Рада Беларускага народнага кангрэсу заклікала кіраўніцтва дэмакратычных партый і прафсаюзаў адзначыць 1 траўня на Кастрычніцкай плошчы ў Менску. Мікалай Статкевіч перадаў у Менгарвыканкам сваю заяву, у якой паведаміў аб правядзеньні 1 траўня сьвяточнага сходу на Кастрычніцкай плошчы.
Як паставіліся арганізатары «Маршу салідарнасьці» да гэтай прапановы?
Старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч у інтэрвію карэспандэнту Свабоды выказаўся адносна прапановы БНК і Статкевіча, а таксама адносна акцыі, на якую падавалі заяўку ў Менгарвыканкам.
«Апошнім часам Статкевіч шмат што робіць у піку большасьці дэмакратычных сілаў Беларусі. Гэта адбывалася 25 сакавіка і зараз, 1 траўня, калі быў створаны аргкамітэт з удзелам шырокага спэктру палітычных сілаў — ад левых партый да правых і з удзелам прафсаюзаў. Была агульная згода адносна заяўкі і мерапрыемства на 1 траўня. Пасьля гэтага свой варыянт прапанаваў Мікалай Статкевіч і, натуральна, даў магчымасьць уладам разыграць гэтую карту. Я перакананы, калі б уся апазыцыя была абʼяднаная адносна тактыкі на вулічныя акцыі 1 траўня, калі б была згодная адносна маршруту і месца правядзеньня, то ўлады былі б у значна горшых умовах. А так у дадзенай сытуацыі ўвогуле нельга разьлічваць на якую б там ні было актыўнасьць у гэты дзень.
І вывад людзей на вуліцу на несанкцыянаванае мерапрыемства прывядзе да таго, што яны чарговым разам будуць пастаўленыя пад міліцэйскія дубінкі альбо пад затрыманьні, арышты і суды».
Паводле Губарэвіча, разьлічваць на вялікую прысутнасьць людзей падчас акцыі 1 траўня не выпадае. І калі Менгарвыканкам не памяняе свайго рашэньня, то, кажа ён, «мы ўвогуле адмовімся ад правядзеньня гэтага мерапрыемства».
Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук заявіў, што можа вывесьці сяброў сваёй арганізацыі толькі на санкцыянаваную акцыю.
«Я станоўча стаўлюся да Статкевіча і да ўсяго, што ён робіць. І схіляю галаву перад яго мужнасьцю. Але што да гэтага канкрэтнага закліку, то я асабіста магу выйсьці і на Кастрычніцкую плошчу. Невядома, што давядзецца рабіць далей, каб вырашаць гэтую надзённую праблему пашырэньня прасторы свабоды. Але я кірую шматлікай арганізацыяй, якая налічвае 10 тысяч чалавек. І рашэньне пра наш „Марш салідарнасьці“ прымалася радай БКДП. І адна з умоў палягала ў тым, што нашы арганізацыі бяруць удзел у „Маршы салідарнасьці“ толькі ў тым выпадку, калі гэтая акцыя дазволеная. Тое, што нам дазволілі толькі мітынг, а не дазволілі шэсьце і дэманстрацыю, гэта для нас велізарная праблема. Я гатовы сам выйсьці да Акадэміі навук, бо сытуацыя складаецца непрадказальная. Але я ня маю права весьці сваіх людзей ні на Акадэмію навук, ні на Кастрычніцкую плошчу, таму што яны мне такога мандату не давалі. З гэтай прычыны, канечне, абмяркоўваць гэты заклік Статкевіча і знаходзіць яго прымальным я магу толькі як для асобы Ярашука, але не кіраўніка БКДП».
У аргкамітэт «Маршу салідарнасьці» ўваходзяць прадстаўнікі БКДП, Абʼяднанай грамадзянскай партыі, Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет», руху «За свабоду», арганізацыйных камітэтаў па стварэньні Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, Партыі працоўных і Беларускай жаночай партыі «Надзея».