У сталічнай міліцыі і КДБ, куды зьвярталася Марына Адамовіч, у тым ліку ўвечары 25 сакавіка, зьвестак пра знаходжаньне ў гэтых установах Мікалая Статкевіча не прадаставілі. У панядзелак, 27 сакавіка, Марына Адамовіч зьбіраецца падаваць у міліцыю заяву аб зьнікненьні чалавека, але пакуль схіляецца да таго, што яе мужа трымаюць недзе ў КДБ.
«Калі шчыра, для мяне цяпер, калі Міколу трымаюць у КДБ, гэта лепшы варыянт. Гэтую ноч ужо ня спала, вельмі за яго перажываю», — кажа Марына Адамовіч.
Карэспандэнт Свабоды пацікавіўся ў жонкі апазыцыянэра інфармацыяй пра чалавека, якога беларускае тэлебачаньне называе «кіроўцам Статкевіча» па прозьвішчы Кунцэвіч. Ці гэта сапраўдны чалавек і ці быў ён кіроўцам яе мужа?
«Сяргей Кунцэвіч — сябра аргкамітэту БСДП НГ ( Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі „Народная грамада“), але ён ніколі кіроўцам Мікалая ня быў, бо ў мужа ніколі не было кіроўцы. Магчыма, што ён мог яго кудысьці падвозіць, але ня больш за тое. Зьвесткі зь сюжэту, які паказалі пра Кунцэвіча, трэба спраўджваць. Наколькі памятаю, у яго маленькі „сітраен“, і гэта не супярэчыць зьвесткам зь тэлесюжэту».
Таксама Марына Адамовіч прыгадала, як увечары 25 сакавіка ў пошуках мужа наведвала будынак КДБ:
«Зьдзівіла, як там працавалі „патаемна“: звонку нібыта ўсё ціха, сьвятло ў вокнах пагашанае, а ўнутр шмат аўтамабіляў туды-сюды заяжджае, добра апранутыя супрацоўнікі заходзяць і выходзяць. Праца кіпіць! Усё ж, мяркую, Мікалая недзе там трымаюць».
Раніцай 26 сакавіка тэлефон упраўленьня грамадзкіх сувязяў КДБ не адказваў. Не паднялі слухаўку і ў прэсавай службе МУС.