Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці ўдасца пажылым габрэям вярнуць падатак за патранажныя паслугі?


Менск, мэмарыял "Яма"
Менск, мэмарыял "Яма"

Шмат каму з пажылых беларускіх габрэяў прыйшлі паведамленьні пра неабходнасьць сплаціць падатак за паслугі патранажных работнікаў, якія іх даглядаюць. Гэтую дапамогу аказваў старым людзям амэрыканскі габрэйскі камітэт «Джойнт» празь дабрачыннае таварыства «Хэсэд».

Пасьля розгаласу ў СМІ Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь нарэшце апублікавала афіцыйнае тлумачэньне. «Мы знаходзімся ў працэсе пацьверджаньня таго, што гэтае тлумачэньне сапраўды вызваляе кліентаў „Хэсэду“ ад выплаты гэтага падатку», — заявіла рэгіянальная дырэктарка «Джойнт» па краінах былога СССР Міхаль Франк.

Сплаціць падатак патрабуюць не падатковыя органы, а аддзяленьні «Хэсэду»

«Джойнт» — Амэрыканскі аб’яднаны габрэйскі камітэт па разьмеркаваньні фондаў (JDC) — аказвае дапамогу габрэям у розных краінах сьвету. У Беларусі «Джойнт» працуе праз грамадзкую дабрачынную габрэйскую арганізацыю «Хэсэд-Рахамім», якая мае філіі ў рэгіёнах.

Многія пажылыя людзі, якім ад мясцовых аддзяленьняў «Хэсэду» прыйшлі «лісты шчасьця» з просьбай сплаціць падатак за патранаж, аказаліся законапаслухмянымі грамадзянамі і, як толькі атрымалі паведамленьні, пасьпяшаліся сплаціць запатрабаванае. Спадарыня Ганна са Сьветлагорску кажа:

«Мне 85 гадоў, 9 гадоў таму памёр муж, дзяцей у нас не было. Я перанесла некалькі апэрацый, у тым ліку і анкалягічную, перасоўваюся зь цяжкасьцю — з кійком. Мне аказвае дапамогу патранажная сястра, якая прыносіць лекі, прадукты, прыбірае ў кватэры. Ёй за гэта плаціць габрэйская дабрачынная арганізацыя „Хэсэд Эмануіл“, якая знаходзіцца ў Мазыры. Нядаўна мне прыйшло паведамленьне з „Хэсэду“: маўляў, паслугі, якія мне аказваюцца, лічацца маім прыбыткам, зь якога я павінна сплаціць падаходны падатак. Я патэлефанавала ў Мазырскае аддзяленьне „Хэсэду“, кіраўніца яго Ірына Максімаўна кажа: „Нічога зрабіць ня можам, з нас патрабуюць сплаціць падаткі ў бюджэт“. Вось і сплаціла я за 3 месяцы 330 рублёў. То бок у месяц атрымліваецца па 110 рублёў падатку. Канечне, гэтыя грошы для мяне ня лішнія, але без дапамогі патранажнай сястры я не абыдуся, таму адмаўляцца ад яе паслугаў ня буду. А што гэтыя грошы мне ўдасца вярнуць, я ня веру».

Яшчэ адна 86-гадовая жанчына з Мазыра, да якой таксама прыходзіць патранажная работніца, таксама атрымала паперу з аб’яднаньня «Хэсэд-Эмануіл» — і сплаціла за месяц 69 рублёў падатку:

«Я жыву адна, не магу абысьціся без дапамогі, часта хварэю, ледзьве перасоўваюся. Але такі падатак амаль у 70 рублёў штомесяц для мяне — вялікая сума. Раней да мяне прыходзіла жанчына на 25 гадзін на тыдзень, хадзіла ў краму і аптэку, прыносіла прадукты, лекі, прыбірала, гатавала. Цяпер я вымушаная ад часткі паслуг адмовіцца. Яна будзе прыходзіць толькі на 10 гадзін у тыдзень, па 2 гадзіны ў дзень будзе дапамагаць мне».

Калі ў аўторак Радыё Свабода зьвярнулася з пытаньнем да кіраўніка Ўпраўленьня інфармацыі Міністэрства па падатках і зборах — на якой падставе ад людзей патрабуюць сплаціць падатак? — Сяргей Шкут адказаў:

«Падатковыя органы нічога не рассылалі. Паглядзіце, ад каго ідуць гэтыя паведамленьні, хто іх рассылае. Не фантазіруйце. На чыім блянку зьмешчаныя паведамленьні? Габрэйскага дабрачыннага аб’яднаньня? Вось да іх і зьвяртайцеся».

Лісты з просьбай сплаціць падатак прыйшлі людзям сапраўды не з падатковых органаў, а на блянках «Хэсэдаў».

Ірына Гаўрыловіч, дырэктарка габрэйскага дабрачыннага грамадзкага аб’яднаньня «Хэсэд Эмануіл», зарэгістраванага ў Мазыры, пытаньне Свабоды, хто быў ініцыятарам увядзеньня падатку, адказваць адмовілася. «Без камэнтароў», — сказала яна і паклала слухаўку.

Міністэрства па падатках раіць зьвяртацца да мясцовых уладаў, каб адмянілі падатак

Супрацоўніца беларускага прадстаўніцтва «Джойнт» у Беларусі ад камэнтароў адмовілася, папрасіла даслаць пытаньні ў пісьмовым выглядзе, а таксама ўзгадніць усё з кіраўніцтвам галаўнога офісу ў Нью-Ёрку.

