Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Лагвінец у судзе патрымаў на руках сына і паглядзеў у вочы амапаўцу, які яго зьбіваў


Алесь Лагвінец з сынам
Алесь Лагвінец з сынам

«Я ня думала, што ў 21 стагодзьдзі такія рэчы могуць адбывацца, і каб пры гэтым прысутнічалі адэкватныя на выгляд людзі», — сказала Свабодзе жонка Алеся Лагвінца, асуджанага 27 сакавіка на 10 сутак Маскоўскім раённым судом Менску нібыта за брыдкаслоўе. Прысуд вынес судзьдзя Віктар Казак. Пры гэтым сьведка-амапавец Аляксандар Кавальчук сьцьвярджаў у працэсе, што Алесь «біўся галавой аб сядзеньне аўтамабіля».

Суд працуе як канвэер

22-гадовы сын Алеся Лагвінца Антон лічыць, што суд над бацькам быў несправядлівы. Упершыню яго асудзілі на 10 сутак адміністрацыйнага арышту.

«Іншыя несправядлівыя рашэньні адносна бацькі ўжо прымаліся, але раней былі проста штрафы. Працуе канвэер, і ніяк інакш гэта ўспрымаць нельга. Далі загад, і ўсе яго выконваюць».

Алеся Лагвінца жорстка затрымалі і зьбілі 23 сакавіка перад акцыяй на Дзень Волі і адразу зьбіраліся судзіць за «дробнае хуліганства». Але з суду яму выклікалі «хуткую дапамогу» і адвезьлі ў лякарню. Са слоў сына, у бацькі было страсеньне мозгу, закрытая чэрапна-мазгавая траўма, пералом носа. У лякарні Алеся пільнавалі «людзі ў цывільным».

«Сьведкі-амапаўцы хлусяць»

Алесь Лагвінец у судзе
Алесь Лагвінец у судзе

Антона, студэнта Варшаўскага політэхнічнага ўнівэрсытэту, таксама затрымалі з бацькам, але потым адпусьцілі. Ён гэтак камэнтуе словы амапаўца Аляксандра Кавальчука, які сьведчыў у судзе, што Лагвінец сам сабе нанёс цялесныя пашкоджаньні, «біўся галавой аб сядзеньне аўтамабіля».

«Ну, а чаго можна чакаць? Гэта ж ужо ня першы выпадак у беларускіх судах, калі сьведкі-амапаўцы хлусяць. Сілай тату занесьлі, а мяне завялі пад рукі ў машыну. Нічога такога, што яны кажуць, не было».

Жонка прыйшла на суд зь дзесяцімесячным сынам

Жонка Алеся Лагвінца Вераніка Мазуркевіч, па прафэсіі перакладчыца з ангельскай і францускай моў, прыйшла на суд разам зь дзесяцімесячным сынам Уладзімерам. Кажа, што не адразу ўдалося высьветліць, дзе адбываўся працэс над мужам.

«Сам факт, як адбыўся гэты суд, як цяжка было знайсьці інфармацыю, дзе ён будзе і калі — я не чакала, што так магчыма арганізаваць. Я думаю, яны проста баяліся, што прыйдуць сьведкі на паседжаньне, калі нам будзе загадзя вядома, у колькі яно будзе і дзе. Нават Алесю далі ілжывую інфармацыю пра месца і час паседжаньня і дазволілі яе перадаць сыну. Гэта ўвяло ў зман і нас усіх, і адваката. І пакуль мы правяралі гэту інфармацыю, страцілі шмат часу. І ўсё ж зразумелі, што паседжаньне будзе ў Маскоўскім судзе, прыехалі туды, а там было зачынена на абед. Роўна а 14-й мы зайшлі ў будынак, праверылі пашпарты, рэчы. Было 14.05, пакуль дабеглі да залі паседжаньняў. Аказалася, што ўжо спазьніліся, таму што яно пачалося роўна а 14-й. І толькі дзякуючы журналістам удалося прайсьці ў залю і падтрымаць Алеся. Бяз гэтай падтрымкі яму было б там вельмі складана».

«Было б больш зразумела, калі б нейкая „тройка“ судзіла»

Каб зайсьці ў залю, Вераніка мусіла пакінуць немаўля разам з маці ў калідоры. Пасьля вярнулася ў калідор, бо пачула, што дзіця сумуе. Зноў у залю яе не пусьцілі, і яна чакала пад дзьвярыма, калі суд вынесе рашэньне. У інтэрвію карэспандэнту Свабоды прысуд мужу і паказаньні амапаўцаў яна назвала сюррэалізмам.

«Я ня думала, што ў 21 стагодзьдзі такія рэчы проста могуць адбывацца, і каб пры гэтым прысутнічалі людзі, якія на выгляд адэкватныя — судзьдзя, сакратар суду, сьведкі. Адбываецца нейкі спэктакль. Было б больш зразумела, калі б нейкая „тройка“ судзіла. То бок усё напісана загадзя, навошта гэта рабіць? Канечне, раней я бачыла такія суды, але на ніводным зь іх не было сьведчаньняў, што чалавек сам біў сябе, напрыклад, ці лаяўся, проста стоячы на вуліцы. Я дагэтуль не магу зразумець, што гэта было. Як гэта ўпісаць у сваё сьветаўспрыманьне? Даволі складана».

Ахоўнікі дазволілі Лагвінцу патрымаць немаўля на руках

Алесь Лагвінец з жонкай і сынам
Алесь Лагвінец з жонкай і сынам

На перапынку Алесю ўдалося пабачыцца з жонкай і малодшым сынам. Ахоўнікі дазволілі яму патрымаць сына на руках.

«Канечне, яму прыемна. Для яго гэта лішняя крыніца энэргіі, хоць Алесь і так моцны, энэргічны чалавек. Але лішні аптымізм яму не зашкодзіць. Я рада, што яны пабачыліся».

Раней разам з сынам Уладзімерам Вераніка наведвала мужа ў лякарні.

«У лякарні яму станавілася з кожным днём лепей, гэта было бачна. Ён казаў, што лячэньне было адэкватнае, вялікая ўвага, шмат дактароў яго глядзелі, і вынікі пазытыўныя. Аднак ён меў штодня кропельніцы, дасьледаваньні, і яму давалі лекі. Цяпер я ня ведаю, як могуць адбіцца на яго стане здароўя астатнія пяць дзён на Акрэсьціна. Бо ён выглядае добра, але, напрыклад, павадзіў малыша за рукі, нагнуўся — і ў яго баліць галава. Напрыклад, ён ня можа чытаць, у яго кружыцца галава. Гэта яшчэ, я думаю, шмат дасьледаваньняў трэба будзе рабіць пасьля таго, як ён выйдзе. Трэба будзе разьбірацца, што і як, далечвацца».

Лагвінец — амапаўцу: «Я хачу паглядзець вам у вочы»

Вераніка кажа, што на судзе Алесь трымаўся рашуча і ўпэўнена, хацеў размаўляць зь людзьмі, якія яго білі.

«Я пачула яго размову з адным сьведкам. Ён выйшаў і сказаў: „Я хачу паглядзець вам у вочы“. Ён задаваў пытаньні: ці такое здаралася, ці вы ня маніце? Я разумею, што сьведкі-амапаўцы робяць усё прафэсійна, вытрымана. Але я спадзяюся, што хоць нейкае сумленьне ў іх праявіцца пасьля такой размовы.

Алесь трымаўся ўпэўнена, і добра, што мы не прапусьцілі гэтае паседжаньне, нягледзячы на той дэтэктыў. Даходзіла да таго, што проста мы дзяжурылі каля бальніцы і чакалі, пакуль ён выйдзе, і ехалі за гэтай машынай, каб даведацца, дзе будзе суд».

Алесь Лагвінец глядзіць у вочы АМАПаўцу Аляксандру Кавальчуку
Алесь Лагвінец глядзіць у вочы АМАПаўцу Аляксандру Кавальчуку

Вераніка кажа, што адчувае салідарнасьць і дапамогу ад людзей, якія дапамагаюць даглядаць дзіця, схадзіць па харчы ці пампэрсы ў краму.

У 10-суткавы арышт Алесю залічылі дні ў лякарні. Вераніка чакае вызваленьня мужа ў нядзелю. Яна лічыць гэты прысуд ня толькі несправядлівым, але і жорсткім:

«Гледзячы з чым параўноўваць. Канечне, зь ягоным станам здароўя і з тым, што ў яго ёсьць дзіця малое, яны павінны былі такі прысуд не выносіць. І калі сказаць, што ён „лаяўся матам“ і за гэта атрымаў 10 сутак, і яшчэ яго пабілі, то, канечне, гэта жорсткі прысуд. Я магла б параўнаць з астатнімі прысудамі — калі некаторым далі 25 сутак, то гэта ня так і шмат. Але гэта ўсё нонсэнс».

На пытаньне, ці лаецца наогул Алесь матам, Вераніка адказала:

«Не, я ня чула».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG