Дырэктар Эўрапейскага паліцэйскага агенцтва (Эўрапол) Роб Уэйнрайт заявіў, што ахвярамі масавай кібэратакі ў мінулую пятніцу сталі каля 200 тысяч фізычных і юрыдычных асоб у 150 краінах, перадае Reuters. Паводле дадзеных Эўраполу, больш за ўсё ад атакі пацярпелі Вялікабрытанія і Расія.
Ва ўсіх выпадках выкарыстоўвалася праграма-вымагальнік. Вірус трапляе ў кампутар і зашыфроўвае ўсе файлы, пасьля чаго патрабуе за разблякаваньне аплату ў лічбавай валюце — біткоінах.
Уэйнрайт не выключае, што напады могуць працягнуцца ў панядзелак раніцай, калі людзі прыйдуць на працу і ўключаць кампутары. Эўрапол узаемадзейнічае з праваахоўнымі ведамствамі пацярпелых краін, каб выяўляць зламысьнікаў.