёл выдумаў нейкае новае Эвангельле. Не! Яно тое ж самае, новыя толькі спосабы абвяшчэньня яго. Калісьці дастаткова было амбону ў касьцёле, але сёньня гэтага замала. Сёньня бяз радыё, тэлевізіі, інтэрнэту вельмі цяжка, але і без мастацтва цяжка. Мастацтва — адзін зь вельмі важных спосабаў пераказу Эвангельля, новай эвангелізацыі. Людзі любяць музыку, зьбіраюцца на яе. І на гэтых канцэртах розныя людзі будуць разам — і каталікі, і пратэстанты, і праваслаўныя, і атэісты таксама на адной лаўцы і будуць пляскаць артыстам. Гэта аб’ядноўвае людзей. І праз мастацтва яны дакрануцца да сьвятасьці і да каштоўнасьцяў, якія ніколі не праходзяць.
Калі прыяжджаюць на фэстываль прадстаўнікі зь дзесяці і нават больш краінаў, дык зразумела, што яны нешта павязуць адсюль, штосьці раскажуць пра тое, што тут бачылі. А бачылі прыгожы горад, прыгожых людзей, бачылі, што на фэстывалі прысутнічалі прадстаўнікі розных рэлігіяў, розных канфэсіяў, і яны адным голасам прамаўлялі. З гэтага складваецца імідж краіны.
Чалавек мае быць клопатам, які аб’ядноўвае Касьцёл і ўладу
— Фэстываль мае гісторыю працягласьцю 24 гады. Ужо прагучала думка, што ён «унікальны тым, што пачынаўся выключна як каталіцкі, але ўжо паўтара дзясятка гадоў аб’ядноўвае вернікаў трох канфэсіяў — праваслаўных, каталікоў і пратэстантаў...» Апошнія 15 гадоў фэстывалем актыўна займаецца і дзяржава.
— Ля вытоку гэтага фэстывалю стаяў Касьцёл, але маштаб ягоны быў не такі, як сёньня. І тое, што цяпер да фэстывалю далучыліся Праваслаўная царква, пратэстанцкія супольнасьці ды дзяржава, гэта сьведчыць пра тую еднасьці, якую згадваў. Мінуў час раскідваць камяні, надышоў час іх зьбіраць. Час сёньня дужа небясьпечны, і трэба ставіць шэксьпіраўскае пытаньне «быць альбо ня быць» для хрысьціянства, хрысьціянскіх каштоўнасьцяў.
Рэлігія не ад гэтага сьвету, але ў гэтым сьвеце і сацыяльнае вучэньне Каталіцкага касьцёлу настройвае, што мы мусім працаваць для грамадзтва. Дзяржава пастаўленая для чалавека, і Касьцёл пастаўлены для чалавека. Чалавек — той клопат, які нас аб’ядноўвае. Змушае нават нешта рабіць разам, клапаціцца для дабра чалавека ня толькі матэрыяльнага, але і культурнага і найперш духоўнага.
Калі пачынаўся фэстываль, я быў у Маскве. І мне расказвалі, як усё на радзіме праходзіла, і я з зайздрасьцю слухаў, бо мы не маглі падобнага зладзіць. Але тое, што сёньня розныя канфэсіі разьвіваюць ідэю, то гэта ўзбагачае фэстываль.
Без «Малітвы» Арсеньневай і Равенскага фэстываль «Магутны Божа» ня будзе поўным
— Ці можна казаць, што фэстываль «Магутны Божа» — прыклад удалага супрацоўніцтва, узаемадзеяньня Касьцёлу з уладаю?
— Так, фэстываль — адзін з прыкладаў супрацоўніцтва Касьцёлу з уладай, бо, як я ўжо казаў, і дзяржава для чалавека, і Касьцёл для чалавека. Праз гэты фэстываль мы таксама сумесна імкнёмся духоўна ўзбагаціць чалавека.
Вельмі важна, каб на фэстывалі прагучаў музычны твор Натальлі Арсеньневай і Мікалая Равенскага «Малітва». Першы радок з гэтага гімну даў назву фэстывалю. Кожны раз, калі фэст пачынаецца, яго заўсёднікі гадаюць, ці прагучыць гэты твор (на галя-канцэрце фэстывалю 27 чэрвеня гімн «Малітва» прагучаў. — РС).
Ён заўжды гучыць, наколькі я ведаю. Але бяз гэтага твору фэстываль ня быў бы поўным. Гэта важна. Мне наагул падаецца, што гэты гімн адсюль і пайшоў у народ. І сёньня мы ўсе яго сьпяваем. Мне было б вельмі шкада, калі б ён не прагучаў.
«Здаецца, што мяне пачулі»
— 2 траўня вы выступалі ў Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце. Гаварылі аб праблемах стасункаў між Касьцёлам і ўладай. Нагадалі, што многія каталіцкія сьвятыні застаюцца ў камунальнай уласнасьці і зрабіць іх уласнасьцю вернікаў няпроста. Казалі, што існуе праблема замацаваньня замежных сьвятароў у Беларусі, якіх могуць выдварыць з краіны на працягу некалькіх сутак. Ці пачулі вашы словы тыя, каму яны былі адрасаваныя? Ці гэта быў крык душы?
— Не хачу быць крывадушным, маўляў, сказаў і на гэтым усё скончылася, але гэта, так, быў крык душы, бо гэта набалела. Сапраўды праблемы існуюць. Аднак, калі існуюць праблемы, значыць касьцельны арганізм, таксама як і грамадзкі, жывыя. Цяжка сабе ўявіць, што я ня меў размоваў з уладамі праз гэты выступ. Мне здаецца, што я быў пачуты. Спадзяюся, што будуць нейкія рашэньні. Наагул ня трэба баяцца вырашаць праблемы.
Нядаўна Папа Рымскі Францішак агучыў такую прыгожую думку: «Чаго мы баімся выходзіць? Так, мы сядзім, не выходзім, нічога ня робім, маўляў, нашто нам лішнія праблемы. У такім разе мы падобныя да карабля ў ціхай бясьпечнай гавані, і ўсе штормы яму не пагражаюць. Аднак для чаго патрэбен карабель? Каб тавары перавозіць ды людзей. Дык калі ён будзе ў гавані, дык ён і нічога не перавязе. Не дасягне мэты, дзеля якой быў створаны. Ён павінен плысьці і ў шторм, і безь яго».
Так і мы павінны ня толькі глядзець на гэтыя праблемы, чакаючы, куды вецер падзьме, але спрабаваць іх вырашыць.
Я прыхільнік дыялёгу. Дыялёгу з уладамі ў пытаньнях, якія я ўзьняў падчас лекцыі ў Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь.
У нашых суседзяў папы былі, а Беларусь наведаць не ўдаецца
— Вы згадалі Папу Францішка. Ці варта чакаць ягонага візыту ў Беларусь у найбліжэйшай пэрспэктыве?
— Калі я першы раз спаткаўся з Папам Францішкам, то яму сказаў так: «Ваша Сьвятасьць, у нас на ўсходзе кажуць, што Бог Тройцу любіць». А ён мне: «Як гэта зразумець?» — «Да трох разоў нечага варта чакаць. Папа Ян Павел ІІ хацеў прыехаць, ды ня выйшла. Папу Бэнэдыкта запрашалі — ня выйшла. Таму трэці раз застаецца вам». Ён усьміхнуўся...
Мы молімся, і я заклікаю людзей маліцца за гэта, бо, як паглядзім, у балтыйскіх краінах Папа быў, ва Ўкраіне Папа быў. Нават у Азэрбайджане два разы і Армэніі, дзе каталікоў вельмі мала, але гэта кажу не таму, што недзе іх шмат, а недзе мала. Нават дзе адзін каталік, Папа можа прыехаць. Я думаю, што гісторыя Касьцёлу ў Беларусі, яго адраджэньне і сёньняшні стан, урачыстасьці, якія мы чакаем (у Будславе столькі людзей зьбярэцца), усё гэта заслугоўвае, каб кіраўнік Касьцёлу пабываў тут. Кожны хоча бачыць яго.
Колькі дзён таму я быў у Вільні, дзе адбывалася бэатыфікацыя мучаніка атэістычных часоў і рэжыму арцыбіскупа Тэафілюса Матулёніса. Ён для мяне вельмі блізкая фігура, бо ён быў сьвятаром Магілёўскай арцыдыяцэзіі (гэта самая вялікая была касьцельная адзінка на тэрыторыі ад Балтыйскага мора да Японскага), фармацыю на сьвятарства прайшоў у Санкт-Пецярбургу ў той сэмінарыі, якую мне даводзілася наноў адкрываць, будаваў касьцёл Сэрца Езуса ў Санкт-Пецярбургу, які быў закрыты і мне давялося яго вяртаць. Я там шмат разоў быў і лавіў ня раз сябе на думцы, што я хаджу па тых калідорах, сходах, знаходжуся ў тых аўдыторыях, дзе ён вучыўся. Мне вельмі прыемна было. Але чаму такое можа адбывацца ў Літве, а ня ў нас? Мы ж побач. Малюся, каб такое адбылося і ў нас калі-небудзь.
«Цешуся з таго, што ўдаецца вырашыць праблемы»
Ёсьць такая прыказка: «Узяўся за гуж — не кажы, што ня дуж». Усюды трэба служыць. Недзе лягчэй, недзе ёсьць складанасьці, цяжкасьці. Але калі бачыш, што нешта ўдалося зрабіць, што дапамог чалавеку, што дзякуючы тваёй працы новы касьцёл недзе збудавалі ці вырашана нейкая праблема, то з гэтага цешуся. Цешуся, што ёсьць радыё «Марыя». Мы столькі гадоў біліся, каб яно было. Цяпер яно ёсьць: няхай не на радыёхвалях, а як вэб-радыё, але ёсьць. І столькі людзей слухае яго. Таму — што гэтыя цяжкасьці, калі ёсьць вынік? Трэба імкнуцца, каб вынік быў.