Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«25 сакавіка пайду за Статкевічам, каб бараніць людзей ад правакацый», — Пальчэўскі


Сябра «Маладога Фронту» і абаронца Курапатаў Сяргей Пальчэўскі кажа, што 25 сакавіка пойдзе на акцыю ў складзе дружыны спартова-патрыятычнага клюбу «Ваяр», каб бараніць акцыю ад правакацый.

Пальчэўскі лічыць, што на плошчы Незалежнасьці, куды зьбіраецца весьці шэсьце Мікола Статкевіч, верагоднасьць правакацый высокая.

— Сяргей, што 25 сакавіка азначае для вас?

— Гэта сьвята, гэта дзень незалежнасьці Беларусі. Прынамсі, я лічу 25 сакавіка днём незалежнасьці. Таму што ў гэты дзень адбылося абвяшчэньне Беларускай Народнай Рэспублікі, першай беларускай дзяржавы.

— Як вы будзеце адзначаць 25 сакавіка сёлета?

— Я пайду на плошчу, буду ўдзельнічаць у шэсьці. Увечары, калі мяне не затрымаюць, адзначу ў кавярні. Гэта ж сьвяточны дзень. Мне ўвогуле не падабаецца, што сёлета на Дзень Волі заклікаюць і «недармаедаў», тых, хто супраць эканамічнай палітыкі Беларусі. Мне здаецца, гэтыя акцыі трэба разьмяжоўваць. Я асабіста іду ня супраць дэкрэту № 3, а каб адзначыць дзень незалежнасьці.

— Чаму ў гэтым годзе 25 сакавіка выклікае сур’ёзныя супярэчаньні сярод лідэраў апазыцыі?

— Я не лічу, што тут нейкая асаблівая сытуацыя. Гэтыя супярэчаньні былі заўсёды. Летась таксама былі два розныя маршруты: Статкевіч вёў шэсьце ад сквэру Янкі Купалы да плошчы Якуба Коласа, у гэты ж час іншыя лідэры зьбіраліся каля Акадэміі навук і ішлі ў бок плошчы Бангалор.

— Вы па якім маршруце пойдзеце?

— Я пайду туды, куды скажа Статкевіч, куды ён павядзе. Ён для мяне найбольш аўтарытэтны палітык і лідэр. Ён сказаў, што павядзе шэсьце на плошчу Незалежнасьці. Тут яшчэ такая справа, што я як сябра спартова-патрыятычнага клюбу «Ваяр» буду ўваходзіць у дружыну. Нашай мэтай будзе бараніць народ ад правакацый. Мы павінны быць там, дзе правакацыі найбольш магчымыя. А найбольш магчымыя яны акурат на плошчы Незалежнасьці.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG