Актывістку «Маладой Беларусі» Натальлю Папкову зьвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаванай акцыі «недармаедаў» 12 сакавіка ў Берасьці.
Судзьдзя Ленінскага суду Сьвятаслаў Каліна прысудзіў Натальлі 7 сутак арышту. Улічваючы двое сутак, якія яна адседзела пасьля затрыманьня, спадарыні засталося адбыць 5 сутак.
Канвой забраў актывістку ў ізалятар проста з судовай залі.
Судовае паседжаньне пачалося напярэдадні ўвечары, аднак Натальля Папкова заявіла хадайніцтва аб неабходнасьці заключэньня дамовы з адвакатам, таму справу перанесьлі на сёньня. Як расказаў Свабодзе берасьцейскі праваабаронца Ўладзімер Вялічкін, пасьля ўчарашняга паседжаньня ён заўважыў, што за Натальляй сочаць людзі ў цывільным:
«Учора пасьля суду я яе суправаджаў дахаты, то паўсюль за намі сачылі. Калі не ішлі, то ехалі. Гэта быў такі сурʼёзны псыхалягічны ціск. Раніцай сёньня я яе ад дома забіраў, то зноў за намі езьдзілі. Зайшлі ў кавярню перад судом — і яны за намі».
Уладзімер Вялічкін выказаў думку, што сачыць за Натальляй Папковай сталі дзеля таго, каб яна не паехала ў Менск паміж судовымі паседжаньнямі.
Актывістка «Маладой Беларусі» Натальля Папкова — адна зь лідэраў пратэстаў «недармаедаў» у Берасьці.
3 сакавіка, перад трэцім «Маршам недармаедаў» у Берасьці (прызначаным на 5 сакавіка), яе затрымалі і зьмясьцілі ў псыхіятрычную лякарню, быццам бы пасьля скаргі суседзяў, што яна хоча скончыць жыцьцё самагубствам.
Пасьля вызваленьня ў інтэрвію Свабодзе Натальля сказала, што думак пра самагубства ў яе не ўзьнікала.