Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад каго будзе адстрэльвацца Лукашэнка разам з Пуціным? 


Якімі будуць міжнародныя наступствы амэрыканскіх ракетных удараў па сырыйскіх войсках? Што выйграла, а што прайграла Беларусь у выніку пагадненьня, дасягнутага Лукашэнкам і Пуціным? Ці вырашыла гэтае пагадненьне ўсе праблемы ў двухбаковых адносінах?

Гэтыя пытаньні ў Праскім акцэнце абмяркоўваюць экспэрт цэнтру імя Астрагорскага Сяргей Богдан, палітычны аналітык Аляксандар Класкоўскі і расейскі палітоляг, кіраўнік «Палітычнай экспэртнай групы» Канстанцін Калачоў. Вядзе перадачу Юры Дракахруст.

Прапануем вам фрагмэнт перадачы, прысьвечаны наступствам амэрыканскай атакі на сырыйскі вайсковы аэрадром.

Дракахруст: Раніцай у пятніцу Злучаныя Штаты нанесьлі ўдар крылатымі ракетамі «Тамагаўк» па вайскова-паветранай базе сырыйскай авіяцыі. Паводле заявы прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, удар быў зроблены ў адказ на выкарыстаньне сырыйскімі войскамі хімічнай зброяй супраць паўстанцаў у правінцыі Ідліб некалькі дзён таму.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін назваў амэрыканскі ракетны ўдар «агрэсіяй супраць сувэрэннай дзяржавы на надуманай падставе». Стала вядома, што Расея прыпыніла дамову з ЗША аб прадухіленьні інцыдэнтаў і бясьпецы палётаў у Сырыі.

Якія наступствы гэта будзе мець для сытуацыі ў Сырыі і ў сьвеце ў цэлым?

Богдан: Я лічу, што гэты ўдар з ЗША перш за ўсе хутчэй мае сымбалічную вартасьць, мае мэту даць выразны знак Расеі, што ЗША хочуць ад яе зьмены палітыкі, якую яна праводзіць на Блізкім Усходзе, у прыватнасьці, яе стасункаў з сырыйскім урадам, Іранам і Хэзбалой. Да гэтага часу Масква ўпарта спрабавала трымацца гіпотэзы, што Трамп — гэта лепш, чым Абама, што ён такі плюшавы і ў любым выпадку больш прыемны для Крамля пэрсанаж.

Гэты ўдар паказвае, што Трамп — гэта, ўмоўна кажучы, Рэйган.

На самой справе гэты ўдар паказвае, што Трамп — гэта, ўмоўна кажучы, Рэйган. Я ня думаю, што сам па сабе гэты ўдар і нават магчымыя наступныя ўдары зьменяць сытуацыю ў Сірыі, таму што гэта збольшага грамадзянская вайна і разбурэньне яшчэ адной авіябазы асабліва нічога там не памяняе, але гэта безумоўна для Расеі знак. Ці будзе Расея пасьля гэтага мяняць стратэгію, якую яна праводзіць на Блізкім Усходзе — гэта пытаньне таксама складанае, таму што я думаю, што Расея хацела б неяк разьмяняць пытаньне сырыйскае на пытаньне украінскае. І таму я думаю, што, хутчэй за ўсе, ня варта чакаць ніякіх вялікіх зьменаў.

Дракахруст: Канстанцін, які Ваш прагноз? Вось Сяргей сказаў пра тое, што Трамп — гэта Рэйган. Але мы памятаем, што ў свой час Рэйган загадаў бамбіць Лібію, аднак гэта быў аднаразовы ўдар, нанесьлі ўдар і гэтым усе скончылася.

Тое самае будзе ў Сырыі зараз ці маштабы апэрацыі могуць разрасьціся, прычым разрасьціся непрадказальным чынам? Вельмі важна, на мой погляд, тое, што Расея выйшла з гэтай дамовы аб бясьпецы палётаў. Там жа і расейскія базы, самалёты могуць сутыкнуцца, удар можа прыйсьціся і на расейскую авіябазу і тады наступствы будуць непрадказальныя.

Калачоў: Яшчэ адна дрэнная навіна для Расеі — гэта заява Эрдагана пра гатовасьць Турэччыны падтрымаць амэрыканскую апэрацыю ў Сырыі, Эрдаган заявіў: «Мы не завагаемся». А саюз ЗША і Турэччыны — гэта страшны сон Крамля. Расейская эліта перажывае зараз шок, яна пераконвала сама сябе, што Трамп — найлепшы сябра Расеі. Пуцін заявіў пра «агрэсію ЗША супраць Сырыі». Ілюзіі, што з Трампам можна будзе лёгка дамовіцца, па-мойму, абрынаюцца канчаткова. Я думаю, што наземнай апэрацыі ЗША ў Сырыі не будзе, але ціск на Сырыю і Расею будзе ўзмацняцца.

Тэма «марыянэткі Пуціна» стала рэальна небясьпечная для прэзыдэнта ЗША, яму важна паказаць сябе крутым хлопцам. За апошні час Расея Амэрыцы нічога не прапанавала, дэманстравала непахіснасьць, падымала стаўкі і ўрэшце, здаецца, перайграла сама сябе. Трамп казаў пра палітыку з пазыцыі сілы, вось ён і паказвае ўсім апанэнтам і партнэрам, што ён можа гаварыць з пазыцыі сілы, для яго гэта моцны ход, а для Расеі — расчараваньне і праблема.

Трамп ніякіх абяцаньняў Крамлю не даваў і значыць выконваць яму няма чаго.

Тут знаходзяць апраўданьні, кажуць, што амэрыканскія вайскоўцы не падпарадкоўваюцца Трампу, што Дзярждэп вядзе ўласную гульню, што Трампа падстаўляюць. Але вялікая праблема палягае ў тым, што Трамп ніякіх абяцаньняў Крамлю не даваў і значыць выконваць яму няма чаго.

А нас пераконвалі ў адваротным: Трамп прыйдзе, трава зазелянее, санкцыі здымуць, Крым прызнаюць часткай РФ. Для самога Трампа, як палітыка, вельмі важная рыторыка, яму важна адпавядаць пажаданьням выбарцаў, якія лічаць, што Амэрыцы трэба вярнуць веліч. А вобраз сусьветнай велічы саступкамі не створыш, і Расея не гатовая на саступкі. Псыхалёгію гульні Трампа недаацанілі. У чым я ўпэўнены — гэта ў тым, што Трамп і Пуцін характарамі ня сыдуцца.

Дракахруст: Аляксандр, які Ваш прагноз? Я хачу нагадаць, што на мінулым тыдні Лукашэнка, кажучы пра беларуска-расейскія адносіны, сказаў, што ён з Пуціным «родныя браты» і дадаў: «магчыма, давядзецца стаяць сьпіна да сьпіны і адстрэльвацца».

Вось у цяперашняй сытуацыі, а можа і сапраўды давядзецца «адстрэльвацца разам», прычым у самым простым і літаральным сэнсе? Калегі больш казалі пра тое, ці перарасьце гэты ўдар у шырокамаштабную апэрацыю, але ён можа нават і не перарасьці, а можа быць той сцэнар, які я сказаў: нейкая ракета заляціць на расейскую базу, нейкі амэрыканскі самалёт саб’е расейскі, ці расейскі самалёт саб’е амэрыканскі, і сытуацыя пакоціцца так далёка, як можа ніхто і не хоча?

Класкоўскі: Так, сапраўды цяпер можна са змрочнай іроніяй казаць, што Лукашэнка як у ваду глядзеў, калі казаў, што можа давядзецца стаць сьпіной да сьпіны і разам адстрэльвацца. Сапраўды відавочна, што Трамп гэтай акцыяй балюча шчоўкнуў па носе расейскае кіраўніцтва, у Маскве цяпер шмат эмоцыяў, эмоцыі зашкальваюць.

Пуцін думаў сырыйскай кампаніяй набіць сабе цану, каб Вашынгтон зь ім лічыўся, а тут атрымліваецца роўна наадварот.

Іронія лёсу ў тым, што Пуцін думаў сырыйскай кампаніяй набіць сабе цану, каб Вашынгтон зь ім лічыўся, а тут атрымліваецца роўна наадварот. Іншая рэч, што відавочна ў Расеі няма сілаў, каб на роўных дужацца з Амэрыкай.

Таму я думаю, будзе шмат эмацыйнай рыторыкі, могуць быць нейкія баявыя стойкі і ў гэтае піяраўскае дужаньне вялікіх хлопцаў можа быць уцягнутая і Беларусь. То бок абвострыцца патрэба ў беларускім пляцдарме, ізноў можа рубам устаць пытаньне пра тую ж авіябазу, можа і пра іншыя вайсковыя базы, можа пра тое, каб высунуць сюды часткі з расейскімі «Іскандэрамі».

Абвострыцца патрэба ў беларускім пляцдарме.

Натуральна такі паварот сюжэту будзе цалкам нэгатыўны для Беларусі. Ну, можа нейкія крошкі эканамічных прэфэрэнцыяў на гэтым фоне будзе лягчэй урваць, але небясьпека ўцягваньня ў канфрантацыю з Захадам будзе мець па вялікім рахунку вельмі нэгатыўныя наступствы для Беларусі. Зноў жа па іроніі лесу — толькі-толькі здавалася адбудавалі нейкія дачыненьні з Захадам, нармалізацыю наладзілі, а тут, па-першае, унутраныя рэпрэсіі пачаліся, па-другое, такі кепскі міжнародны фон ствараецца сёньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG