Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Муж езьдзіў у „Патрыёт“, мае стрэльбу, сябруе з Лазоўскім», — Ганна Дундукова пра справу «Белага легіёну»


«Нас пыталі, дзе зброя», — жонка фігуранта справы «Белага легіёну» Андрэя Дундукова
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:03:32 0:00

«Нас пыталі, дзе зброя», — жонка фігуранта справы «Белага легіёну» Андрэя Дундукова

Ганна Дундукова, жонка фігуранта справы «Белага легіёну», расказала Свабодзе пра сувязі яе мужа з клюбам «Патрыёт» і Міраславам Лазоўскім. А таксама пра тое, як падчас ператрусу ў кватэры, дзе жыла сям’я Дундуковых, «знайшлі» прадмет, якія вельмі трапна ўпісваецца ў тое, што інкрымінуюць фігурантам справы пра арганізацыю масавых беспарадкаў 25 сакавіка.

Пра вайскова-спартыўны клюб «Патрыёт»

Андрэй Дундукоў нарадзіўся 27 ліпеня 1985 году. Вырас у Бабруйску. Падлеткам і ўжо пасьля, калі стаў дарослым чалавекам, ён бываў на летніх выездах вайскова-спартыўнага клюбу «Патрыёт», які цяпер стаў часткай справы пра арганізацыю масавых беспарадкаў. Больш за тое, некалькі разоў я сама езьдзіла ў гэты летнік з мужам і нашым маленькім сынам.

Андрэй Дундукоў з жонкай Ганнай і сынам Міраславам
Андрэй Дундукоў з жонкай Ганнай і сынам Міраславам

Гэта быў звычайны летнік побач зь вёскай, там былі выхавальнікі і пэдагогі, а таксама кухары з Цэнтру творчасьці дзяцей і моладзі Ленінскага раёну Бабруйску. Дзеці там рознага ўзросту — хлопцы і дзяўчаты, усяго чалавек 20-30. Мы прыяжджалі на некалькі дзён, проста каб адпачыць. Я на кухні нешта дапамагала рабіць, а Андрэй вучыў у летніку дзяцей першай мэдычнай дапамозе. «Патрыёт» функцыянаваў як сэкцыя ці гурток, выезды на прыроду былі летам на 10 дзён. Цягам году былі тыя самыя заняткі па гісторыі, вайсковая падрыхтоўка, вывучэньне мовы, валянтэрская дзейнасьць. Яны прыбіралі ў лясах, дапамагалі старым, ладзілі вечарыны беларускіх танцаў.

Андрэй з сынам
Андрэй з сынам

У летнік траплялі і дзеці зь няпоўных ці праблемных сем’яў. Мікалай Міхалькоў быў зацікаўлены ў тым, каб запрашаць такіх дзяцей — усё ж лепш, чым будуць проста бадзяцца бяз справы. Бацькі, якія наведвалі дзяцей у летніку, былі вельмі ўдзячныя кіраўніку «Патрыёта» за тое, як ён выхоўвае і як ставіцца да сваіх гадаванцаў. Яшчэ яны са старымі людзьмі працавалі, дапамагалі як валянтэры. Ведаю, што цяпер гэтыя старыя людзі зьбіраюць подпісы, каб выпусьцілі людзей, датычных да клюбу «Патрыёт». Штогод былі публікацыя ў СМІ пра летнікі і сам клюб — толькі добрае пісалі, таму што яны нічога кепскага і не рабілі. Ну я разумею, што ўсё можна перавярнуць, як захочацца.

Пра вайсковую падрыхтоўку

Калі казаць пра вайсковы складнік гэтага летніку, то там была даволі строгая дысцыпліна: пад’ём, адбой, шыхтаваньні. Раніцай — абавязковая прабежка, ды і ўвогуле займаліся фізычнай падрыхтоўкай. Што кідалася ў вочы, дык гэта тое, што ўсе былі ў камуфляжнай вопратцы, здаецца, яе набывалі ў крамах сэканд-хэнд. Былі муляжы зброі, дзеці вучыліся абыходзіцца са зброяй. Нават больш прыкметным быў патрыятычны складнік клюбу «Патрыёт» — там вучылі з павагай ставіцца да беларускай мовы, ведаць гісторыю Беларусі, рыхтавалі да вайсковай справы. Таксама былі заняткі, зьвязаныя зь беларускімі арнамэнтамі, былі старадаўнія беларускія танцы, яшчэ прыяжджалі беларускія музыкі.

Пра беларускую мову

У прынцыпе гэта беларускамоўны летнік, але ніякага прымусу не было — дзеці размаўлялі па-расейску. Андрэй прынцыпова беларускамоўны, ён па-беларуску выкладаў, а я, наадварот, гаварыла па-расейску. І ніякай праблемы ў гэтым не было.

Пра «Белы легіён»

У 1996 годзе, калі стварыўся «Белы легіён», Андрэю было 11 гадоў; калі арганізацыя спыніла існаваньне — 15 ці 16. Ён нават ніколі не расказваў мне пра гэтае аб’яднаньне, я, можна сказаць, толькі цяпер, калі Андрэй і іншыя хлопцы былі затрыманыя, пачала даведвацца, што гэта такое.

Можна дапусьціць, што мой муж у дзяцінстве меў дачыненьне да «Белага легіёну», бо яго кіраўнік, Міраслаў Лазоўскі, — наш вельмі добры сябар і Андрэй ведае яго даўно. Мы нават жылі ў іх са Сьвятланай, афіцыйна здымалі пакой. А з улікам, што мой муж наведваў летнік «Патрыёт», то можна выстраіць пэўную сувязь паміж гэтым бабруйскім летнікам і «Белым легіёнам». Хоць, як мне здаецца, Міраслаў ня ведае кіраўніка клюбу «Патрыёт» Мікалая Міхалькова.

Пра Міраслава Лазоўскага

Апошнім часам у Міраслава было сваё жыцьцё, ён зьбіраўся ажаніцца са Сьвятланай, яны рыхтавалася ехаць у адпачынак. Звычайнае жыцьцё — рамонт кватэры, праца ў выдавецтве.

Пра затрыманьне

Ганна з сынам Міраславам
Ганна з сынам Міраславам

21 сакавіка мы ехалі на машыне ва Ўкраіну. Плянавалі заехаць у Чарнігаў і Кіеў, а пасьля ў скалы Доўбуша, што ў Жытомірскай вобласьці. Андрэй займаецца альпінізмам, таму ён хацеў трапіць у горы. Мы разьлічылі, у нас было пяць вольных дзён. Вярнуцца плянавалі ўночы 25 сакавіка. На мяжы нас спынілі, трымалі чатыры гадзіны. Я падумала, што альбо нешта з машынай, альбо нас затрымалі, бо Андрэй вайсковец і яму не дазволілі выезд за мяжу, хоць рапарт на выезд у Андрэя быў падпісаны. Падчас агляду машыны мяне зьдзівіла пытаньне «А дзе ваша зброя?». У Андрэя ёсьць зарэгістраваная паляўнічая стрэльба, але, зразумела, яна ў сэйфе дома. Я так і адказала.

У выніку нас вярнулі ў Менск. Забралі ўсе рэчы, дакумэнты, грошы, крэдытныя карткі. Мяне з сынам высадзілі каля мэтро «Магілёўская», муж паехаў далей. Назаўтра, 22 сакавіка, я даведалася, што ён у сьледчым ізалятары КДБ. Там я сустрэла іншых жанчын, якія таксама шукалі сваіх мужчын.

Пра ператрус і «прадмет, які нельга называць»

25 сакавіка адбыўся ператрус у нашай кватэры ў Бабруйску. Там нічога не знайшлі, пайшлі з пустым пратаколам. Я чакала, што адразу пасьля затрыманьня Андрэя будзе ператрус у кватэры, якую мы здымалі ў Менску. Але гэта здарылася толькі празь 9 дзён, калі сканчаўся тэрмін, калі яго павінны былі альбо адпусьціць, альбо прад’явіць абвінавачаньне.

Ганна з сынам
Ганна з сынам

Мне патэлефанавалі, усё было ветліва. Дамовіліся пра час. Я сваім ключом адамкнула дзьверы. Падчас ператрусу адбылося дзіўнае — «знайшлі» рэч, якой дакладна ў нас не было. Адвакатка параіла мне не называць у СМІ, што канкрэтна было знойдзена, але гэтая рэч добра кладзецца ў «справу Белага легіёну». Я адразу сказала, што гэта ня наша. Яны адказалі: «Ну вы ж бачыце, што мы гэта ў вашай шафе знайшлі». Пры мне гэтую рэч не падкладалі, але цягам гэтых дзевяці дзён ці мала хто мог трапіць у кватэру і што там пакінуць.

Андрэй напісаў мне ў лісьце, што ведае пра ператрус. У яго была злосьць — гэта першая рэакцыя чалавека, які даведваецца пра падлог.

Пра зброю

Падчас ператрусу я сама папрасіла, каб забралі зарэгістраваную на Андрэя паляўнічую стрэльбу. У мяне няма дазволу на зброю, а дазвол вельмі цяжка атрымаць. Трэба адзначыць, што гэтыя людзі, якія рабілі ператрус, ня вельмі зацікавіліся гэтай зброяй. Яна шукалі нешта іншае. Мяне запытвалі пра шаўроны. Я нават не зусім зразумела, што гэта такое. Стала паказваць пагоны Андрэя. Але яны шукалі іншае.

Пра лісты з «амэрыканкі»

Першы ліст, які напісаў Андрэй, быў пяшчотна-жартаўлівы. Другі — вельмі сумны і трывожны. Я зразумела, што ён у ня вельмі добрым маральным стане. Я думаю, што яму паказалі гэты прадмет, які «знайшлі» ў нас дома, і цяпер ён лічыць, што справа вельмі сур’ёзная.

Пра кар’еру

Андрэй Дундукоў служыў у паветрана-дэсантных войсках, мае званьне прапаршчыка. Зь 2011 году Андрэй працаваў у МНС ратавальнікам-пажарным. У 2013 годзе ён стаў ратавальнікам-вадалазам у Рэспубліканскім атрадзе рэспубліканскага прызначэньня — гэта эліта МНС. Таксама ён інструктар Чырвонага крыжа. Літаральна за два месяцы да затрыманьня ён атрымаў прапанову перайсьці на яшчэ больш прэстыжную працу з афіцэрскім званьнем. Ён вельмі хацеў гэтага, жыў гэтай марай. Але цяпер яна ўжо ня зьдзейсьніцца. У вайсковай сыстэме нават дробная адміністрацыйная справа, зьвязаная, скажам, зь перавышэньнем хуткасьці, становіцца падставай для заканчэньня кар’еры. На яго цяперашняй працы мне сказалі, што вайскоўцам ён ужо ня будзе.

Пра 25 Сакавіка

Мы ніколі не адзначалі гэтае сьвята. Андрэй ніколі не хадзіў ні на якія мітынгі ці вулічныя акцыі. Як патрыёт ён ведае, што гэта за дата — 25 Сакавіка, але я ніколі ня чула, каб ён плянаваў нейкім чынам удзельнічаць ці проста наведаць. Мы ж ехалі ва Ўкраіну, увогуле не плянавалі быць у Беларусі ў гэты дзень.

Пра сына

Міраславу 3 гады. Ён разумее, што нешта здарылася з татам, але ня плача. На раніцу, калі Андрэя забралі, Міраслаў схаваўся пад ложак і казаў, што тату забралі злыя людзі, і перажываў, што па яго прыйдуць таксама. Я сказала, што тата паехаў у горы, піша нам лісты і хутка вернецца з падарункам. Таксама кажу Міраславу, што тату няма чаго есьці ў гарах, таму мы яму адпраўляем пасылкі.

Пра дапамогу і салідарнасьць

Зарабляе ў нашай сям’і Андрэй, таму цяпер мы фактычна бяз сродкаў для існаваньня. Я рамесьніца, вару мыла, але гэта хутчэй хобі, утрымліваць сябе і сына на гэтыя грошы немагчыма. Але дзякуй сябрам, родным і проста незнаёмым неабыякавым людзям — вельмі шмат хто дапамагае чым можа. Ведаю пра ініцыятыву Зьмітра Сасноўскага, у межах якой сем’ям затрыманых можна дапамагчы канкрэтнай справай — нешта прывезьці, пасядзець зь дзецьмі, проста падтрымаць добрым словам. Я ўжо скарысталася гэтай дапамогай — знайшліся хлопцы з машынай, якія перавезьлі мае рэчы з адной кватэры на другую.

Андрэй з Ганнай
Андрэй з Ганнай

Андрэй з сынам Міраславам
Андрэй з сынам Міраславам

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG