Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы гатовыя да праўды, адкрыйце архівы КДБ для ўсіх


Павал Якубовіч у інтэрвію Ганьне Соўсь называе «дзіцячым» жаданьне беларусаў адкрыць архіўныя дакумэнты пра камуністычныя рэпрэсіі. Раней у цынізьме яго пераплюнуў хіба што толькі Аляксандар Лукашэнка, які ўшчуваў Захад, каб той не паганяў беларусаў да дэмакратыі, маўляў, яны да яе яшчэ не дарасьлі.

У панядзелак рэдактар «СБ. Беларусь сегодня» паспрыяў, каб дачка забітага камуністамі паэта Тодара Кляшторнага паглядзела сакрэтныя дакумэнты справы рэпрэсаванай маці. Маці як жонку ворага народу адправілі зь дзецьмі ў лягер. Тодара Кляшторнага рэабілітавалі 60 гадоў таму, маці вярнулася ў Беларусь пасьля сьмерці Сталіна, але дачка змагла патрымаць у руках і прачытаць сакрэтныя дакумэнты на 81-м годзе жыцьця.

Мая Тодараўна і раней спрабавала пазнаёміцца з гэтай папкай. Але ёй зачытвалі ўголас асобныя аркушы, не дазваляючы нават зазірнуць у іх. Што ж там такога было? Сакрэтныя нумары ядзернай бомбы ці пін-код да залатога запасу краіны?

Таямніцу раскрывае сам Павал Якубовіч: «„Пусьціце ў архіў“. Дружок, што ты ў архіве знойдзеш? У большасьці крымінальных справаў хаваюцца страшныя падрабязнасьці», якія шакуюць.

Якубовіч, дарэчы, прыводзіць пару прыкладаў з архіву наконт Браніслава Тарашкевіча, які наўрад ці быў ягоным сваяком. Сваю цікавасьць да дэталяў чужой справы рэдактар «Советской Белоруссии» дзіцячаю, відаць, ня лічыць. Але іншым беларусам у праве доступу да архіваў адмаўляе.

Я хачу ведаць пра іхныя справы ўсё і хачу пра гэта размаўляць

У маёй сямʼі былі рэпрэсаваныя каля дзясятка чалавек. Усіх іх рэабілітавалі, прызнаўшы гэтым самым злачыннасьць суду і судовых выканаўцаў. Я хачу ведаць пра іхныя справы ўсё і хачу пра гэта размаўляць. Хачу, каб даносы і перасьлед за погляды былі названыя пайменна, каб зьнішчыць табу, якое гэтую подласьць узносіць у ранг каштоўнасьцяў нават сёньня. Гэта частка гісторыі маёй сямʼі. Як і Якубовіч, я хачу ведаць праўду. Ці дзеля гэтага я абавязкова мушу ўзначаліць друкаваны орган Адміністрацыі прэзыдэнта?

Палякі, вугорцы, немцы ўжо даўно гэта зрабілі, і людзі там жывыя, няма помсты сваякам катаў, няма новае крыві

Злачынствы Сталіна прызналі яшчэ ў хрушчоўскія часы, а дзяржава працягвае гуляць зь беларусамі ў кошкі-мышкі. Знаёмства Маі Кляшторнай з дакумэнтамі здымалі на фота ў рэдакцыі, як быццам гэтую папку паднялі з дна Паўночнага Ледавітага акіяну і аднаўлялі па крупінках у лябараторыі Акадэміі навук.

Што замінала зрабіць гэта 10 ці 20 гадоў таму? Чаму спрыяць перадачы дакумэнтаў мусіў Якубовіч? Калі б гэтыя паперы Кляшторнай паказалі раней, то што, зямля сышла б з арбіты, а сонца перастала б сьвяціць?

Сёньня ўлада так шмат кажа пра патрэбу ўшанаваньня забітых у Курапатах, пра помнік, пра справядлівасьць. Калі гэта шчырае памкненьне, дык адкрыйце архівы КДБ для ўсіх. Палякі, вугорцы, немцы ўжо даўно гэта зрабілі, і людзі там жывыя, няма помсты сваякам катаў, няма новае крыві. Дазвольце кожнаму, без дапамогі Паўла Якубовіча, пабачыць усё, што ляжыць у папках.

Архівы зачыненыя, месцы расстрэлаў не называюцца, імёны катаў не афішуюцца. Але дзяржава кажа пра прымірэньне і ўшанаваньне памяці ахвяраў. Гэта неверагоднае прыніжэньне нацыі. І пакуль дзяржава гэтага ня зьменіць, то будзе сьвядома стаяць на баку забойцаў.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG