Ларыёнаву 12 сутак, маску не знайшлі.
Марына Дубіна — 14 сутак адміністрацыйнага арышту
У Першамайскім раёне асуджаная Марына Дубіна, затрыманая да пачатку акцыі на вуліцы Сурганава. Яна атрымала 14 сутак. Сяргей Маскалёў, сьведка-АМАПавец, які затрымліваў Дубіну: «Груба лаялася, крычала, упіралася ў зямлю, падала». На пытаньне, дзе гэта адбывалася, называе адрас пр. Незалежнасьці, 66.
У той жа час Дубіна казала, што яе затрымлівалі на вуліцы Сурганава.
Суд адхіліў хадайніцтвы Марыны Дубінай аб праглядзе запісаў зь відэарэгістратараў у аўтамабілі і пры затрыманьні — маўляў, яны толькі для службовага карыстаньня.
«Рухаўся ў калёне з маскай на твары» ці «ішоў па справах, сеў у тралейбус»? Маска згубілася
Судзьдзя Валер Есьман судзіць студэнта Уладзімера Ларыёнава, затрыманага разам з анархістамі 15 сакавіка ў Менску.
Ларыёнаў заявіў, што нават копію пратаколу яму не паказвалі, папрасіў азнаёміцца з матэрыяламі справы. Судзьдзя прадставіў такую магчымасьць.
Абвінавачаны не прызнаў віны, сказаў, што ня быў на акцыі, апынуўся ў раёне вуліцы Сурганава па справах, бачыў там людзей са сьцягамі. Сеў на прыпынку ў тралейбус, каб ехаць на Нямігу, яму трэба было адвезьці дакумэнты. Раптам у тралейбус уварваліся людзі ў цывільным і пачалі выцягваць пасажыраў, у тым ліку і яго. Ён лічыць, што нічога не парушаў і яго незаконна спрабуюць прыцягнуць да адказнасьці.
Суд выклікаў сьведак. Першы сьведка — Захар Тарасевіч, міліцыянт менскага АМАПу. Пра Ларыёнава Тарасевіч сказаў, што 15 сакавіка затрымліваў яго пасьля «маршу недармаедаў».
«Там была група ў масках, іх папярэджвалі, што ў масках нельга. Але яны не адрэагавалі, таму іх пасьля акцыі затрымалі. Яны спрабавалі ўцячы. Ларыёнаў рухаўся ў калёне таксама ў масцы на твары. Іх усю групоўку папярэджвалі. Яны адпіхваліся рукамі. Непасрэдна Ларыёнава я затрымліваў: ім прапаноўвалі, але яны адмаўляліся».
Ларыонаў спытаў, дзе ж мая маска: «Вы ж кажаце, што мяне затрымалі з маскай, і дзе яна? У пратаколе затрыманьня ці дзе?». Сьведка ня змог адказаць.
Другі сьведка-міліцыянт кажа, што затрымліваў Ларыёнава пасьля шэсьця, што той не падпарадкаваўся законным патрабаваньням зьняць з твару маску. Ларыёнава, кажа міліцыянт, затрымалі каля дома №36 па праспэкце Машэрава: «Размахваў рукамі, аказваў супраціў, крычаў».
– А ў шэсьці ён браў удзел?
– Так. Яны ішлі і не рэагавалі.
Судзьдзя спытаў, якога колеру была маска. Міліцыянт сказаў «чорная». Затрыманы на гэта адказаў, што яго затрымліваў іншы чалавек, а гэтага сьведку ён упершыню бачыць.
Васіль Аўчарэнка — 14 сутак адміністрацыйнага арышту.
Відэа яшчэ аднаго затрыманьня 15 сакавіка. Каля мэтро «Аўтазаводзкая»
Яшчэ аднаго хлопца, імя якога невядома, затрымалі каля мэтро «Аўтазаводзкая» 15 сакавіка.
«Затрыманьне адбылося а 19.59. Да яго падышоў адзін ў цывільным і спрабаваў вывесьці хлопца з прыпынка. Хлопец пачаў зваць на дапамогу. Паспрабавалі яго абараніць, адразу падышоў яшчэ адзін у цывільным. На патрабаваньне паказаць дакумэнты, паказалі пасьведчаньне супрацоўніка. Як сказалі, затрымліваюць для высьвятленьня асобы», — паведаміў Свабодзе аўтар відэа затрыманьня.
Алене Дубовік — 12 сутак
Дубовік сказала пра прысуд: «Усе зразумела. Дзякуй за магчымасьць пагаладаць». Раней затрыманая папярэдзіла, што абвесьціць галадоўку.
Алена Немік асуджаная на 13 сутак адміністрацыйнага арышту.
«Давяраеце суду?» — «Ня будзем зацягваць працэс»
Алена Дубовік перад судом распавяла, што затрыманых у Менску 15 сакавіка ў міліцэйскіх бусах «моцна білі, што ў трох сінякі пад вачыма», а яе саму «моцна пацягалі за вопратку». Дубовік пасьпела замовіць адваката, суд пагадзіўся.
На пытаньне судзьдзі Валера Есьмана, ці давярае Дубовік суду, тая адказала: «Ня будзем зацягваць працэс».
Паводле пратаколу, Дубовік «хавала твар пад маскай» падчас шэсьця і адмовілася выконваць патрабаваньне супрацоўніка МУС зьняць маску, чым аказала непадпарадкаваньне.
Дубовік віну не прызнала і адмовілася даваць паказаньні. Сказала адносна пратаколу, што «там усё напісана пад капірку і недакладна».
Сьведка-міліцыянт Манахаў распавёў суду, што Дубовік ішла падчас шэсьця ў масцы на твары. «На заўвагі не рэагавала, маску не зьняла». Ён заяўляе, што асабіста зьвяртаўся да шэрагу ўдзельнікаў шэсьця ў масках.
У суд прыйшоў і другі сьведка, які таксама быў другім сьведкам на судзе над Аленай Немік. Назваў прозьвішча — Торык, імя не было чуваць. Сказаў, што ўдзельнікам шэсьця ў масках на тварах міліцыянты казалі, што гэта парушэньне і маскі трэба зьняць, але тыя не падпарадкаваліся. Пры затрыманьні Дубовік у тралейбусе яна, паводле сьледкі-міліцыянта, адмаўлялася сама выходзіць, крычала, аказвала супраціў, хаця была папярэджаная. З тралейбуса яе выводзілі гвалтам.
Адвакат Алены Дубовік распытвае сьведку-міліцыянтаў. Пасьведчаньне, сказаў міліцыянт, ён Дубовік не паказваў: «паказваў мой напарнік». Якая была маска дакладна на твары Дубовік, сьведка не памятае, «бо шмат было затрыманых, не лічыў». Дзе менавіта ў тралейбусе знаходзілася Дубовік, ён згадаць не змог: «яны там усе рухаліся». Ён заявіў, што і ў тралейбусе прасіў у Дубовік зьняць маску, але яна не падпарадкавалася. Дзе дакладна, у якім месцы тралейбуса гэта было, не сказаў: «не магу згадаць».
— А чаму вы прасілі ў Дубовік зьняць маску ў тралейбусе? Шэсьця ж тады ўжо не было.
— Бо я быў упэўнены, што гэта яна ўдзельнічала ў шэсьці ў масцы. Раней, адразу пасьля шэсьця, мы спрабавалі яе затрымаць, але тады яна зьехала. Яе дагналі на наступным прыпынку.
— Якім чынам?
— Спынілі на службовым аўтатранспарце. Селі ў службовае аўто, дагналі тралейбус, спынілі і затрымалі.
На пытаньне Дубовік, якога колеру была ў яе маска, сьведка сказаў, што ня памятае. Але апісаў яе зьнешні выгляд, які нібыта падказаў, што гэта была яна: «Ваш рост, маска, адзеньне, заплечнік у вас быў, здаецца, з памаранчавым колерам». Дэталяў затрыманьня сьведка не назваў.
Алена Дубовік адказала:
— Тады вы хлусіце.
— Не, я проста не магу памятаць такіх дэталяў.
Дубовік просіць сьведку-міліцыянта патлумачыць, як аказалася, што ў яе сьпіна і заплечнік заплямленыя брудам — паводле затрыманай, яе павалілі на зямлю пры затрыманьні і цягнулі гэтак у міліцэйскае аўто. Міліцыянт жа кажа, што гэтага не можа патлумачыць, бо ня памятае такога.
Паводле адваката, абодва сьведкі ня могуць даваць зразумелых тлумачэньняў адносна справы, бо іх паказаньні розьняцца і супярэчаць адзін аднаму. Таксама ніводны сьведка не можа нават апісаць маску, якая нібыта была на твары Дубовік, кажа адвакат, а гэта прынцыпова. Паводле адваката, ня выяўленыя абставіны адміністрацыйнага здарэньня — і таму справу Алены Дубовік трэба спыніць.
Дубовік назвала суд «цыркам» і сказала, што калі яе асудзяць, яна абвесьціць галадоўку.
Аўтазакі ля суду Цэнтральнага раёну
У Магілёўскім ізалятары трымаюць чалавека з паламанымі рукамі
У Канстанціна Чарнова, якога ўтрымліваюць у зьняволеньні за ўдзел у магілёўскім Маршы недармаедаў, зламаныя абедзьве рукі.
З гэтымі траўмамі ён прыйшоў на акцыю пратэсту. Паводле маці, Канстанцін абмежаваны ў рухах. Яму складана самастойна есьці і глядзець сябе. Жанчына выказала Свабодзе свой непакой, што сыну не аказваюць ў няволі належную мэдыцынскую дапамогу.
Чакаецца, што Канстанціна прывязуць на суд за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі.
Арцём Маркін — 12 сутак.
Расклад судоў над удзельнікамі акцыі недармаедаў і журналістамі ў Магілёве.
Арцём Салавей асуджаны на 14 сутак.
Малюковай Аксане — 13 сутак.
Алена Немік «выкрыквала антыдзяржаўныя лёзунгі». Сьведка: на судзе ня той міліцыянт, які затрымліваў
Другі сьведка ў справе Алены Немік, які быў напарнікам Манахава (сваё імя і прозьвішча назваў неразборліва), заявіў: «Затрыманая была ў павязцы на твары, на нашы патрабаваньні зьняць павязку не рэагавала».
«Яны таксама выкрыквалі антыдзяржаўныя лёзунгі, а гэтая грамадзянка паводзіла сябе вельмі актыўна, крычала і размахвала рукамі. Гэта працягвалася і на прыпынку каля плошчы Бангалор. А потым, калі мы іх папрасілі выйсьці з тралейбусу, яны адмаўляліся, чапляліся за поручні. Тады адносна іх была ўжытая фізычная сіла», – заявіў міліцыянт.
Паводле яго, Немік аказвала супраціў, калі яе выводзілі з тралейбусу. На пытаньне судзьдзі, ці хто аказваў ёй дапамогу, міліцыянт заявіў: «Не магу згадаць, тым была мітусьня, шмат людзей затрымлівалі».
Паводле сьведкі, калі Алену Немік выводзілі з тралейбусу, у яе на твары «яшчэ была маска».
Немік жа запрасіла ў якасьці сьведкі журналістку «Народнай волі» Любоў Лунёву. Суд задаволіў хадайніцтва. Сьведка распавяла пра затрыманьне Немік:
«Я зь іншымі журналістамі ехала ў наступным тралейбусе і на прыпынку мы выйшлі і ўбачылі, як некалькі міні-бусаў падрэзалі папярэдні тралейбус і пачаўся захоп маладых пасажыраў. Брутальна, за валасы цягнулі дзяўчын, патдетка білі ў пах, кагосьці цягнулі за ногі. Усе крычалі. Я даўно ў гэтай прафэсіі даўно, але не памятаю такога затрыманьня. Навошта было гэтак біць? Алена была на прыпынку, учапілася за маю куртку, але вось гэты міліцыянт яе схапіў і пацягнуў. Яна была ў паніцы, учапілася ў нас. Калі яна да нас падбегла, твар быў адкрыты, на ёй не было маскі і не было шаліка на плячах. Кіроўцы быў разгублены, бо на яго вачах такое адбывалася ў тралейбусе. Аднаму пасажыру, які проста ехаў, разьбілі галаву. Таму мы і падумалі, што і яна мала быць проста пасажырам».
Таксама, паводле Лунёвай, яна не чула, каб анархістаў папярэджвалі аб тым, каб яны зьнялі маскі з твараў.
Пасьля апытаньня сьведак судзьдзя зачытала матэрыялы справы. Паводле дакумэнту, Алена Немік закрывала твар маскай падчас шэсьця і не зьняла маску пасьля патрабаваньня міліцыі.
Лунёва вярнулася ў суд і сказала, што ўбачыла ў калідоры міліцыянта, які насамрэч затрымліваў Немік.
«А той сьведка, які сядзеў у зале і казаў, нібыта гэта быў ён, насамрэч яе не затрымліваў. Ёсьць і відэа, можна паглядзець», – патлумачыла сьведка. Судзьдзя на гэтую інфармацыю пакуль не адрэагавала, а працягнула зачытваць дакумэнту справы.
У матэрыялах справы пра вобшук і перапіс рэчаў: там няма маскі, але ёсьць шалік. «Бежавага колеру, з узорам», – патлумачыла Алена Немік на пытаньне судзьдзі.
Судзьдзя заявіла, што момант затрыманьня не ўваходзіць у межы справы, паколькі Немік інкрымінуецца толькі тое, што яна была ў масцы і не зьняла яе пасьля патрабаваньня.
Максім Курцоў — 12 сутак
У судзе Цэнтральнага раёну Менску вынесены вырак Максіму Курцову — 12 сутак арышту.
Арсеній Канаплеў — 13 сутак арышту
Суд Першамайскага раёну Менску вынес вырак Арсенію Канаплёву — 13 сутак.
Аповед затрыманага анархіста
Тэлеканал «Белсат» апублікаваў камэнтар аднаго з хлопцаў, які быў у ліку затрыманых анархістаў у Менску 15 сакавіка. Ян Мурашка — непаўнагадовы, таму яго адпусьцілі, калі па яго прыехалі бацькі. Ён сьцьвярджае, што міліцыянты ў мікрааўтобусе зьдзекаваліся з затрыманых.
Грамадзянін Расеі Маркаў атрымаў 15 сутак, абвясьціў галадоўку
У судзе Цэнтральнага раёну затрыманы ўчора грамадзянін Расеі Павал Маркаў атрымаў 15 сутак і абвясьціў галадоўку на знак пратэсту супраць незаконнага рашэньня. Вольгу Філіпаву і Лідзію Вярыгу пакаралі арыштам на 12 сутак.
Сьвятлане Серавокай — 14 сутак.