Саюз беларускіх пісьменьнікаў адмыслова да дня народзінаў Васіля Быкава выпусьціў апавяданьне Васіля Быкава «Сваякі», зробленае ў жанры графічнага раману маладым мастаком Янам Жвірблем. Кніга пабачыла сьвет у выдавецтве «Кнігазбор».
А ў сэрыі «Мая беларуская кніга» выйшлі аповесьць «Мёртвым не баліць» і кароткія прыпавесьці «Жоўты пясочак».
19 чэрвеня споўнілася б 93 гады народнаму пісьменьніку Беларусі Васілю Быкаву. На магілу Быкава ў дзень яго народзінаў прыйшлі старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч, паэт Уладзімер Някляеў, публіцыст Сяргей Ваганаў, перакладчык Лявон Баршчэўскі, маладыя літаратары Усевалад Сьцебурака, Ціхан Чарнякевіч, Віка Трэнас, грамадзкія актывісты Ніна Шыдлоўская, Алена Маркоўская, журналісты ды іншыя.
«Духоўнае ствараньне Быкава доўжыцца, яно ня скончылася зь ягоным адыходам. І, на жаль, пераконваесься ў многіх рэчах, якія сьцьвярджаў Васіль Уладзімеравіч. Напрыклад, у тым, што шлях да беларускай Беларусі, да той Беларусі, пра якую марылі нашы папярэднікі, пачынаючы з Кастуся Каліноўскага, Янкі Купалы, Якуба Коласа, будзе невыносна цяжкім, калі наагул зможам мы дайсьці да мэты. Памятаю, пры жыцьці, калі ён гэта прамаўляў, я ўнутрана не пагаджаўся. Але, прайшоўшы гэты шлях яшчэ пры Быкаву і безь яго, даводзіцца канстатаваць, што суровая праўда жыцьця на баку Васіля Быкава», — сказаў Уладзімер Някляеў.
Ён прачытаў свой верш, прысьвечаны Васілю Быкаву — «Калі з вайны вярнуліся салдаты...»
Пісьменьнікі прыйшлі ня толькі з кветкамі, але і з падарункамі — кнігамі. Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Барыс Пятровіч прадставіў графічны раман «Сваякі» паводле твору Васіля Быкава, уключанага ў школьную праграму. Малады мастак Ян Жвірбля зрабіў ілюстрацыі да твору Быкава ў выглядзе коміксу. Кніга пабачыла сьвет у выдавецтве «Кнігазбор».
Выдавец Уладзімер Сіўчыкаў падараваў удаве Васіля Быкава Ірыне Міхайлаўне два новыя тамы з сэрыі «Мая беларуская кніга» — позьнюю малавядомая прозу народнага пісьменьніка «Жоўты пясочак» і аповесьць «Мёртвым не баліць».
Літаратар, перакладчык Лявон Баршчэўскі адзначыў, што Васіль Быкаў, яго памяць належна не ўшанаваныя, хацелася б больш бачыць выданьняў яго бесьсьмяротных твораў, больш фільмаў паводле кніг Быкава.
Удава пісьменьніка Ірына Міхайлаўна Быкава згадала ўсіх сяброў Васіля Быкава, якія адышлі ўжо ў лепшы сьвет — Рыгора Барадуліна, Генадзя Бураўкіна, Валянціна Тараса.