Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве і Слоніме — прэвэнтыўныя затрыманьні, першамайскія акцыі сарваныя


Афіцыйнае сьвяткаваньне 1 траўня ў Магілёве
Афіцыйнае сьвяткаваньне 1 траўня ў Магілёве

Анансаваная ў інтэрнэце акцыя апазыцыі, прымеркаваная да 1 траўня, у Магілёве не адбылася. Аднаго з арганізатараў Аляксандра Царука, заблякавалі ў кватэры, ён ня можа выйсьці, пад вокнамі стаіць міліцэйскі ЎАЗ. Другі арганізатар, Раман Мішчанка, на сувязь не выходзіць, магчыма, ён затрыманы.

Мішчанка начаваў у Царука, выйшаў з кватэры, каб сфатаграфаваць гэты ЎАЗ, і цягам дзьвюх гадзінаў зь ім няма сувязі — тэлефон адключаны.

Першамайскія затрыманьні ў Гомелі: інваліда Макарава міліцыя западозрыла ў крадзяжы ровара

Аляксандар Царук і Раман Мішчанка ўдвох падавалі заяўку ў гарвыканкам на дазвол акцыі «За сацыяльную справядлівасьць» на плошчы Леніна, але гарвыканкам адмовіў на падставе таго, што «плошча Леніна ня вызначаная для правядзеньня мерапрыемстваў, якія арганізуюцца грамадзянамі, грамадзкімі і палітычнымі арганізацыямі».

У той жа час на гэтай плошчы раніцай 1 траўня адбылася афіцыйная цырымонія ўскладаньня кветак да помніка Леніну.

Разам з кветкамі да помніка Леніна клалі расейскія трыкалёры
Разам з кветкамі да помніка Леніна клалі расейскія трыкалёры

А за некалькі хвілін за ўскладаньня кветак на плошчы Леніна ў Магілёве былі затрыманыя сябры Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Ігар Сарока, Аляксандар Козін і Анатоль Заўялаў — за тое, што яны мелі інфармацыйныя бюлетэні, у якіх апавядалася пра гісторыю сьвяткаваньня 1 траўня і была згадка пра несправядлівыя выбары. Усе трое знаходзяцца ў Ленінскім РАУС Магілёва.

У Слоніме таксама акцыя не адбылася. Сябра прафсаюза РЭП Міхала Сошку і актывіста Алеся Масюка міліцыянты завезьлі ў Слонімскі РАУС.

Міхал Сошка паведаміў Свабодзе, што яго забралі каля дома, калі ён выйшаў, каб ісьці на плошчу сьвяткаваць Першамай:

«Я падаваў у газэту аб’яву і запрашаў усіх жадаючых прыходзіць на плошчу, каб адзначыць Першамай — сьвята працоўных людзей. І вось, відавочна, са мною пра гэта нехта захацеў пагаварыць. Мяне прывезьлі ў РАУС, але я сяджу, а ніхто да мяне не выходзіць. Відаць, давядзецца сваё сьвята тут усё і прасядзець», — паведаміў спадар Сошка Свабодзе.

Актывіста Алеся Масюка ўжо з плошчы міліцыянты забралі таксама «на размову».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG