Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Белсат у агні 3


Алег Дашкевіч
Алег Дашкевіч

Чарговая навіна ад Белсату зноў разьвярэдзіла й наструніла грамадзкую думку.

Белсат спрабуе запусьціць расейскамоўны праект. Прадчуваючы рэакцыю на навіну, дырэктарка Белсату Агнешка Рамашэўска ў інтэрвію Радыё Свабода паспрабавала патлумачыць такі крок кіраўніцтва каналу, але, здаецца, ня надта пасьпяхова.

Справа ў тым, што канал ад самага свайго адкрыцьця дэкляраваў, што гэта канал беларускамоўны. Трэба ведаць, што для беларускамоўных беларусаў азначае такая дэклярацыя. Гэта як клятва на крыві.

Таму чальцы назіральнае рады Белсату Алег Трусаў і Уладзімер Колас у іншым інтэрвію Радыё Свабода выступілі супраць такога кроку даволі адназначна.

Алег Трусаў:

— Я катэгарычна супраць і ня раз на радзе пра гэта казаў. Дарэчы, рада ўжо даўно не зьбіралася. Мабыць, таму яе і не зьбіраюць, таму робяць, што хочуць. Фінансавых праблемаў гэта ня вырашыць. Наадварот, адверне беларускіх патрыётаў і ў выніку «Белсат» закрыюць. Гэта скончыцца тым, што «Белсат» зьнікне.

Уладзімер Колас:

— Заўсёды мы ведаем, чым вымашчана дарога ў пекла. Гэта нават ня крок назад, гэта здача пазыцый. Самай адметнай і найбольш яскравай рысай «Белсату» была ягоная беларускамоўнасьць. І калі ён пойдзе на саступкі, здрадзіць гэтай місіі, то цікавасьці да яго ні ў якім разе не дабавіцца.

Ясна, што для каналу насталі ня лепшыя часы, што трэба шукаць фінансаваньне, што памянялася кан'юнктура і паўстала яшчэ шмат розных акалічнасьцяў, якія паставілі Белсат перад новымі выклікамі.

На пастаўленае пытаньне ў фэйсбуку рэакцыя была, як і мае быць, абвостранай і рознай. Але прывяду адзін камэнтар, які набраў найбольшую папулярнасьць:

Siarhej Chareŭski:

— А чаго мы не абмяркоўваем рэвэрансы «Салідарнасьці», «Народнай Волі», «Газэты Слонімскай» і г.д., што ўжо амаль дашчэнту змаскаліліся? І чаму мы не абмяркоўваем, ня пішам пэтыцыі і лісты пра БТ, дзе 97% этэру па-расейску?... Калі на Белсаце адна перадача будзе па-расейску — бяды ня бачу, бо трансьлююць яны ня толькі на Беларусь... Хоць у мэтазгоднасьці сумняюся... Урэшце, гэта ІХ справы, бо гэта ІХ падаткі! А вось за … БТ (6 каналаў!!!!) мы плацім уласныя НАШЫ грошы, НАШЫ падаткі! І не абмяркоўваем!!!...

Пазыцыя шмат у чым слушная, але варта зазначыць, што ні «Салідарнасьць», ні «Народная Воля», ні «Газэта Слонімская», ні пагатоў БТ (6 каналаў!!!) не прэзэнтавалі сябе, як выключна беларускамоўныя СМІ.

Да таго ж у маёй памяці жыве гісторыя з газэтай «Свабода», якая ў сярэдзіне 1990-ых мела наклад пад сотню тысяч і была выключна беларускамоўнаю. Пасьля памяняўся рэжым, паступова наклады ўпалі й было вырашана зрабіцца дзьвюхмоўным выданьнем. Але ні былых накладаў, ні аўтарытэту вярнуць не атрымалася. Урэшце зьнікла й само выданьне.

Мне зразумелая пазыцыя тых, хто катэгарычна супраць зьяўленьня праграмы на расейскай мове, я нават падзяляю іх аргумэнты, але дзеля справядлівасьці варта зазначыць, што найперш на папулярнасьць любога СМІ ўплывае ступень ягонага крэатыву, прафэсіяналізму й энэргіі, якую яно з сабой нясе. Белсат трымаўся збольшага на прынцыпах, асноўнымі сярод якіх былі адпаведная палітычная пазыцыя й беларуская мова вяшчаньня.

Менавіта на гэтыя складнікі давалі грошы фундатары. За кошт рэклямы канал не існаваў.

Сёньня гэтыя складнікі больш грошай не прыносяць. Кіраўніцтва каналу шукае, дзе іх узяць. Гэта нармальна.

Ня варта ўскладаць спадзяваньні на замежны канал і верыць у ягоную клятву на крыві, бо гэтая іхная клятва на крыві існуе выключна ў нашай сьвядомасьці, але не ў сьвядомасьці сапраўдных гаспадароў Белсату — палякаў. У іх ёсьць свая мова, і свае клятвы на крыві, якія не заўжды супадаюць з нашымі. З гэтага трэба сыходзіць і пачынаць, як слушна заўважыў Siarhej Chareŭski, змагацца за беларускасьць айчынных СМІ, бо толькі з айчынных СМІ мы можам па сапраўднаму спытаць за парушэньне клятвы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG