Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы: перасьлед Касінерава палітычна матываваны


Вячаслаў Касінераў
Вячаслаў Касінераў

9 беларускіх праваабарончых арганізацыяў назвалі Вячаслава Касінерава палітычным зняволеным і запатрабавалі ад уладаў Беларусі спыненьня крымінальнага перасьледу і неадкладнага вызваленьня актывіста.

Пра гэта гаворыцца ў супольнай заяве праваабарончых арганізацыяў.

28 сакавіка актывісту Вячаславу Касінераву, які адбываў 15-суткавы адміністрацыйны арышт за ўдзел у дэманстрацыі 17 лютага ў Менску, прад’яўлена абвінавачванне паводле часткі 1 артыкулу 339 Крымінальнага кодэксу («Хуліганства»). Актывіст быў узяты пад варту і ўтрымліваецца ў СІЗА МУС у Менску.

Падставай для крымінальнага перасьледу Касінерава стаў пэрформанс, праведзены ім 12 сакавіка. Актывіст накінуў пятлю на статую паліцэйскага-гарадавога часоў Расейскай імпэрыі, усталяваную на замову міністра ўнутраных спраў каля будынка МУС падчас сьвяткаваньня стагодзьдзя беларускай міліцыі.

Гэтай акцыяй актывіст выказаў пратэст супраць міліцэйскага самавольства і перасьледу актывістаў анархісцкага руху за ўдзел у мірных акцыях пратэсту.

У заяве праваабаронцы адзначаюць, што дзеяньні Касінерава «відавочна не падпадаюць пад склад крымінальнага хуліганства і не нясуць грамадзкай пагрозы». На думку праваабаронцаў, акцыя зьяўляецца «выказваньнем меркаваньня, якое ўключае свабоду, сярод іншага, распаўсюджваць усялякага кшталту інфармацыю і ідэі шляхам мастацкіх формаў выяўленьня ці іншымі сродкамі па сваім выбары».

Праваабаронцы лічаць абмежаваньне гэтага права ў гэтым выпадку «яўна непрапарцыйным».

«Пры такіх абставінах кваліфікацыя дзеяньняў Вячаслава Касінерава як наўмысна ўчыненага хуліганства, узяцьце яго пад варту і магчымае далейшае пазбаўленьне волі зьяўляюцца празьмернымі і скіраванымі на ізаляцыю Касінерава. Гэты крымінальны перасьлед, як і папярэдні, у жніўні 2015 году, абумоўлены ягонай актыўнасьцю ў анархісцкім руху, а таксама помстай органаў міліцыі. Такім чынам, крымінальны перасьлед Вячаслава Касінерава мае палітычна матываваны характар», — гаворыцца ў заяве.

6 красавіка Маскоўскі суд Менску разгледзіць скаргу на меру стрыманьня актывісту анархісцкага руху Вячаславу Касінераву.

«Мы падавалі скаргу, каб памянялі меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе. Гэта значыць, калі яны яе задаволяць, то Вячаслава заўтра мусяць выпусьціць. Бо яго цяпер незаконна ўтрымліваюць на „Валадарцы“», — сказала Свабодзе сяброўка Вячаслава Касінерава Марына Насенка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG