Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яны моляцца ў кароўніку 15 гадоў. Гісторыя царквы «Новае жыцьцё»


26 красавіка судовыя выканаўцы спрабавалі чарговы раз выселіць пратэстанцкую царкву «Новае жыцьцё» з былога кароўніка ў раёне Сухарава ў Менску. Гэты будынак суполка набыла за ўласныя грошы і потым адрамантавала. Але раз на некалькі гадоў пратэстантаў спрабуюць выселіць адсюль. У даўнім канфлікце разьбіралася Свабода.

Пераехалі ў вёску, а праз год яе далучылі да Менску

Усё пачалося ў 2002 годзе, калі менскія хрысьціяне поўнага Эвангельля набылі былы кароўнік у вёсцы Сухарава ў Менскім раёне. На той час ужо прайшло дзесяць гадоў, як суполка была афіцыйна зарэгістраваная. Доўгі час для набажэнстваў яны арандавалі кінатэатры ці дамы культуры. Але пасьля выхаду дэкрэту прэзыдэнта «Аб мітынгах, сходах і вулічных шэсьцях» рэлігійным арганізацыям сталі адмаўляць у арэндзе.

Пад'езд да царквы
Пад'езд да царквы

«Калі мы куплялі кароўнік, у дамове куплі-продажу ўказалі, што зробім гэты будынак культавым, каб праводзіць тут богаслужбы», — сказаў Свабодзе Віталь Антончыкаў, адміністратар царквы.

Аднак перапрафіляваць будынак цягам году суполцы не ўдалося. А ў 2003 годзе вёску Сухарава ўключылі ў склад Менску. Новыя ўлады — Менгарвыканкам — таксама не дазволілі зрабіць тут культавы будынак. У дакумэнтах ён заставаўся кароўнікам. Але на той час тут ужо зрабілі рамонт, пачаліся набажэнствы.

Маліцца тут нельга, разводзіць кароў таксама нельга

У 2005 годзе гаспадарчы суд Менску прызначыў «прымусовы выкуп» будынка царквы «Новае жыцьцё». Афіцыйная падстава — нямэтавае выкарыстаньне. Гэта значыць, за тое, што тут не трымалі кароў.

Віталь Антончыкаў
Віталь Антончыкаў

«Мы кажам: „А як мы можам разводзіць кароў, калі царква ў прынцыпе не гадуе кароў?“. Гэта раз, — кажа Віталь Антончыкаў. — А па-другое, ёсьць іншы закон, якім забаронена ў Менску разводзіць кароў».

Вернікі спрабавалі абскардзіць рашэньне ў Вышэйшым гаспадарчым судзе. Але яны нічога не дамагліся. Потым «Мендзяржмаёмасьць» пералічыла на рахунак царквы 16 тысяч даляраў. У такую суму ацанілі будынак. Але вернікі не пагадзіліся з выкупам і пералічылі грошы назад на рахунак «Мендзяржмаёмасьці».

Так выглядаў кароўнік, калі яго купіла суполка вернікаў
Так выглядаў кароўнік, калі яго купіла суполка вернікаў

«На наш погляд, ва ўладаў на той момант проста не хапіла добрай волі, каб дапамагчы нам перааформіць будынак у культавы, — кажа Антончыкаў. — І тады б не было ніякіх пытаньняў. А ў нас у 2006 годзе быў пост-галадоўка».

Каб царкву не забралі, вернікі трымалі пост-галадоўку ў 2006 годзе
Каб царкву не забралі, вернікі трымалі пост-галадоўку ў 2006 годзе

Праз 23 дні галадоўкі калегія Вышэйшага гаспадарчага суду апратэставала прымусовы выкуп будынку. Але зрабіць яго культавым царкве таксама не дазволілі.

Камунікацыі абрэзалі, падаткі плаціць ЖРЭА

Чарговы раз у вернікаў спрабавалі забраць будынак царквы ў 2012 годзе. У адказ яны зладзілі кругласутачную малітву. Потым будынак перадалі на балянс ЖРЭА.

