Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як беларуская грамадзкасьць рэагавала на выступ зборнай па хакеі?


Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Ігар Карней, Валер Карбалевіч.

Карней: Напярэдадні з Парыжу вярнуліся гульцы зборнай Беларусі па хакеі — на мыліцах, зь сінякамі і шрамамі. Чэмпіянат сьвету для выхаванцаў канадзкага трэнэра Дэйва Льюіса завяршыўся дачасна — беларусы ледзь уратаваліся ад вылету ў ніжэйшы дывізіён, пацярпеўшы пяць паразаў і атрымаўшы дзьве перамогі.

Галоўную каманду краіны і яе рулявога цягам усяго першынства суправаджалі крытычныя стрэлы за бязвольнасьць, адсутнасьць псыхалёгіі пераможцы і памылковую кадравую палітыку.

Калі паглядзець цьвяроза, беларусы паказваюць узровень ня лепшы і ня горшы, чым звычайна.

Але ці варта чакаць цуду там, дзе яго ня можа быць у прынцыпе? Калі паглядзець цьвяроза, беларусы паказваюць узровень ня лепшы і ня горшы, чым звычайна. Летась зборная гэтаксама чаплялася за тое, каб застацца ў хакейнай эліце, а раней былі праваленыя дзьве запар алімпійскія кваліфікацыі.

Так, Дэйв Льюіс перад ад’ездам у Францыю заявіў, што ставіць перад выхаванцамі амбітныя задачы — заваяваць мэдалі. Але выпраменьваць аптымізм, як сказаў мне хакейны аглядальнік газэты «Прессбол» Вячаслаў Федарэнкаў, — гэта ягоная праца, у іншым выпадку легіянэра нават ня сталі б наймаць.

Калі жарсьці крыху супакоіліся, і спартовыя аналітыкі, і заўзятары пачалі сыходзіцца на думцы, што трэба нарэшце спусьціцца на зямлю і канстатаваць відавочную рэч: ня варта цешыцца перабольшанымі чаканьнямі. Беларусь ня здольная супрацьстаяць грандам, яе доля — з году ў год ставіць задачу выхаду ў чвэрцьфінал і з рознай ступеньню ўдаласьці яе выконваць.

Не дадае імпэту і пазыцыя Аляксандра Лукашэнкі, які кожную паразу ўспрымае як асабістую трагедыю. Аднак абразы кшталту «стыдобішча», «гуляць навучыцеся», «да варот дабегчы ня могуць» наўрад ці мабілізуюць на подзьвігі — хутчэй наадварот, падкосяць апошнюю рэшту волі.

Не даводзіцца сумнявацца, што аргвысновы будуць жорсткія, паляцяць галовы, захістаюцца крэслы. Але што можна прапанаваць ва ўмовах, калі відавочны сыстэмны крызіс?

Адзін з самых эпатажных хакейных пэрсанажаў, трэнэр менскага «Юнацтва» Міхаіл Захараў прапануе будаваць новыя лядовыя палацы. Маўляў, больш будзе маладых гульцоў — зьявіцца з каго выбіраць. Аднак большасьць з чатырох дзясяткаў арэнаў, якія ўжо ёсьць у Беларусі, выкарыстоўваецца не ў адпаведнасьці з прызначэньнем. Каб кампэнсаваць выдаткі на ўтрыманьне дарагой прыемнасьці, здаюць плошчы ў арэнду пад кірмашы, вясельлі, канцэрты і г. д.

Пакуль ня будзе кваліфікаваных спэцыялістаў, ня будзе і той самай маладой зьмены.

Іншы аспэкт — трэнэрскія кадры. Пакуль ня будзе кваліфікаваных спэцыялістаў, ня будзе і той самай маладой зьмены. Лукашэнка падчас свайго звароту да народу і парлямэнту казаў, што падрыхтоўкай юных хакеістаў займаюцца хто заўгодна — весьляры, плыўцы, толькі не дыплямаваныя хакейныя трэнэры. А нават калі такія энтузіясты і ёсьць, то якой фанатычнай адданасьці чакаць за 100 даляраў заробку?

Ня трэба забывацца, што хакей у якасьці спорту № 1 беларусам навязаны штучна. Бальшыня бацькоў ня могуць сабе дазволіць плаціць за звышдарагі хакейны рыштунак, гэта прэрагатыва заможных сем’яў. Адпаведна, масавым відам спорту хакей на дадзеным гістарычным адрэзку ня можа быць апрыёры.

У Беларусі хакей даўно пераўтвораны ў прыдворную гульню — чаго варты адзін Калядны турнір на прыз прэзыдэнта Беларусі. З году ў год Лукашэнка намагаецца пацьвердзіць статус «самай моцнай аматарскай каманды сьвету», а калі гэта не атрымліваецца, выказвае сваё грэблівае стаўленьне да «крываногіх прафэсіяналаў».

Карбалевіч: Калі казаць пра чыста спартовы вынік, то, я згодзен з Ігарам Карнеем, зборная Беларусі выступіла ў сваю сілу, на сваім звычайным узроўні. Не горш і ня лепш, чым кожны год. Таму тыя жарсьці, якія зьявіліся на пачатку чэмпіянату, былі заўчасныя. Хоць Лукашэнка і паабяцаў вялікія перамены ў кіраўніцтве спортам.

Як і раней, беларуская грамадзкасьць падзялілася.

Цікава тое, што, як і раней, беларуская грамадзкасьць падзялілася. У сацыяльных сетках было шмат злараднасьці наконт дрэннага выступу беларускіх хакеістаў. Гэта цікавы фэномэн, здаецца, характэрны толькі для Беларусі. Даволі шмат людзей, асабліва зь ліку праціўнікаў Лукашэнкі, жадалі хутчэй паразы зборнай. Назло Лукашэнку.

Асабліва бурлівую рэакцыю выклікала рэпліка Лукашэнкі, дзе ён выказаў вялікае незадаволеньне беларускімі хакеістамі. Людзі ў сацыяльных сетках камэнтавалі гэта так: маўляў, сытуацыя ў хакеі — адлюстраваньне сытуацыі ў краіне. А дзе ў нас добра? — пісалі людзі. Маўляў, ва ўсіх сфэрах у нас дрэнна.

Глод: Стаўленьне да чэмпіянату, які мы цяпер абмяркоўваем, у сьвеце рознае. Для Канады, ЗША, скандынаўскіх ды некаторых іншых краін гэта ня самая важная падзея. За акіянам працягваюцца галоўныя матчы ў НХЛ, найлепшыя гульцы занятыя там. І таму для іх чэмпіянат сьвету — падзея хоць і значная, але не найважнейшая. У нас жа матчы ў Парыжы — як апошні бой. І гэтага бою зборная Беларусі ня вытрымала.

Хутка адбудзецца так званы «разбор палётаў», які ў нас робіцца пасьля кожнага правальнага чэмпіянату. Разбор з удзелам высокіх спартыўных чыноўнікаў. У нас гэта ўжо стала традыцыяй. І чаго тут толькі не пачуеш! Памятаю, былы міністар спорту Алег Качан даводзіў, што хакеісты «павінны зь пераламанымі рукамі і нагамі на лёд выходзіць, не даваць забіць шайбу ў свае вароты». І так штогод.

У Беларусі краіна дае сродкі зь бюджэту на разьвіцьцё паўсотні відаў спорту. Па фінансаваньні хакей — прыярытэтны.

У Беларусі краіна дае сродкі зь бюджэту на разьвіцьцё паўсотні відаў спорту. Па фінансаваньні хакей — прыярытэтны. І, вядома, і хакейным, і спартовым кіраўнікам, і нават самому Лукашэнку крыўдна — укідваюцца такія грошы, а аддачы няма. На такіх нарадах спартовыя кіраўнікі ўвесь час падкрэсьліваюць: нам давядзецца адказваць перад прэзыдэнтам, нам будзе перад ім сорамна.

Заўважце, за такі вынік чыноўнікам сорамна толькі перад кіраўніком краіны. А хто ж будзе выбачацца перад заўзятарамі? Чаму і хакеістам, і чыноўнікам ня сорамна перад падаткаплатнікамі? І адны, і другія ж кормяцца за народны кошт.

Мне падаецца, што беларусы чакаюць ад хакеістаў зашмат. Ігар Карней ужо пачаў пра гэта гаварыць. Я лічу, што хакей — гэта не натуральны беларускі спорт, яго ўсё ж навязалі беларусам, можна сказаць, нават з-пад палкі. У Беларусі былі цудоўныя традыцыі зь цяжкай атлетыкай, веславаньнем, фэхтаваньнем ды некаторымі іншымі алімпійскімі відамі спорту. Дзесьці яны захоўваюцца, дзесьці страчаныя. Але ж там былі беларускія карані. Як бы мы ні хацелі, у нас хакей ніколі ня стане такой рэлігіяй, як у Канадзе, ЗША, Чэхіі, Славаччыне, скандынаўскіх краінах. Таму чакаць ад беларускіх хакеістаў высокіх вынікаў, а тым больш мэдалёў на чэмпіянаце сьвету, пра што казаў канадзкі трэнэр беларускай каманды, не выпадае. Гэта не рэальна. Што мы і пабачылі сёлета чарговым разам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG