Сьледчы камітэт заявіў, што некаторыя СМІ распаўсюджваюць пра справу Даната Скакуна недакладную інфармацыю, якая мае вельмі далёкія адносіны да самой крымінальнай справы і доказнага матэрыялу.
«Складаецца ўражаньне, што хтосьці наўмысна дэзынфармуе грамадзкасьць, уводзячы яе ў зман. Са свайго боку мы разумеем, што адсутнасьць поўнай інфармацыі пра крымінальную справу запаўняецца рознага роду чуткамі, прыватнымі меркаваньнямі, няслушнымі высновамі і здагадкамі», — сказалі БелТА ў Сьледчым камітэце.
У Сьледчым камітэце заявілі пра сваю адкрытасьць для СМІ і грамадзкасьці. І выказалі нэгатыўнае стаўленьне да інфармацыйных баталій вакол крымінальнай справы Даната Скакуна.
Дата разгляду справы ў апэляцыйным парадку ў Вярхоўным судзе пакуль не прызначана, паведаміла ў фэйсбуку прэсавы сакратар Вярхоўнага суду Юлія Ляскова. У Сьледчым камітэце заклікалі СМІ і грамадзкасьць устрымацца ад розных заяў да заканчэньня судовага працэсу. Там запэўніваюць, што ўся інфармацыя па справе будзе прадстаўлена пасьля ўступленьня прысуду ў сілу.
У Менскім гарадзкім судзе 7 красавіка абвешчаны прысуд гімназісту Данату Скакуну ў справе аб нападзе на настаўніцу. Непаўналетні Данат прызнаны вінаватым у замаху на забойства з асаблівай жорсткасьцю. Суд прысудзіў яго да пазбаўленьня волі на 8 гадоў. Працэс быў закрытым.
У сацыяльных сетках створаны старонкі падтрымкі Даната Скакуна.