Адміністрацыя Чыгуначнага раёну Віцебску адмовіла ў заяўцы на правядзеньне мітынгу 25 сакавіка. Адмову атрымаў сябар КХП БНФ Ян Дзяржаўцаў.
Актывіст падкрэсьлівае, што дазволу пыталіся з мэтаю правесьці ўрачыстую імпрэзу ў вызначаным уладамі месцы:
«Мы хацелі павіншаваць віцяблянаў з угодкамі БНР падчас мітынгу, які плянаваўся з 14-й да 16-й гадзіны. І атрымалі ўжо звыклую забарону. Ужо 8 гадоў мясцовыя ўлады не дазваляюць актывістам аніякіх масавых імпрэзаў, спасылаючыся на рашэньне Віцебскага гарвыканкаму ад 10 ліпеня 2009 г. У гэтым рашэньні № 881 „Аб масавых мерапрыемствах у г. Віцебску“ сфармуляваны невыканальныя для заяўнікаў умовы — каб да заяўкі на акцыю прыкладаць папярэдне заключаныя дамовы на абслугоўваньне імпрэзы з гарадзкой паліклінікай, прадпрыемствам ЖКГ і абласным міліцэйскім упраўленьнем. Аднак гэтыя службы, апрача хіба што камунальнікаў, ад папярэдніх дамоваў ухіляюцца. Мэдыкі адмаўляюцца ў прынцыпе, спасылаючыся на загружанасьць, а міліцыя абяцае разгледзець пытаньне, калі будзе атрыманы дазвол ад уладаў».
Абласное ўпраўленьне МУС спасылаецца на закон «Аб масавых мерапрыемствах», які не прадпісвае аніякіх папярэдніх дамоваў. Але гарвыканкам у 2009 годзе «ўдасканаліў» заканадаўства на свой капыл. Таму напярэдадні сёлетняга Дня Волі па дамовы з адказнымі службамі ніхто ўжо не зьвяртаўся, гаворыць Ян Дзяржаўцаў:
«Па дамовы мы не зьвярталіся. І заяўку падавалі, не спадзеючыся на дазвол. Толькі каб пераканацца, што нічога не зьмянілася. Вядома, кволая надзея была — у Менску ж вулічныя акцыі дазваляюць. Аднак у Віцебску забараняюць па-ранейшаму».
Невядома чаму, але віцебскія ўлады днямі вырашылі нагадаць, што ў горадзе вызначаны ажно тры месцы для правядзеньня масавых акцыяў. На сайце гарвыканкаму пералічаны тыя тры аддаленыя ад цэнтру паркі, у тым ліку і Парк культуры і адпачынку чыгуначнікаў, дзе не дазволілі правесьці мітынг актывістам КХП БНФ. Пра невыканальныя для заяўнікаў умовы атрыманьня дазволу віцебскія ўлады не згадалі.
У Віцебску таксама забаранілі шэсьце на Дзень Волі, якое заяўлялі партыя БНФ і рух «За свабоду». Віцебскі аблвыканкам адмовіў шэсьце па некалькіх раёнах гораду і мітынг на плошчы Леніна. З аблвыканкаму адказалі, што меркаваны маршрут «не адпавядае патрабаваньням, выкладеным у законе аб масавых мерапрыемствах»: месцы, дзе плянуецца акцыя, знаходзяцца менш як за 200 метраў ад падземнага пераходу і будынку тэлерадыёкампаніі «Віцебск», а таксама не ўваходзяць у лік вызначаных раённымі ўладамі для мітынгаў.