Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Ветцы супрацоўнік Сьледчага камітэту асуджаны на 8 гадоў пазбаўленьня волі за вымагальніцтва


Суд Веткаўскага раёну 26 чэрвеня вынес прысуд па рэзананснай крымінальнай справе: супрацоўнік Сьледчага камітэту Аляксандар Масюкевіч абвінавачаны ў вымагальніцтве, былы міліцыянт Сяргей Кулікоў — у бязьдзейнасьці службовай асобы.

Ва Ўпраўленьні Сьледчага камітэту па Гомельскай вобласьці раней адмовіліся паведаміць, ці Аляксандар Масюкевіч — дзейны супрацоўнік СК. Вядома, што ён пакуль ня звольнены, а знаходзіцца ў распараджэньні начальніка УСК.

Супрацоўніка Сьледчага камітэту Аляксандра Масюкевіча па частцы 3 артыкула 208 Крымінальнага кодэксу (вымагальніцтва) асудзілі на восем гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй усёй маёмасьці. Былы міліцыянт Сяргей Кулікоў аштрафаваны на 350 базавых велічынь (8050 рублёў) на падставе ч. 2 арт. 425 КК (бязьдзейнасьць службовай асобы). Ён таксама пазбаўлены права на працягу пяці гадоў займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем функцый прадстаўніка ўлады, паведамляе БелаПАН.

Падчас судовых спрэчак прадстаўнік пракуратуры Мікіта Бусел прасіў суд пакараць Масюкевіча васьмю гадамі пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці, Кулікова — штрафам у 400 базавых велічынь і забаронай на пяць гадоў займаць пасады, зьвязаныя з выкананьнем функцый прадстаўніка ўлады.

Адвакаты абвінавачаных заявілі пра супярэчнасьці ў паказаньнях сьведак і пацярпелых, пра тое, што заключэньне экспэрта было прынята з парушэньнем заканадаўства, і папрасілі апраўдаць падабаронных.

Паводле вэрсіі абвінавачаньня, Масюкевіч, працуючы ў Сьледчым камітэце, зьдзейсьніў вымагальніцтва: патрабаваў у прадпрымальнікаў перадаваць яму грошы і матэрыяльныя каштоўнасьці, зламаў аднаму зь іх сківіцу, нанёсшы чатыры ўдары рукой і галавой, двойчы ўдарыў па твары другога. Гэта адбылося 16 чэрвеня 2016 году ў Ветцы. У райцэнтры ў двух прадпрымальнікаў было вытворчае памяшканьне. Яны па дамове рабілі транспартэры для камэрцыйнай структуры. Абсталяваньне не было пастаўлена ў тэрмін, і прадстаўнік прыватнай фірмы папрасіў супрацоўніка СК «дапамагчы» ў паскарэньні вытворчага працэсу. Па вэрсіі сьледзтва і абвінавачаньня, Масюкевіч запатрабаваў ад прадпрымальнікаў 100 даляраў пенi ў дзень за пратэрміноўку, а ў ходзе канфлікту ўдарыў іх некалькі разоў.

Сяргей Кулікоў, які на момант інцыдэнту працаваў опэрупаўнаважаным крымінальнага вышуку, абвінавачаны ў тым, што ён бачыў, як сьледчы парушае закон і «выбівае грошы» з прадпрымальнікаў, але не спыніў гэтыя дзеяньні.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG