Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За кошт скарачэньня будуць павялічваць заробак тым, хто застаўся»


Ці існуюць нейкія эканамічныя падставы для падвышэньня сярэдняга заробку ў Беларусі? Ці магчыма, каб даходы насельніцтва расьлі на фоне падзеньня валавога ўнутранага прадукту? Ці павінна стаць эканамічная свабода галоўным прынцыпам для пасьпяховага рэфармаваньня беларускай гаспадаркі? На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць эканамісты Міхал Залескі і Леанід Злотнікаў. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.

Цыганкоў: «Калі мы ня вырашым сёлета праблему з узроўнем заробку, нам будзе немагчыма працаваць у будучыні. Людзі нас не зразумеюць... Ушчыльняйцеся, скарачайце, эканомце, але за кошт эканоміі і прадукцыйнасьці працы мы павінны даць людзям нармальны заробак», — заявіў Лукашэнка. Наколькі ў сёньняшняй Беларусі ёсьць эканамічныя падставы для пад’ёму заробку?

Залескі: Умовы для пад’ёму заробку заўсёды аднолькавыя. Самае галоўнае — каб тавары, які людзі вырабляюць, нехта купляў, і прадукцыйнасьць працы. Для гэтага ў нас усё ёсьць, людзі ёсьць — але свабоды няма.

Міхаіл Залескі
Міхаіл Залескі

Гэта інстытуцыянальныя ўмовы, якія трэба стварыць у першую чаргу для тых, хто стварае працоўныя месцы. Гэтыя людзі павінны мець магчымасьць і фантазіраваць, і рызыкаваць. А ў нас іх пазаціскалі, загналі ў кут, не даюць ім разгарнуцца.

Цыганкоў: Лукашэнка сам кажа, што будзе павялічваць ціск на чыноўнікаў і кіраўнікоў. Гэта можа прывесьці да посьпеху?

Залескі: Мы калісьці ўжо абмяркоўвалі і зрабілі дакладны прагноз, як гэта будзе рабіцца. Я сам нейкі час быў сярод бюракратаў і бачыў, як гэта робіцца. У дзяржаўных структурах ёсьць штатны расклад, і ў ім ёсьць вакансіі. Вось гэтыя вакансіі ня будуць запаўняць, а за кошт скарачэньня будуць павялічваць заробак тым, хто застаўся. Але гэта будзе адмоўна ўплываць на эфэктыўнасьць арганізацыяў і пагаршаць іхнюю дзейнасьць, яны будуць хутчэй старэць.

Цыганкоў: ЭБРР і МВФ панізіў прагноз для Беларусі на 2017 год, яны чакаюць падзеньня ВУП. Хіба можа быць такая сытуацыя, калі ВУП падае, а заробак расьце?

Злотнікаў: Не, такога ў эканоміцы не бывае. Але ж тут ня проста падвышэньне заробку, а Лукашэнка патрабуе падвышэньня на адну траціну. Гэта цуд, такога ня можа быць. Нідзе такога не было, каб прадукцыйнасьць працы падвысілася за год на 30 працэнтаў. Гэта проста валюнтарызм, неразуменьне таго, як працуе эканоміка.

Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў

Беларуская мадэль эканомікі непрадукцыйная. Гэта як у Вэнэсуэле зараз самі бачым, што адбываецца, дзе пануе папулісцкая, нярынкавая сыстэма. Павінны быць новыя тэхналёгіі, абсталяваньне, новыя мэтады кіраваньня. На ўсё гэта патрэбныя інвэстыцыі. Але яны скараціліся апошнім часам на 40 працэнтаў.

Цыганкоў: Калі казаць не пра посьпехі эканомікі ў цэлым, а канкрэтна пра рост заробкаў. Хіба гэтага нельга дасягнуць так, як Лукашэнка і кажа — скараціць адных, каб іншым больш дасталося?

Злотнікаў: Будзе тое самае, што і ў сьнежні 2010 году. Выйшлі на 500 даляраў, але толькі на адзін месяц. Можна выціснуць на 1–2 месяцы гэты вынік, зрабіць пацёмкінскую вёску — але потым будзе яшчэ горш, вось што адбудзецца.

Цыганкоў: Але працэс скарачэньня і так ужо ідзе на ўсіх «флягманах вытворчасьці». Выглядае, гэта правільны працэс?

Віталь Цыганкоў
Віталь Цыганкоў

Залескі: Можна скараціць людзей, але ёсьць арганічныя функцыі, якія яны выконваюць. Ці хопіць розуму ў арганізатараў, каб з тымі людзьмі, якія застаюцца, выконваць усе неабходныя для гэтага прадпрыемства функцыі? Я ня вельмі ўпэўнены. Бо тэхналёгіі складаліся дзесяцігодзьдзямі, кожны чалавек нешта робіць. Калі яго ня будзе, хто будзе гэта рабіць? І ці можа той, хто застаўся, адначасова быць у нейкіх трох месцах?

Цыганкоў: Так, трэба, каб нейкі робат замяніў 10 чалавек. Але для гэтага патрэбныя інвэстыцыі, якія падаюць. Чаму яны падаюць, дарэчы?

Залескі: Скарачэньне інвэстыцыяў адбываецца таму, што прадпрыемствы зарабляюць толькі на тое, каб разьлічвацца па самых тэрміновых абавязаньнях і неяк выжываць. Грошай, каб адкладаць на разьвіцьцё, у іх няма. Звонку грошай таксама ніхто не дае, бо тут нарастае палітычны чыньнік.

У вялікае прадпрыемства ўкладаюцца на доўгія гады. І кожны патэнцыйны інвэстар думае — «а хто ж тут будзе пасьля Лукашэнкі? Ці ня прыйдзе нехта, хто забярэ мае грошы?» Таму ніхто не рызыкуе, і ўсе чакаюць.

Цыганкоў: Найлепшыя вынікі дэманструе сфэра ІТ-тэхналёгіяў, дзе дзяржава ня ўмешваецца, ня лезе кантраляваць. Чаму дзяржава ня хоча зразумець, што чым больш свабоды будзе ў іншых галінах — тым больш посьпехаў будзе і там?

Злотнікаў: Можна сказаць, што ІТшнікам пашанцавала. Лукашэнка і чыноўнікі зусім не разьбіраюцца, што гэтыя ІТшнікі робяць. Калі б разумелі, дык даўно б сапсавалі і гэтую сфэру. Адначасова ўлады зразумелі, што калі іх прыціснуць, дык яны проста зьедуць з краіны.

Цыганкоў: Ці прынясе большая эканамічная свабода больш посьпеху беларускім вялікім прадпрыемствам? Можа, ім свабода супрацьпаказаная, і яны загнуцца ва ўмовах свабоднай канкурэнцыі?

Залескі: Яны не загнуцца, як не загнуліся ва ўсім сьвеце. Яны, у горшым выпадку, зьменяць уласьніка. І гэта галоўная праблема для нашага начальства. Бо яны хочуць, каб іхнія дзеці кіравалі на гэтых прадпрыемствах, а не расейцы, немцы ці амэрыканцы. Таму і чакаюць. Пачакуны.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG