Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гадзіньнік, люстра, мультыварка — у бацькоў Сяргея Пальчэўскага апісалі маёмасьць


Маладафронтавец Сяргей Пальчэўскі паведаміў, што на кватэры ягоных бацькоў судовыя выканаўцы зь Першамайскага раёну апісалі маёмасьць за штрафы, вынесеныя яму.

Сяргей сказаў карэспандэнту Свабоды, што гаворка ідзе пра штрафы агульнай сумай у 1050 рублёў за ўдзел у акцыях пратэсту.

«За што вынесеныя гэтыя штрафы, я ўжо і ня памятаю. Даўно гэта было, недзе ў сьнежні 2016 году. Ведаю толькі, што па артыкуле 23.34» (несанкцыянаваныя акцыі).

Судовыя выканаўцы прыйшлі ў кватэру прыблізна а 14-й гадзіне, кажа Пальчэўскі:

«Яны папярэдне за пару гадзін патэлефанавалі, што прыйдуць. Прыйшлі, пачалі апісваць. На частку маёмасьці мы знайшлі чэкі, на тэлевізар і пральную машыну. Іх не апісвалі. Астатняе апісалі — насьценны гадзіньнік, люстру, дошку для прасаваньня, таксама апісалі мэблю, мікрахвалёўку ды мультыварку. Сказалі, што ў мяне ёсьць дзесяць сутак, каб выплаціць гэтыя штрафы, альбо тады яны будуць забіраць гэтыя рэчы ў даход дзяржавы. Відаць, можна яшчэ падаць у суд, каб прызналі, што гэта не мая маёмасьць, а маіх бацькоў», — кажа Сяргей Пальчэўскі.

Паводле Сяргея Пальчэўскага, ягоную маёмасьць — ноўтбук ды тэлефон — ужо даўно забралі супрацоўнікі КДБ.

15 красавіка Сяргей Пальчэўскі выйшаў на волю з турмы КДБ. Сяргей Пальчэўскі быў затрыманы ў той жа дзень, калі былі затрыманыя Дашкевіч і Леўчанка — 21 сакавіка. Пальчэўскі прыехаў да дому, дзе быў Дашкевіч, на машыне. Нейкія людзі выбілі шкло ў машыне і выцягнулі яго. Ён абвінавачваецца паводле артыкула 293, частка 3 — у арганізацыі масавых беспарадкаў.

Сяргей Пальчэўскі прызнаўся, што даў падпіску аб супрацы з КДБ пад псэўданімам «Артур». У сваёй заяве, распаўсюджанай у сацсетках, ён напісаў, што каецца ў гэтым перад Богам і людзьмі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG