Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка абмежаваны ў сваіх магчымасьцях». Чым адметны цяперашні этап беларуска-расейскіх дачыненьняў


Чаму так позна праводзіцца паседжаньне Вышэйшага дзяржаўнага савету так званай Саюзнай дзяржавы? Чаму перад візытам Аляксандра Лукашэнкі ў Маскву Беларусі выдзелілі крэдыт Эўразійскага фонду? Якія супярэчнасьці застаюцца паміж саюзьнікамі?

Удзельнічаюць: Алег Груздзіловіч, Уладзімер Глод, Валер Карбалевіч.

Карбалевіч: Аляксандар Лукашэнка 29–30 чэрвеня знаходзіцца з працоўным візытам у Расеі. Мэта візыту — удзел у паседжаньні Вышэйшага дзяржаўнага савету Саюзнай дзяржавы, а таксама ў чацьвёртым форуме рэгіёнаў Беларусі і Расеі. Асобна заплянаваная сустрэча з Уладзімірам Пуціным.

Беларусь хацела б атрымаць большы доступ на расейскі рынак

Паседжаньні Вышэйшага дзяржаўнага савету Саюзнай дзяржавы звычайна праводзяцца або ў канцы году, або на самым пачатку новага. Бо паводле статуту толькі гэты орган можа зацьвердзіць гадавы бюджэт Саюзнай дзяржавы. Ніколі раней паседжаньне Вышэйшага дзяржсавету не праходзіла ў сярэдзіне году. Фактычна паўгода гэтая структура жыла без афіцыйна зацьверджанага бюджэту. Бо Лукашэнка адмаўляўся прыяжджаць на паседжаньне Вышэйшага дзяржсавету, пакуль Масква не ўрэгулюе канфлікт па нафце і газе. На парадку дня дзевяць пытаньняў. Найперш беларускія афіцыйныя асобы казалі пра праблему эканамічнай каапэрацыі суб’ектаў гаспадараньня дзьвюх дзяржаў. Беларусь хацела б атрымаць большы доступ на расейскі рынак.

29 чэрвеня Лукашэнка наведаў «Клюб галоўных рэдактараў» расейскіх СМІ, які ладзіць расейскае агенцтва ТАСС. Гутарка доўжылася каля трох гадзін, але інфармацыі пра яе зьмест няма.

Напярэдадні візыту ў беларуска-расейскіх дачыненьнях адбыліся тры падзеі. Па-першае, падпісаны кантракт аб продажы Расеяй Беларусі 12 самалётаў-зьнішчальнікаў СУ-30СМ. Дзеля гэтага РФ выдзяляе крэдыт. Кантракт будзе рэалізаваны цягам трох гадоў.

Эўразійскі фонд — гэта не МВФ, ён выдае грошы хутчэй з палітычных матываў

Па-другое, міністар энэргетыкі РФ Аляксандар Новак заявіў, што Расея паставіць у Беларусь у трэцім квартале бягучага году 4,5 млн. т нафты замест абяцаных 7 млн т. У некаторых мэдыях гэтую падзею пракамэнтавалі ў тым сэнсе, што паміж краінамі зноў пачаўся нафтавы канфлікт. Насамрэч гэта выклікана тэхнічнымі прычынамі. НПЗ праводзяць рэканструкцыю, таму скарачаюць аб’ём перапрацоўкі нафты.

Па-трэцяе, Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця пералічыў Беларусі чацьвёрты транш фінансавага крэдыту ў аб’ёме 300 млн даляраў. Такім чынам, з 2 млрд даляраў крэдыту фонду, прадугледжаных для Беларусі на працягу 2016–2017 гадоў, на сёньняшні дзень пералічана 1,4 млрд даляраў. Хоць беларускі бок ня выканаў адзін з паказчыкаў — набраў крэдытаў больш, чым прадугледжана ў крэдытнай праграме. Але Эўразійскі фонд — гэта не МВФ, ён выдае грошы хутчэй з палітычных матываў.

Глод: Гэты крэдыт толькі называецца эўразійскім крэдытам. У гэтым фондзе дамінуе Расея. Яе ўнёсак перавышае сумарныя ўнёскі ўсіх астатніх чальцоў. А хто мае грошы, той і вырашае пытаньні. Значыць, рашэньне аб траншы прымаў Крэмль.

Дачыненьні паміж Беларусьсю і Расеяй пэўны час заставаліся напружанымі. І тут Крэмль ужываў тактыку пугі.

Чаму грошы даюць напярэдадні перамоваў Пуціна і Лукашэнкі? Найперш, я думаю, таму, што Расея ня хоча губляць свайго апошняга саюзьніка. Апошняе дасьледаваньне Левада-Цэнтру паказала, што насельніцтва Расеі ў першай тройцы сваіх сяброў бачыць Беларусь, хоць рэйтынг тут зьнізіўся, а таксама Кітай і Казахстан.

Расея ня хоча губляць свайго апошняга саюзьніка

З другога боку, можна зразумець і Лукашэнку. Падзеі ва Ўкраіне яго насьцярожылі. Ён баіцца цалкам і адкрыта стаць на бок Масквы. Вядомае выказваньне расейскага прэзыдэнта пра катлеты і мухі прагучала яшчэ да ўкраінскіх падзеяў. А цяпер яно можа прагучаць у любы момант. Да таго ж Масква моцна сапсавала дачыненьні з Захадам. Таму Беларусь спрабуе схавацца ад узмацненьня напружанасьці паміж Расеяй і Эўрапейскім Зьвязам. І для гэтага знайшлі добрую форму — абраць ролю пасярэдніка. Празь яе Менск разьлічвае дывэрсыфікаваць адносіны і нейкім чынам зацьвердзіць незалежнасьць ад Масквы.

Лукашэнка абмежаваны ў сваіх магчымасьцях

Дзеля гэтага і трэба манэўраваць. У межах пэўных чырвоных ліній Лукашэнка гэта і робіць. Валер Карбалевіч зьвярнуў ужо ўвагу, што ўпершыню паседжаньне Вышэйшага Дзяржсавету так званай саюзнай дзяржавы адбываецца так позна. Лукашэнка наўмысна ігнараваў магчымасьць правесьці яго раней, хоць спачатку ў якасьці даты сустрэчы называліся і люты, і сакавік.

Але Лукашэнка абмежаваны ў сваіх магчымасьцях. Ён ведае, што існуюць чырвоныя рысы, чырвоныя лініі, за якія заступаць непажадана. А калі ён спрабуе пераступіць такую лінію, Крэмль папярэджвае. Папярэджвае ня словамі, а грашыма, дакладней, затрымкай чарговага крэдыту. А яшчэ Беларусь просіць крэдыт непасрэдна ў Расеі. Так што акцыі Пуціна тут высокія. І сварыцца з Расеяй тут не выпадае. А паколькі крэдыты патрэбныя, Лукашэнка і паехаў у Маскву.

А з боку Крамля тактыка не мяняецца. Яна фармулюецца проста — пуга і пернік.

Грузьдзіловіч: Я б дадаў некалькі момантаў. Найперш, Лукашэнка не ідзе супраць Масквы таму, што ён цалкам падзяляе пазыцыі — і зьнешнепалітычныя, і сутнасныя — Пуціна. Тут лепш сказаць, што ён ня можа публічна запярэчыць Маскве. Таму, выбіваючы гэтыя крэдыты недзе па кулюарах, ён публічна клянецца ў вернасьці Маскве і застаецца яе рэальным саюзьнікам.

Чаму Расея цяпер дала гэтыя 300 мільёнаў? Цяпер, якраз перад перамовамі, бо Лукашэнка кожныя фактычна перамовы, наколькі можна зразумець, прыяжджае з адной праблемай — з працягнутай рукой, просіць грошы.

крэдыт ад Расеі — гэта не зьвязаны крэдыт, як кітайцы даюць, толькі на нейкія мэты

І яшчэ момант. Я б пагадзіўся з напамінам Валера Карбалевіча пра гэтыя 12 СУ-30СМ, расейскія зьнішчальнікі, вельмі дарагія. Лукашэнка прасіў, каб яму прадалі іх за 25, максымум 30 мільёнаў даляраў, а аказваецца, што прадаюць за 50, і ўсе гэтыя 12 самалётаў абыдуцца беларускаму бюджэту ў 600 мільёнаў даляраў. Грошы проста неймаверныя для цяперашняй Беларусі, гэта фактычна вайсковы бюджэт аднаго году. А трэба аддаць толькі за нейкія 12 самалётаў цягам 3 гадоў.

І вось, магчыма, гэтыя грошы даюцца ў тым ліку для таго, каб Лукашэнка змог разьлічыцца за гэтыя самалёты. Безумоўна, крэдыт ад Расеі — гэта не зьвязаны крэдыт, як кітайцы даюць, толькі на нейкія мэты. Гэта фактычна з аднаго гаманца перакладаюць грошы ў другі гаманец, Лукашэнка можа гэтыя 300 мільёнаў выкарыстаць у тым ліку і на такія рэчы, як куплю самалётаў. Я мяркую, гэтыя рэчы зьвязаныя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG