Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня стане вядома, ці адклічуць заяўку на Дзень Волі ў Менску


Дзень волі — 2016 у Менску
Дзень волі — 2016 у Менску

20 сакавіка а 17.00 заяўнікаў шэсьця на Дзень Волі выклікаюць у Менгарвыканакам, каб паведаміць, ці дазваляюць гарадзкія ўлады акцыю і якім маршрутам.

Арганізатары просяць дазволу на акцыю 25 сакавіка ў наступным фармаце: збор удзельнікаў а 14.00 на пляцоўцы каля Акадэміі навук і шэсьце праспэктам Незалежнасьці да парку Янкі Купалы. Мітынгу не плянуецца, каб ня даць уладам падстаў адправіць шэсьце на плошчу Бангалор.

Зьміцер Касьпяровіч, які падпісаў заяўку ад Партыі БНФ, не выключае, што заяўнікі адмовяцца ад сваёй заяўкі на правядзеньне Дня Волі. Адбыцца гэта можа, калі прапанаваны ўладамі маршрут не задаволіць аргкамітэт сьвяткаваньня 25 Сакавіка.

Яшчэ адзін з заяўнікаў, прадстаўнік БХД Дзяніс Садоўскі, тлумачыць: ці адмовяцца заяўнікі ад арганізацыі вулічнай акцыі, будзе залежаць не ад Міколы Статкевіча, які сказаў, што гатовы ўзначаліць акцыю 25 сакавіка і павядзе шэсьце да плошчы Незалежнасьці, а ад фармату акцыі, якую дазволіць Менгарвыканкам.

«Сёньня ўладамі Менску будзе дадзены адказ на заяўку, якую мы падавалі на правядзеньне шэсьця 25 сакавіка. Пасьля атрыманьня адказу ад Менгарвыканкаму адбудзецца сход аргкамітэту сяьвяткаваньня Дня Волі, дзе будзем абмяркоўваць свае далейшыя дзеяньні. Калі Менгарвыканкам забароніць акцыю ці дазволіць шэсьце на Бангалор, мы будзем разглядаць варыянт адмовы ад заяўкі», — сказаў Садоўскі Свабодзе.

Лідэр Беларускага нацыянальнага кангрэсу Мікалай Статкевіч, які не ўваходзіць у аргкамітэт сьвяткаваньня Дня Волі, таксама заклікае на акцыю 25 сакавіка. Ён прапануе а 14.00 сабрацца каля Акадэміі навук і ісьці шэсьцем да плошчы Незалежнасьці, дзе «ўдзельнікі акцыі прымуць рашэньне, які фармат пратэстаў будзе далей».

17 сакавіка адбыліся перамовы паміж Статкевічам і аргкамітэтам. Дамовіцца пра супольны маршрут не атрымалася. Раней Статкевіч заяўляў, што бярэ на сябе адказнасьць за правядзеньне акцыі 25 сакавіка і лічыць, што ў яго дастаткова досьведу для гэтага.

Подпісы пад заяўкай на правядзеньне шэсьця 25 сакавіка паставілі прадстаўнікі руху «За свабоду» (Аляксандар Русевіч), аргкамітэту партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» (Дзяніс Садоўскі), Абʼяднанай грамадзянскай партыі (Ягор Віняцкі), Партыі БНФ (Зьміцер Касьпяровіч), і руху салідарнасьці «Разам» (Аляксандар Макаў).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG