Лідэр «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч у гутарцы са Свабодай станоўча ацаніў пляны Міколы Статкевіча, якія датычацца шэсьця на 25 сакавіка. Ён падкрэсьлівае: на акцыях да Дня Волі пастаянна гучаць сацыяльныя тэмы, таму тэма «дармаедаў» там будзе дарэчнай.
«Мы ідзём сьвяткаваць 99-ю гадавіну абвяшчэньня БНР. Тое, што акцыя носіць нейкае сацыяльнае адценьне, ня бачу ў гэтым ніякай праблемы. Акцыі на Дзень Волі заўсёды насілі нейкае адценьне: ці палітычнае пасьля нейкіх рэпрэсіяў і зачыстак, ці праўкраінскае, калі гэта было пасьля анэксіі Крыму. У грамадзтве ёсьць настроі, якія адпавядаюць тым ці іншым падзеям, няма нічога кепскага ў тым, што сьвяточнае мерапрыемства носіць такое адценьне, якое з тых ці іншых акалічнасьцяў стварылася.
„Хлеба, солі, зямлі, волі!“ — купалаўскі покліч быў сто гадоў таму, ён актуальны і цяпер. Ён і сацыяльны, і палітычны, і нацыянальны».
Тыя пляны Статкевіча раскрытыкаваў лідэр «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў: маўляў, паглядзець, колькі людзей прыйдзе, а пасьля вырашаць — гэта ня плян, а ад Статкевіча ён не пачуў, як гарантаваць бясьпеку ўдзельнікаў шэсьця.
На пытаньне пра выказваньне Дзьмітрыева Дашкевіч абураецца:
«Калі Дзьмітрыеў можа гарантаваць бясьпеку ў беларускай дзяржаве, няхай тады дамовіцца з тымі куратарамі, зь якімі яны сустракаюцца, і гарантуе бясьпеку».