У Баўгарыі арыштавалі расейскага бізнэсоўца Ігара Грэчушкіна, чыё грузавое судна Rhosus зьвязана з выбухам у порце Бэйруту ў 2020 годзе. Пра гэта паведамляе Associated Press.
Крыніцы агенцтва расказалі, што Грэчушкіна затрымалі на мінулым тыдні ў аэрапорце Сафіі, куды ён прыляцеў з Кіпру — акрамя расейскага ў яго таксама ёсьць кіпрскае грамадзянства.
Амаль пяць гадоў таму лібанскі судзьдзя выдаў па лініі Інтэрполу ордэры на арышт Грэчушкіна і капітана судна Rhosus Барыса Пракошава — ён таксама зьяўляецца грамадзянінам Расіі.
Як піша AP, цяпер рыхтуецца запыт аб перадачы Грэчушкіна ў Лібан. У выпадку адмовы сьледчыя могуць прыехаць у Баўгарыю, каб дапытаць бізнэсоўца там.
У жніўні 2020 году ў порце Бейруту адбыўся выбух на складзе, дзе некалькі гадоў захоўваліся амаль тры тысячы тон аміячнай салетры, якая была канфіскавана з судна Rhosus у 2013 годзе. Ад выбуху загінулі 218 чалавек і больш за шэсьць тысяч атрымалі раненьні. Хасан Дыяб, які на той час займаў пасаду прэм’ер-міністра Лібану, назваў прычынай выбуху няправільнае захоўваньне аміячнай салетры. Як адзначае AP, ніводзін лібанскі чыноўнік ня быў асуджаны ў сувязі з выбухам.
Форум