Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Старшыня фэдэрацыі хакею Рачкоўскі пайшоў у адстаўку. Яго замяніў Шапіра


Сямён Шапіра
Сямён Шапіра

20 траўня падчас пазачарговай справаздачна-выбарчай канфэрэнцыі старшыня Фэдэрацыі хакею Беларусі Ігар Рачкоўскі заявіў пра сваю адстаўку.

«Лічу, што не дасягнуў тых мэтаў і задач, якія перад сабой ставіў», — цытуе pressball.by Рачкоўскага.

Новым кіраўніком ФХБ абраны старшыня Менскага аблвыканкаму Сямён Шапіра.

«Маё прозьвішча сярод хакеістаў вы ніколі ня чулі. Так, я ўсё жыцьцё працаваў у сельскай гаспадарцы, але, калі прыбыў у Горадню і стаў губэрнатарам, палюбіў хакей. Ня схільны рабіць кадравыя чысткі, аднак усе мяне ведаюць як чалавека жорсткага і патрабавальнага. Бяз гэтага не бывае вынікаў», — цытуе hockey.by Сямёна Шапіру.

У справаздачна-выбарчай канфэрэнцыі разам зь іншымі чыноўнікамі ўзяла ўдзел таксама кіраўніца адміністрацыі прэзыдэнта Натальля Качанава.

«Вы зьдзівіліся, чаму такі склад чыноўнікаў. Але хакей — той від спорту, які любяць і шануюць у нашай краіне, дзе зроблена вельмі многае. Пабудаваныя лядовыя арэны, пра якія раней можна было толькі марыць», — сказала Качанава ў сваім выступе.

Яна адзначыла, што ў гэтым відзе спорту «мы хочам бачыць сурʼёзныя вынікі».

«Вы бачыце, наколькі пільную ўвагу прэзыдэнт краіны надае спорту, і хакею ў прыватнасьці. Гэта ідэалёгія. Гэта тое, што можа зьяднаць нацыю. Таму, думаю, абраньне Шапіры — сурʼёзны крок. Такіх кіраўнікоў у краіне мала», — заявіла кіраўніца адміністрацыі прэзыдэнта.

Былы старшыня дзяржаўнага памежнага камітэта Беларусі генэрал-маёр Ігар Рачкоўскі кіраваў ФХБ з восені 2014 году. Пасьля няўдалага старту зборнай Беларусі на чэмпіянаце сьвету ў Парыжы Ігар Рачкоўскі заяўляў, што падасьць у адстаўку, калі нацыянальная каманда выпадзе з элітнага дывізіёну. Тады беларускім хакеістам удалося застацца ў клясе наймацнейшых, яны занялі выніковае 13-е месца сярод 16 зборных.

19 траўня стала вядома, што сумесная беларуска-латвійская заяўка перамагла ў конкурсе на правядзеньне хакейнага чэмпіянату сьвету 2021 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG