Супраць журналісткі-фрылансэркі з Магілёва Аліны Скрабуновай распачаты адміністрацыйны працэс. Яе вінавацяць у незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі сродкаў масавай інфармацыі.
Журналістка дапускае, што падставай для адміністрацыйнай справы мог стаць адзін з рэпартажаў тэлеканалу «Белсат». Такую выснову яна робіць, зыходзячы з папярэдняй спробы прыцягнуць яе да адказнасьці, інкрымінуючы ўсё тое ж парушэньне заканадаўства аб СМІ.
«Такое адчуваньне, што міліцыя вельмі хоча мяне пакараць, — кажа журналістка. — Нібыта ёсьць зьвесткі, што я супрацоўнічаю зь „Белсатам“, але доказаў гэтага ня маюць».
Днямі журналістцы паведамілі з аддзелу міліцыі Ленінскага раёну, што першы адміністрацыйны працэс супраць яе спынены празь недаказанасьць віны.
«Яны інкрымінавалі мне два эпізоды, але ніяк не атрымлівалася прыцягнуць мяне да адказнасьці. Міліцыянты апытвалі людзей, якія былі героямі рэпартажаў, але маёй віны ўстанавіць не змаглі, — кажа Аліна Скрабунова. — І, як відаць, яны не супакоіліся. Знайшлі новы рэпартаж з Магілёва і пачынаюць дзеяньні наноў. Хоць у тэлефоннай гутарцы ня могуць уцямна давесьці, што яны ад мяне хочуць і што я парушыла».
Пра новы адміністрацыйны працэс журналістка даведалася з смс-паведамленьня, дасланага ёй з Кастрычніцкага раённага аддзелу міліцыі. Скрабуновай прапануецца прыйсьці ў пастарунак.