Радыё Свабода працягвае штомесячны маніторынг цэнаў у Беларусі на самыя неабходныя тавары. У межах праекту «Не для нас ананас» мы адсочваем, колькі каштуюць у пачатку кожнага месяца 7 прадуктаў харчаваньня (сьвініна, бульба, яйкі, хлеб, малако, алей і цукар), а таксама аўтамабільнае паліва, праезд у транспарце і квіток у кінатэатар.
Параўнаўшы вынікі студзеньскага і лютаўскага замераў, мы зрабілі выснову, што ў лютым кошык зь 10 прадуктаў падаражэў на 0,49 рубля (у студзені — 28,45 рубля, у лютым — 28,94).
Кошт кошыка тавараў у сакавіку склаў 27,62 рубля, патаньнеўшы ў рублёвым вымярэньні ў параўнаньні з пачаткам году.
Цяпер параўноўваем студзеньскія і красавіцкія цэны.
Так, на пачатку красавіка цэны ў параўнаньні з пачаткам студзеня не зьмяніліся на алей і праезд у грамадзкім транспарце (2,99 і 0,55 рубля адпаведна).
Кіляграм шыйнай часткі сьвініны патаньнеў на 20% і каштуе ў пачатку красавіка 9,99 рубля (у студзені было 11,99).
Астатнія прадукты падаражэлі. Самы значны скачок цаны — на бульбу. У пачатку красавіка яе прадаюць па 0,54 рубля (у студзені было 0,38).
Кіляграм цукру прадаецца за 1,75 рубля (у студзені было 1,69), літар малака «Савушкин продукт» тлустасьцю 2,5% — 1,34 (у студзені каштаваў 1,3), дзясятак яек «Разумны выбар» С-1 прадаюць за 1,96 рубля, а не за 1,91, як у студзені.
Працягваюць даражэць і забавы: квіток на блёкбастар «Жывое» ў бюджэтным кінатэатры «Беларусь» каштуе 6,5 рубля. У студзені мы там жа глядзелі «Елкі-5» за 5 рублёў, у лютым — камэдыю «Ла-ла-лэнд» за 6 рублёў.
Разам з тым за кошт значнага зьніжэньня цаны на мяса кошык прадуктаў патаньнеў у параўнаньні з пачаткам году (у студзені — 28,45, у красавіку — 27,79). Дэфляцыя ў межах нашага спажывецкага кошыка за першыя тры месяцы 2017 году склала 2,37%. У даляравым вымярэньні кошык падаражэў на 2,36% (у студзені — 14,44$, у красавіку — 14,78$).
Ад пачатку году беларускі рубель у дачыненьні да даляра ўмацаваўся на 1% (у студзені за даляр давалі 1,97 рубля, у красавіку — 1,89).
Таньнеюць прадукты і паводле афіцыйнай статыстыкі, апублікаванай «Белстатам». Так, набор зь сямі харчовых прадуктаў, якія ўваходзяць у нас кошык (мяса, алей, цукар, малако, бульба, яйкі і хлеб) у студзені каштаваў 19,03 рубля. У лютым гэты ж набор каштуе 18,83 рубля.
***
Свабода фіксуе цэны на адны і тыя ж тавары на пачатку кожнага месяца на працягу году ў адной і той жа менскай сеткавай краме, якая знаходзіцца ў сярэднім цэнавым сэгмэнце.
У якасьці адзінкі мы бяром кіляграм ці літар.