Так выглядала царква ў 2002 годзе
Так выглядала царква ў 2002 годзе

Сёньня паводле дакумэнтаў будынак царквы — гэта кароўнік, які належыць ЖРЭА Фрунзэнскага раёну. Праводзіць набажэнствы там нельга, бо будынак не атрымаў статусу культавага. Але і гадаваць кароў тут нельга, бо ў Менску гэта забаронена.

Храм абрэзаны ад усіх камунікацыяў. Ваду сюды прывозяць у бутэльках, электрычнасьць выпрацоўваецца ад генэратара. Адзінае, за што было б трэба плаціць, — зямельны падатак. Але і яго царква ня плаціць, бо займае будынак незаконна. Зямельны падатак плаціць ЖРЭА Фрунзэнскага раёну.

«Фактычна яны сталі закладнікамі гэтай сытуацыі», — кажа Антончыкаў.

Царква «Новае жыцьцё» сёньня
Царква «Новае жыцьцё» сёньня

Пытаньне пра статус царквы зьдзівіла ЖРЭА № 1 Фрунзэнскага раёну. Як паведамілі Свабодзе ў адміністрацыі, «Новае жыцьцё» ня можа быць у іх на балянсе.

Сёньня былая вёска Сухарава актыўна забудоўваецца. Прыватны сэктар зносяць, і на яго месцы ўзьнікаюць шматпавярховікі. На ўчастак царквы таксама быццам бы прэтэндуюць інвэстары.

Гэта відаць і на мапе сядзібнай забудовы, якую будуць зносіць. На сайце адміністрацыі Фрунзэнскага раёну ўся былая вёска Сухарава, дзе разьмешчаная царква «Новае жыцьцё», пазначаная як тэрыторыя пад знос.

Проста патрэбна добрая воля ўладаў

Царква-кароўнік мае плошчу 1640 мэтраў. Тут зьмяшчаецца 800 чалавек. На дзьве ранішнія нядзельныя службы прыходзяць разам 1200 чалавек. Набажэнствы ладзяцца штодня. Пры царкве ёсьць тэатральная група, сустрэчы з алька- і нарказалежнымі, выязныя службы ў дамах-інтэрнатах.

26 красавіка вернікі не пусьцілі ў царкву судовых выканаўцаў

«Мы проста хочам маліцца Госпаду. Вось і ўсё», — кажа Антончыкаў.

Нядаўна юрыст царквы Сяргей Луканін чарговы раз атрымаў паведамленьне, каб царква вызваліла памяшканьне да 26 красавіка. Аднак вернікі адмовіліся падпарадкоўвацца, не пусьціўшы на парог судовых выканаўцаў.

«З 2012 году яны дасылалі лісты, але сілавых акцыяў не было, — кажа Антончыкаў. — Сёньня не рабілі вялікай агалоскі. Чалавек сто мо прыехала».

Прадстаўнікі царквы перадалі судовым выканаўцам ліст, у якім яны просяць адтэрмінаваць выкананьне судовага рашэньня. Паводле Віталя Антончыка, цяпер ідуць перамовы з уладамі, а таму магчыма, што «ўсё вырашыцца цывілізаваным шляхам».

«Мы настроеныя на мірны дыялёг, — кажа Антончыкаў. — На наш погляд, пытаньне проста вырашаецца. Проста патрэбна добрая воля ўладаў. Раней яе не было. Можа, яна будзе цяпер».

Да мірнага дыялёгу гатовыя і ўлады, запэўнілі вернікаў у Менгарвыканкаме. 27 красавіка прадстаўнікі царквы сустрэліся з намесьнікам старшыні Менгарвыканкаму Ігарам Юркевічам. Па словах Віталя Антончыкава, зараз суполка і ўлады будуць шукаць законны спосаб, каб урэгуляваць маёмасны канфлікт.

«Заўтра я адвязу судоваму выканаўцу ліст, — сказаў Антончыкаў. — Папросім, каб вернікаў не турбавалі хаця б кароткі тэрмін, пакуль мы шукаем мірнага рашэньня з уладамі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG