Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паскардзілася на пацукоў, дык перасталі даваць кіпень — Папкова пра берасьцейскі ізалятар


Натальля Папкова
Натальля Папкова

Актывістка «Маладой Беларусі» зь Берасьця Натальля Папкова выйшла на волю зь берасьцейскага ізалятара часовага ўтрыманьня 29 сакавіка пасьля 7 сутак арышту за берасьцейскі «Марш недармаедаў» 12 сакавіка.

Але адпусьцілі яе не адразу: проста з ізалятара яе сілком павезьлі на псыхіятрычную экспэртызу.

Раней, 3 сакавіка, напярэдадні яшчэ аднаго «Маршу недармаедаў», яе адвозілі ў псыхіятрычны дыспансэр, але дыягназу не назвалі. Ніякіх дыягназаў не зьявілася і цяпер: «паразмаўляла зь лекаркай, лекарка сказала, што ўсё добра».

Цяпер Папкову працягваюць пільнаваць:

«Учора быў ціхар каля пад’езду. І мне тэлефанаваў участковы, пытаўся, ці магу пайсьці да сястры... Але нічога, затрымліваць не спрабавалі».

Папкова наракае на цяжкія ўмовы ў ізалятары:

«Жудасныя ўмовы! Пацукі па камэрах бегаюць, вельмі халодна, замест вакна нейкі стаяў кавалак плястыку зь дзіркамі. І ежа жудасная, як для пацукоў. Калі я падымала пытаньне, што пацукі па камэрах бегаюць, што немагчыма трымаць людзей разам з пацукамі, дык перасталі даваць кіпень.

Спрабавалі два разы пабіць, але ў іх не атрымалася, бо я адмаўлялася выйсьці з камэры, а там людзі былі. Але калі засталася адна, зацягнулі да начальніка ІЧС, а пакуль цягнулі, пашкодзілі палец. Ён жудасна балеў, але мне доктара ня выклікалі. Толькі на наступны дзень, калі камэра ўся паднялася і сказала, што „яна плакала ўночы ад болю“, тады мяне завезьлі да лякарні. Атрымалася, што ў мяне моцны ўшыб, шмат сінякоў на руках».

Цяпер Папкова зьбіраецца пісаць скаргу на гвалт у турме. Яна чакае яшчэ аднаго суду — гэтым разам за ўдзел у «Маршы недармаедаў», які адбыўся ў Берасьці 19 лютага. Суд прызначаны на 11 гадзіну 31 сакавіка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG