У кожнага фільму ёсьць два, у роўнай ступені займальныя, бакі: кіно як сам па сабе мастацкі твор і яго кантэкст. Чорна-белы, эстэцкі, дзіўны дакумэнтальны фільм «Саламанка» чапляе абодвума. Беларусы Аляксандра Кулак і Руслан Фядотаў у якасьці расейскіх студэнтаў зьнялі карціну, што запазычвае назву ў паселішча рэлігійнай суполкі мэнанітаў, у Мэксыцы. «Саламанка» была ўключана ў Нацыянальны конкурс кінафэстывалю «Лістапад», які па вызначэньні павінен зьбіраць найвыбітнейшае беларускае кіно апошняга часу, і ў выніку была названая найлепшым дакумэнтальным фільмам праграмы. То бок карціна расейскай вытворчасьці, дзеяньне якой адбываецца ў Мэксыцы, узяла ўзнагароду конкурсу беларускага кіно, што выклікала спрэчкі і некаторае непрыманьне. У адказ на гэтае непрыманьне варта сказаць, што хоць сувязь з нашымі шыротамі на першы погляд выяўляецца толькі ў месцы нараджэньня аўтараў, «Саламанка» адсылае да беларускай рэчаіснасьці больш глыбока, менш відавочна і, дарэчы, трапна.
на экране – ня наша з вамі вымярэньне, а незямны, дзіўны, амаль фантастычны сьвет
Але ў першую чаргу карціна цікавая сама па сабе — дзякуючы незвычайнай эстэтыцы, шэрагу парадоксаў і ўнівэрсалізму крайняй ступені. Дзеяньне фільму ад пачатку і да канца адбываецца ў мэксыканскім паселішчы радыкальных пратэстантаў, а галоўным і адзіным героем зьяўляецца яго жыхар, але, як ні дзіўна, нельга сказаць, што гаворка ідзе пра Мэксыку, Саламанку альбо мэнаніцтва (утворанае ў XVI стагодзьдзі адгалінаваньне пратэстантызму, дзе спэцыфічнае веравучэньне цалкам фармуе лад жыцьця і погляды яго пасьлядоўнікаў). Так працуюць мэтамарфозы дакумэнтальнага матэрыялу, здабытага ў маленькім замкнёным соцыюме і ўключанага ў складаную кінаканструкцыю. Хоць фільм будуецца выключна на дакумэнтальных плянах (некаторыя жыхары Саламанкі нават, баючыся ці саромеючыся камэры, закрываюць твар рукамі), на экране — ня наша з вамі вымярэньне, а незямны, дзіўны, амаль фантастычны сьвет. Рэжысэры аддалілі яго ад навакольнай рэчаіснасьці гледачоў: чорна-белы колер, рытм, ракурсы, стомлены закадравы голас, закрытае грамадзтва ствараюць танальнасьць антыўтопіі, то бок нечага выдуманага. Так, па апошняй модзе, размываюцца межы паміж дакумэнтальным і ігравым кіно: «Саламанка» — чысты «арт», прыналежнасьць да якога звычайна зьяўляецца прывілеяй ігравых карцін.
Унівэрсалізм у дзеяньні — пабудаванае на дакумэнтальным матэрыяле містычнае асяродзьдзе не патрабуе прывязкі да назваў, і веды пра месца здымак, краіну паходжаньня аўтараў ці іх адукацыю ў цэлым не патрэбныя. Галоўным зьяўляецца старажытны, вечны, асноватворны, тысячы разоў увасоблены ў сусьветным мастацтве матыў свабоды і выбару, у гэтым выпадку абыграны далікатна і вытанчана.
не сьпяваць, не танцаваць, не маляваць, працаваць, чытаць Біблію
Карціна адкрывае нам паселішча мэнанітаў зь яго жыхарамі: сямейныя будні, побыт, гаспадарка, урокі ў школе, дзіцячыя гульні. Дакумэнтальныя пляны, якія, як ужо казалася, на экране выглядаюць нечым «створаным», суправаджаюцца закадравым інтрыгоўна мэлянхалічным голасам, які распавядае сваю гісторыю — адкрыцьцё жыхара Саламанкі, які вырас у соцыюме са строгім, нязьменным, можна сказаць, суровым парадкам. Не сьпяваць, не танцаваць, не маляваць, працаваць, чытаць Біблію (і то ў абмежаванай колькасьці), пасьля вячэры адразу спаць. Пакуль на экране спрабуеш знайсьці героя, узіраесься ў мужчыну ў капелюшы, які няўпэўнена і баязьліва глядзіць у камэру, разумееш, што бачыць яго зноў жа неабавязкова. Візуальныя вобразы і закадравы голас ілюструюць адзін аднаго толькі часткова: вось нябачны герой, а вось асяродзьдзе, якое яго сфармавала. Вось жыхары Саламанкі ў аднолькавым адзеньні, а вось нехта пэўным чынам ад іх адрозны.
Ён распавядае гісторыю хлопчыка, які вырас у паселішчы і ў доме, дзе расьлі яшчэ некалькі пакаленьняў яго продкаў. Ён жыў па тых жа правілах, вучыўся ў школе, ведаў сваю будучыню, здаецца, дакладна, але аднойчы з бацькам трапіў у галавакружны ад сваёй непадобнасьці горад. Тады перад абрадам хрышчэньня, самай важнай падзеяй у жыцьці мэнаніта, хлопец задаўся пытаньнем, ці правільны шлях яму прапануе суполка і ці ня лепшым будзе жыцьцё за яе межамі? Соцыюм вельмі своеасабліва, але хутка дапамог дзіцяці зрабіць выбар і вызначыць сваю будучыню. Дарэчы будзе ўспомніць Канта, упэўненага, што «паміж рабствам і сьмерцю чалавек абярэ сьмерць», і падвесьці пад гэтую думку ўсе разважаньні аб сутнасьці карціны.
У фільме мы чуем голас ужо не хлопчыка, а дарослага чалавека, які час ад часу ўяўляе; «а што было б, калі б ён прыняў іншае рашэньне?». Гэтага мужчыну вы ня знойдзеце ў сапраўднай мэксыканскай Саламанцы: апавяданьне, якое мы чуем, аўтары скампілявалі зь некалькіх гісторый, агучылі і пусьцілі ў ход, што ўносіць пэўны ўклад ва ўнівэрсалізм карціны. Дылему героя можна лёгка перанесьці на сотні знаёмых сытуацый, уласна, яна і ёсьць сувязнае зьвяно з беларускім бокам.
«Саламанку» можна разглядаць як мэтафарычны расповед пра дыктатуру
Сурэжысэр карціны Руслан Фядотаў, абмяркоўваючы фільм, сказаў, што сумневы галоўнага героя былі ўласьцівыя яму самому перад тым, як зьехаць з Гомелю, а потым зь Беларусі. Унівэрсальную «Саламанку», якая расказвае пра складанасьць выбару паміж гатовай формулай і свабодай у рэлігійнай закрытай суполцы, то бок пра катэгорыю ў цэлым абстрактную, можна разглядаць як мэтафарычны расповед пра дыктатуру і яшчэ больш канкрэтна — пра Беларусь.
Акрамя як чалавекам, які ў дзікіх, але звыклых яму абмежаваньнях марыць аб вольным горадзе, краіну больш нічым характарызаваць ня трэба. Атрымліваецца шматзначная і дакладная мэтафара, заключаная ў рамкі хронамэтражу аднаго фільму, а за ёй — грамадзтва, умовы яго фармаваньня і два сьветы, паміж якімі яно балянсуе. Вядома, параўнаньне можна назваць некарэктным, але антыўтопія, якой мне падаецца «Саламанка», дапускае якія заўгодна перабольшаньні.
параўнаньне зь Беларусьсю – толькі адна з інтэрпрэтацый
Параўнаньне зь Беларусьсю — толькі адна з інтэрпрэтацый, хоць кожны кадр фільму пацьвярджае яго «недатычнасьць». Ніводнага выпадковага слова, адсылкі праз знак ці дэталь, плякатнага паказваньня — можна насадзіць на карціну любую сытуацыю, ад дробных жыцьцёвых рашэньняў да партрэту дзяржавы, і аказацца са сваёй вэрсіяй цалкам справядлівым. Умоўнасьць і ўнівэрсалізм пазбаўляюць карціну, што важна, ацэначных меркаваньняў. Фільм не маніпулюе глядацкімі сымпатыямі, не падводзіць да высноваў, не навязвае кірунак разважаньняў, а толькі распавядае гісторыю і нічога больш. Таму «Саламанка», калі разглядаць яе ў кантэксьце алюзій да беларускага грамадзтва, аказваецца вельмі тактоўнай.
Трэба аддаць належнае аўтарам: яны выкарысталі патэнцыял месца і без таго дзіўнага для звычайнага гледача, і замест таго, каб сканцэнтравацца на адлюстраваньні дзён мэксыканскіх мэнанітаў, пабудавалі на гэтым нешта больш шырокае, важнае і па-мастацку прыгожае. Рэжысэры апрацавалі матэрыял шэрагам парадоксаў, начынілі яго сэнсаўтваральным адчуваньнем сумнай пакоры, зрабілі дакумэнтальнае кіно прытчавым. Перад гледачом — стыльная, апраўдана чорна-белая, інтрыгавальная штучка з шэрагам сымбаляў-мэтафар. Хоць мэтафары тут і прымітыўныя, ці, можна сказаць, клясычныя — аповед распачынаецца з колам і ценем, якія ў нейкім сэнсе вызначаюць канцоўку, а птушка ў небе проста цьвеліць.
гэта адно з найвайжнейшых дасягненьняў апошняга часу
Карціна магла быць сьмела названая ня проста найлепшым дакумэнтальным фільмам Нацыянальнага конкурсу, але і найлепшай карцінай праграмы наогул. Для беларускага кіно, калі лічыць «Саламанку» яго часткай, гэта адно з найвайжнейшых дасягненьняў апошняга часу і адна з найвялікшых страт. Шкада, што аўтары фільму, які адхіляецца ад канкрэтнай геаграфіі і ў той жа час падкрэсьлівае рознасьць і самастойнасьць сьветаў, пакінулі нашу «суполку». «Саламанку», якая трымаецца наднацыянальнага характару і ўнівэрсальнасьці, мы ўсё роўна імкнемся падагнаць пад геаграфічныя назвы. Магчыма, у будучыні мы зноў убачым у працах рэжысэраў алюзіі да Беларусі, але будзем выказвацца супраць іх удзелу ў Нацыянальным конкурсе. Тонкая мяжа паміж беларускім і небеларускім кіно. Уся гэта гісторыя — і сам фільм і яго кантэкст — не паказваюць, дзе свабода і ў чым правільны шлях, затое прапануюць прымаць любы выбар, а ў выпадку з кіно — арыентавацца, дзе хаваюцца сапраўды сутнасныя рэчы. І нарэшце, мы маем кінаантыўтопію з адсылкай да Беларусі і факт яе зьяўлення проста трэба ведаць.
Ірэна Кацяловіч
Фільм «Саламанка» можна паглядзець тут.