19 чэрвеня рэгіянальны дырэктар «Джойнту» па краінах экс-СССР Міхаль Франк у сваім лісьце падкрэсьліла, што ініцыятарам падатку з дабрачыннай дапамогі і паслугаў стала менавіта беларуская дзяржава. Яна таксама адзначыла, што «падразьдзяленьні яе арганізацыі раяць пажылым кліентам у індывідуальным парадку зьвяртацца да мясцовых уладаў з просьбай вызваліць пажылых людзей ад падатку з прычыны ўзросту, стану здароўя, адзінокага статусу».

У афіцыйным камэнтары, які зьявіўся на сайце Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь у сераду, пералічваюцца дакумэнты, на падставе якіх ідуць налічэньні падаткаў. У прыватнасьці, ёсьць спасылка на прэзыдэнцкі дэкрэт № 5 «Аб замежнай бязвыплатнай дапамозе», які быў падпісаны ў жніўні 2015 году.

Калі коратка, сэнс тлумачэньня такі: патрабаваньне сплаты падатку з гуманітарнай дапамогі цалкам законнае, але мясцовыя ўлады могуць вызваляць грамадзянаў ад яго сплаты — трэба зьвярнуцца з адпаведнай заявай.

Генэральны дырэктар Саюзу беларускіх габрэйскіх грамадзкіх арганізацый і грамадаў Вікторыя Бруміна сказала Радыё Свабода:

«У Берасьці людзі атрымалі паведамленьні, што ім трэба сплаціць падатак, і мясцовая філія „Хэсэду“ зьвярнулася ў выканкам, а выканкам сваёй уладай іх вызваліў ад сплаты падатку. У Берасьці ўдалося вырашыць пытаньне, у Мазыры і Сьветлагорску — пакуль не».

Але вернемся да тлумачэньня Міністэрства па падатках і зборах наконт сытуацый, калі ад пажылых людзей патрабуюць, каб яны сплацілі падатак за патранажныя паслугі:

«Сустракаюцца сытуацыі, калі дабрачынныя арганізацыі аказваюць бязвыплатна дапамогу грамадзянам (інвалідам, пэнсіянэрам) у выглядзе прыбіраньня жытла, ажыцьцяўленьня пакупак за кошт уласных грошай чалавека, якому дапамагаюць. Аказваюць такую дапамогу непасрэдна работнікі дабрачынных арганізацый, ім выплачваецца заробак, зь якога ўтрымліваюць падатак.

Паколькі вышэй пазначаная дапамога аказваецца грамадзянам на бязвыплатнай аснове, без прыцягненьня іншых арганізацый і фізычных асоб, то пры такіх абставінах прыбытку, які падлягае абкладаньню падаходным падаткам, у грамадзянаў у падобных сытуацыях не ўзьнікае».

«Мы знаходзімся ў працэсе пацьверджаньня таго, што гэтае тлумачэньне сапраўды вызваляе кліентаў „Хэсэду“ ад выплаты гэтага падатку», — заявіла рэгіянальны дырэктар «Джойнту» па краінах былога СССР Міхаль Франк.

«Ня кожны гатовы і ў стане адстойваць свае правы»

Ёсьць тут і маральны аспэкт — старыя людзі перажылі стрэс, атрымаўшы паведамленьні пра неабходнасьць сплаціць падатак. Вікторыя Бруміна кажа, што гэтая сытуацыя ўзьнікла ня сёньня, і некаторыя законапаслухмяныя грамадзяне, атрымаўшы лісты, ужо сплацілі гэты падатак. Таму Саюз беларускіх габрэйскіх грамадзкіх арганізацый і грамадаў будзе разьбірацца і дапамагаць, запэўніла кіраўніца:

«Нарэшце зьявілася тлумачэньне, і мы са свайго боку будзем разьбірацца. Калі людзі не павінны плаціць, ім павінны грошы вярнуць, як я разумею. І ў нашых арганізацый, „Хэсэдаў“, павінна быць папера, што дапамога такога кшталту, якая аказваецца старым, інвалідам, падаткам не абкладаецца.

Людзі, якія атрымліваюць дапамогу патранажнага работніка — сапраўды самотныя, маламаёмныя, часьцяком яны самі ня могуць сябе абслугоўваць, і для іх быў пэўны стрэс, калі яны атрымалі паперу на сплату падатку. Ня кожны гатовы і ў стане адстойваць свае правы. Але цяпер, калі ёсьць афіцыйнае тлумачэньне, гэта будзе кіраўніцтва да дзеяньня з падатковымі органамі менавіта для „Хэсэдаў“ і іншых дабрачынных арганізацый, якія аказваюць бязвыплатную дапамогу.

Нашы арганізацыі на месцах павінны дапамагчы ўсім людзям, якія сплацілі падаткі за патранажную дапамогу, вярнуць грошы».

За беларускіх габрэяў, якія атрымліваюць гуманітарную дапамогу, гатовыя заступіцца і міжнародныя габрэйскія арганізацыі. Дэпутатка ізраільскага парлямэнту — Кнэсэту — Талі Плоскаў, кіраўніца міжпарлямэнцкай групы Ізраіль-Беларусь, выказала абурэньне падаткам.

На сайце «Зручны горад» зьбіраюць подпісы пад пэтыцыяй «Адмяніць падаходны падатак для ацалелых у Галакосьце».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG