Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Акадэмія навук рыхтуе канкурэнта Парку высокіх тэхналёгіяў — «БелБіяград»


Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, ілюстрацыйнае фота
Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, ілюстрацыйнае фота

Яшчэ адной ІТ-структуры ў Беларусі будуць дадзеныя дзяржаўныя прэфэрэнцыі. Як паведаміў у часе нарады ў рамках тыдня нанаіндустрыі намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Ўладзімер Сямашка, падатковыя палёгкі атрымаюць рэзыдэнты парку «БелБіяград».

Праект навукова-тэхналягічнага парку «БелБіяград» ініцыяваны Міністэрствам эканомікі яшчэ ў 2011 годзе. У 2013-м практычны бок рэалізацыі быў ускладзены на Нацыянальную акадэмію навук Беларусі. Галоўная задача тэхнапарку — акрэсьленае разьвіцьцё навукаёмістых галінаў, зьвязаных зь мікрабіялёгіяй, а таксама ў сфэры нанаматэрыялаў і нанатэхналёгіяў.

Дэкляравалася, што стварэньне «БелБіяграду» стане «магутным імпульсам для разьвіцьця высокатэхналягічнага сэктару нацыянальнай эканомікі, які будзе абапірацца на патэнцыял НАН і на замежныя распрацоўкі».

«Пакуль гэтае ўтварэньне зарэгістравана на агульных падставах, у тым ліку падатковых, — адзначыў Уладзімер Сямашка. — Аднак лічу, што посьпеху ня будзе, калі не зрабіць тое ж самае, што і для Парку высокіх тэхналёгіяў».

Чыноўнік удакладніў, што адпаведны ўказ прэзыдэнта ўжо падрыхтаваны. У гэтым выпадку, перакананы ён, эфэкт ад працы «БелБіяграду» будзе ня меншы за той, што ў выпадку з ІТ-паркам.

«У галіновай навуцы ёсьць аснова, якую трэба рэалізоўваць ня толькі ў лябараторыях, але і выходзіць зь ёю на прамысловую вытворчасьць», — цытуе Сямашку прэсавая служба ўраду.

Віцэ-прэм’ер лічыць, што са сваімі навуковымі напрацоўкамі Беларусь мусіць больш актыўна выходзіць на вонкавыя рынкі, у прыватнасьці на расейскі:

«Пэрспэктыўныя кірункі супрацоўніцтва — сумесныя праекты ў сфэры энэргетыкі, вытворчасьць новых матэрыялаў для прамысловасьці і будаўніцтва, мэдыцыны, сельскай гаспадаркі. У Беларусі назапашаны вялікі вопыт у электроннай і аптычнай сыстэмах, бачым пэрспэктывы ў сумесным разьвіцьці касьмічных тэхналёгіяў», — заявіў Сямашка.

Паводле ініцыятараў стварэньня чарговага ІТ-парку, цэнтар разьмесьціцца ў менскім мікрараёне Ўручча — ужо падабраныя памяшканьні, фармуецца дырэкцыя і пакет першых праектаў. Акадэмічныя інстытуты гатовыя прапаноўваць свае распрацоўкі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG