Працэсы над 9 удзельнікамі акцый 25 і 26 сакавіка праходзілі ў Кастрычніцкім райсудзе. Справы актывістаў, журналістаў, праваабаронцаў і шараговых грамадзян разьбіралі адразу некалькі судзьдзяў.
Затрыманых ад раніцы чакалі ў судзе журналісты, а таксама сваякі і сябры. Адміністрацыя суду перадала, што судовыя працэсы адбудуцца пасьля 14-й гадзіны. Судовая ахова паспрабавала пазбавіцца ад наведнікаў — выклікалі АМАП і міліцэйскае начальства. Прысутным прыгразілі, што ўсіх адвязуць у міліцыю за арганізацыю несанкцыянаванага сходу ў будынку суду. Частка людзей сышла, а частка засталася пісаць скаргу на неправамерныя дзеяньні міліцыі.
Тым часам суды над актывістамі ўжо завяршыліся ў Полацку. Затрыманаму ранкам 25-га сакавіка праваабаронцу Юрыю Бельскаму прысудзілі двое сутак арышту за дробнае хуліганства — нібыта ён нецэнзурна лаяўся, калі быў выкліканы на гутарку ў Сьледчы камітэт. Двое сутак якраз скончыліся, і тэрмін знаходжаньня ў ізалятары часовага ўтрыманьня быў залічаны ў якасьці пакараньня. Актывісту СПБ Віктару Стукаву, затрыманаму яшчэ 24-га ўвечары падчас ператрусу на прафсаюзным офісе, прысудзілі штраф памерам 20 базавых велічыняў.
Віцебскія судзьдзі давалі значна больш жорсткія пакараньні. Пасьля 14 гадзіны ў Кастрычніцкі райсуд прывезьлі адразу ўсіх затрыманых, і журналісты падзяліліся на некалькі груп, каб трапіць на працэсы.
Штрафы па 20 базавых велічынь былі прысуджаны толькі дзьвюм 20-гадовым дзяўчатам, якія ўпершыню прыйшлі на вулічныя акцыі — Аліне Сільчанцы і Ганьне Сьцяпуры. Абедзьвюх судзіў Уладзімер Царыкаў.
Штраф памерам 30 базавых велічынь судзьдзя Тацяна Жураўкова прысудзіла актывістцы Ірыне Трацьцяковай. Гэтая ж судзьдзя разьбірала справы паводле двух пратаколаў супраць праваабаронцы Леаніда Сьвеціка. Той меў пасьведчаньне назіральніка ад РПГА «БХК» і тлумачыў суду, што ня браў удзелу ў акцыях, а толькі назіраў. Яго суд арыштаваў на 15 сутак.
Такі ж самы тэрмін арышту судзьдзя Іна Грабоўская прысудзіла незалежнаму журналісту Кастусю Мардзьвінцаву. Працэс над журналістам судзьдзя зрабіла закрытым, не пусьціўшы прысутных у свой кабінэт. А на просьбы перайсьці ў залю адказвала: «Мне гэта ня трэба». Ня выправіў сытуацыю і зварот да старшыні суду.
15 сутак арышту актывісту з Гарадка Леаніду Аўтухову, затрыманаму 25 сакавіка, прысудзіў судзьдзя Ігар Макарэвіч. Ён жа асудзіў на 13-суткавы арышт Улада Камароўскага — хлопца, які ня мае дачыненьня да ніводнай апазыцыйнай структуры і на акцыю да Дня Волі прыйшоў з уласнай ахвоты.
На 12 сутак арышту асуджаны актывіст руху «За свабоду» Хрыстафор Жаляпаў, які спрабаваў пазьбегнуць затрыманьня 25 сакавіка, аднак быў затрыманы раніцай 26-га. Асудзіў актывіста судзьдзя Сяргей Будрэвіч.
Пакараньне 10 суткамі арышту судзьдзя Валянціна Міхасёва прызначыла для незалежнага журналіста, жыхара Воршы Арцёма Сізінцава. За яго перажывала, мабыць, найбольш прысутных: на суд прыехалі маці і сястра, а таксама некалькі сяброў.
Судовы разбор яшчэ чакае праваабаронцу Паўла Левінава. Цяпер Левінаў у кардыялягічным аддзяленьні шпіталя, куды яго даставілі з ізалятара часовага ўтрыманьня. Дата суду пакуль не прызначана.
Позву ў суд мусіць атрымаць і аршанскі актывіст Ігар Казьмярчак. 26 сакавіка яго затрымалі на цэнтральнай плошчы ў Воршы, аднак пратакол склалі за прысутнасьць на акцыі, якая адбылася яшчэ два тыдні таму — за «Марш недармаедаў» 12 сакавіка.