Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Крычаве бадзяга паскардзіўся на міліцыянта за зьбіцьцё і памёр


Фота ©Shutterstock
Фота ©Shutterstock

У Крычаве капітана міліцыі Андрэя Генэралава вінавацяць у перавышэньні ўлады або службовых паўнамоцтваў. Супраць яго распачатая крымінальная справа за злачынства, учыненае ў 2016 годзе.

На міліцыянта паскардзіўся 60-гадовы бадзяга, якога нібыта супрацоўнік міліцыі зьбіў. Як паведаміла інфармацыйнае агенцтва «Магілёўскія ведамасьці» са спасылкай на абласное ўпраўленьне Сьледчага камітэту, 5 чэрвеня скаржнік быў знойдзены памерлым у крычаўскім парку Перамогі. Адзначаецца, што прыкметаў гвалтоўнай сьмерці ня выяўлена. Раённы аддзел Сьледчага камітэту праводзіць праверку.

«Папярэдне выяўлена адсутнасьць сувязі між падзеяй 2016 году і сьмерцю грамадзяніна», — гаворыцца ў публікацыі на сайце агенцтва.

Андрэй Генэралаў працаваў у Крычаўскім аддзеле міліцыі опэрупаўнаважаным. Дэталі справы застаюцца невядомымі. Невядома і тое, ці на свабодзе абвінавачаны і ці застаецца ён міліцыянтам.

У красавіку 2017 г. 11 супрацоўнікаў Крычаўскага аддзелу міліцыі паскардзіліся міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневічу. У лісьце міліцыянты вінавацілі начальніка райаддзелу Станіслава Чупрына і яго намесьніка Васіля Ціханенку ў незаконных дзеяньнях. Скардзіліся, што кіраўніцтва патрабуе дзяліцца прэміямі, неабгрунтавана пераводзіць на ўзмоцнены варыянт нясеньня службы, зьняважліва паводзіць сябе з падначаленымі.

Ініцыятара звароту да Шуневіча — начальніка аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі Крычаўскага РАУС Ігара Вусіка — звольнілі. Бяз працы застаўся адзін з падпісантаў звароту Андрэй Шашкоў. Абодвух пазбавілі працы ў міліцыі за распаўсюд дыскрэдытуючай інфармацыі ў СМІ. 31 траўня міністар унутраных спраў Ігар Шуневіч сказаў, што звольненыя міліцыянты парушылі ўнутраную карпаратыўную этыку.

Паводле Шуневіча, «сытуацыя ўзятая пад кантроль, матэрыялы першай праверкі выдзеленыя ў асобную справу і накіраваныя ў падразьдзяленьне Сьледчага камітэту для дачы прававой ацэнкі».

Міністар настойвае, што агульны маральна-псыхалягічны клімат у Крычаўскім РАУС дастаткова спакойны, узважаны і працоўны. «Сытуацыя лякалізаваная», — сьцьвярджае Ігар Шуневіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG